Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЦРУ МУСІЦЬ ПЕРАТВАРЫЦЦА Ў НАСТУПАЛЬНУЮ АРГАНІЗАЦЫЮ”


Сяргеем Шупа, Прага

За часы адміністрацыі Рэйгана Гэрбэрт Мэер быў адмысловым дараднікам дырэктара і віцэ-старшынём Нацыянальнай Выведнай Рады ЦРУ.

Відавочна, што тэрарыстычныя напады на Злучаныя Штаты 11 верасьня выявілі, сярод іншага, недахопы ў дзейнасьці выведных службаў. Аднак значна менш відавочна – як рэфармаваць і рэарганзіаваць выведныя службы Злучаных Штатаў, каб яны маглі дапамагчы адолець тэрарызм.

Шмат хто з дэпутатаў Кангрэсу ставіцца крытычна да Цэнтральнай Разьведнай Управы за тое, што яна не навэрбавала болей шпіёнаў. Іншыя вінавацяць сам Кангрэс, за тое, што ён недастаткова фінансуе ЦРУ. І хоць мець больш шпіёнаў і больш грошай не пашкодзіць, ні таго ні другога яшчэ ня будзе дастаткова. Галоўная прычына правалаў ЦРУ палягае у яе структуры і схеме дзеяньня, і пакуль яны ня зьменяцца, агенцтва ня будзе здольнае справіцца з задачамі цяперашняй барацьбы.

Кажучы прасьцей, ЦРУ мусіць быць ператвораная з абарончага агенцтва ў наступальнае. Каб зразумець розьніцу, варта зьвярнуць увагу на папярэдніка ЦРУ часоў Другой сусьветнай вайны – Бюро Стратэгічных Службаў (БСС). Створанае бліскучым і практычным нью-ёркскім юрыстам Уільямам Донаванам, БСС было яскравым зборам найлепшых розумаў краіны. Донаван набраў іх з Уол-Стрыту, сьвету карпарацыяў, акадэмічнага асяродзьдзя – дзе толькі мог знайсьці. Там былі адвакаты, адміністратары, фінансісты, эканамісты, пісьменьнікі і навукоўцы. Усім ім была ўласьцівая спэцыфічная яскравасьць, на якую часта не зважаюць у выведнай справе: здольнасьць пабачыць сыстэмнасьць за мінімальнай колькасьцю фактаў. Ім ня трэба было доўга думаць, каб зразумець, што двойчы два – чатыры, яны былі здольныя выказаць свае высновы дастаткова хутка і ясна, каб усё пачынала рухацца, пакуль ня будзе запозна.

Донаван даваў сваёй камандзе з БСС вельмі простыя загады: дакладна ўяўвіць сабе, як дзейнічае супраціўнік, і нанесьці сьмяротны ўдар. Для эгтага яны выкарыстоўвалі ня толькі свае мазгі, але й свае кантакты. Супрацоўнікі БСС асабіста ведалі банкіраў, буйных бізнэсоўцаў і навукоўцаў найвышэйшага ўзроўню ва ўсім сьвеце – такіх людзей, зь якімі звычайныя дзяржаўныя службоўцы ніколі й не сутыкаліся, а ня тое што былі знаёмыя і мелі нейкія справы. Да такіх людзей яны маглі зьвярнуцца па параду або па незаўважную дапамогу. Гэта была каманда, якая ўмела цьвёрда патрабаваць, упарта працаваць, а калі трэба – дык і добра выпіць.

З апавяданьняў вэтэранаў, якія апісвалі атмасфэру працы ў Бюро, яно выглядала больш як шпітальная брыгада хуткай дапамогі, чым страхавая кампанія. Самога Донавана за вочы называлі «Дзікі Біл», прычын не заўсёды ў якасьці камплімэнту.

Калі вайна скончылася, Кангрэс пасьпяшаўся распусьціць БСС. Заканадаўцы палічылі, што Бюро было занадта непадкантрольнае, каб цярпець яго ў мірным часе. Толькі калі Амэрыка адчула, што яна знаходзіцца ў стане Халоднай Вайны з Савецкім Саюзам, было вырашана стварыць ЦРУ. Аднак у адрозьненьне ад папярэдніка, ЦРУ была сплянаваная як абарончае выведнае агенцтва. Бо й нацыянальная мэта Злучаных Штатаў палягала тады ў тым, каб «не прайграць» Халодную Вайну – неяк стрымаць Савецкі Саюз і ня даць яму выйграць. Такім чынам, місіяй ЦРУ стала сачыць, аналізаваць, пісаць справаздачы, і часам праводзіць апэрацыі, каб ня даць саветам нешта зрабіць.

Прэзыдэнт Рэйган зьмяніў мэту Злучаных Штатаў – замест «не прайграць» Халодную Вайну цяпер трэба было яе выйграць. З гэтай мэтай ён прызначыў дырэктарам Цэнтральнай Разьведнай Управы пратэжэ кіраўніка БСС Уільяма Донавана – яшчэ аднаго нью-ёркскага юрыста і яшчэ аднаго Уільяма – гэтым разам Кейсі. Біл Кейсі зразумеў, што нельга гуляць у атацы з камандай, разьлічанай на абарону. Ягонае рашэньне палягала не ў рэформе ЦРУ, а ў стварэньні ўнутры яе нечага накшталт новага «БСС».

Як і ягоны ідэал Донаван, Кейсі абшукаў сьвет вялікіх карпарацыяў, Уол-Стрыт, акадэмічныя колы і пазнаходзіў патрэбных людзей – тых, хто хутка думае, можа пабачыць сыстэмнасьць за мінімальнай колькасьцю фактаў, пераканаць любога ў слушнасьці сваёй пазыцыі і нанесьці ворагу сьмяротны ўдар. Гэта былі людзі, чыё кола знаёмстваў і сувязяў ЦРУ не магло нават і сніць. Біл нават запрасіў да супрацоўніцтва пару старых вэтэранаў з БСС, і кантраст паміж імі і ўсім астатнім штатам ЦРУ быў надзвычайны. Вядома, яны выглядалі відавочна старэйшымі, але яны былі нібы зробленыя зь іншага цеста. Яны ведалі сьцежкі да высокіх кабінэтаў ва ўсім сьвеце і з дапамогай розных магутных людзей яны маглі вырабляць такое, што звычайныя супрацоўнікі ЦРУ лічылі немагчымым. Яны належалі да прыватных клюбаў, увайсьці ў якія супрацоўнікам ЦРУ было не па кішэні і пра якія тыя найчасьцей нават ніколі й ня чулі. Калі ім у гаалву прыходзіла ідэя, на неадкладнае ажыцьцяўленьне якой ЦРУ ў этую самую хвіліну ня мела грошай, яны проста выпісвалі чэк са сваіх прыватных рахункаў.

Ад усяго гэтага Кангрэс проста вар’яцеў. Яны абзывалі Біла Кейсі каўбоем – або яшчэ й горай – і наракалі, што пад ягоным кіраўніцтвам ЦРУ зусім адбілася ад рук. Яны не маглі выносіць манеру, зь якой ён выступаў у Кангрэсе са справаздачамі, і цьвердзілі, што ён выказвае непавагу да Кангрэсу. У юрыдычным сэнсе гэтае абвінавачаньне ня мела сэнсу – Біл быў бліскучым юрыстам і таму ніколі б ня даўся сябе на гэтым злавіць. Аднак ён даўно ўжо пайшо з пасады, і таму сёньня можна спакойна сьцьвярджаць, што ў Злучаных Штатах было мала людзей, якія б не паважалі Кангрэс больш за Біла Кейсі.

Пакуль Кангрэс наракаў, «БСС» унутры ЦРУ энэргічна ўзялося за справу. Працуючы цалкам самастойна – часта зь неацэннай дапамогай тых першаклясных прафэсіяналаў ЦРУ, якія гадамі чакалі менавіта такога агрэсіўнага кіраўніцтва – каманда Кейсі ўдасканальвала аналіз, прымушала ўвесь астатні апарат нацыянальнай бясьпекі заўважаць тое, што яшчэ не пасьпелі заўважыць усе астатнія, і наносіла сьмяротныя ўдары ворагу. Яны завозілі зброю для змагароў за свабоду ва ўсім сьвеце, закідалі ў Савецкі Саюз забароненую Біблію, мінавалі парты ў Нікарагуа. Яны выяўлялі спосабы, якімі саветы спрабавалі выкрасьці тэхналягічныя таямніцы Злучаных Штатаў, і разбуралі іхныя пляны. Была выяўленая сувязь паміж плянамі пабудовы двух савецкіх газаправодаў у Заходнюю Эўропу і набліжэньнем у СССР эканамічнага крызысу. Белы Дом тады здолеў заблякаваць гэтыя пракеты, нанёсшы Маскве моцны фінансавы ўдар. І гэтак далей.

На той момант, калі Кейсі памёр літаральна за сваім працоўным сталом – у 1986 годзе – Савецкі Саюз ужо фактычна стаяў на каленях. Яшчэ праз пяць гадоў гэтая краіна перастала існаваць. Вядома ж, не ЦРУ выйграла Халодную вайну, як і не БСС выйграла Другую сусьветную. Аднак яна была значнай сілай у барацьбе за перамогу, бо яна стала наступальным, а не абарончым агенцтвам.

Па заканчэньні Халоднай вайны на працягу 90-х гадоў Цэнтральная Разьведная Ўправа спрабавала знайсьці для сябе новую ролю. Цэнтар увагі перамясьціўся ад Савецкага Саюзу на наркотыкі і тэрарызм. Аднак у сваёй сутнасьці яна зноў вярнулася на абарончыя пазыцыі. І, магчыма, слушна, бо кіраўніцтва краіны ня мела мэтаў, якія б патрабавалі наступу.

Прэзыдэнт Буш даў ясна зразумець, што ў вайне супраць тэрарызму Злучаныя Штаты зоймуць наступальную пазыцыю. Гэта азначае, што зьмяніць пазыцыю мусіць і ЦРУ. Кажучы яшчэ дакладней, яна мусіць вярнуцца да падыходаў Кейсі і зноў стварыць унутры сябе нешта накшталт БСС – Бюро Стратэгічных Службаў. І тут на першы плян выступаюць дзьве спэцыфічныя задачы:

Па-першае, відавочна, што тэрарыстычныя сеткі і дзяржавы, што іх падтрымваюць, абапіраюцца на вельмі складаныя фінансавыя апэрацыі. Дык вось, амэрыканскія фінансавыя геніі разумнейшыя за іхных фінансавых геніяў. Амэрыцы патрэбная каманда найразумнейшых фінансавых чарадзеяў з магутнымі сувязямі, каб выявіць – як працуе фінансавая сыстэма тэрарыстаў – і нанесьці па ёй сьмяротны ўдар. Калі падлучыць да працы над гэтым найлепшых людзей, дык неўзабаве Усама бін Лядэн ня будзе мець за што паабедаць, ня кажучы ўжо пра дарагія пляны тэрарыстычных нападаў.

Па-другое, тэрарыстычныя сеткі і дзяржавы, што іх падтрымваюць, у вельмі значнай ступені абапіраюцца на кампутарныя сродкі камунікацыі. Зноў жа, амэрыканскія кампутарныя геніі – асабліва тыя, хто працуе незалежна ад афіцыйных уладаў – лепшыя за іхных, тэрарыстаў. Трэба сабраць як мага мацнейшую каманду, якія б падарвалі камунікацыйныя магчымасьці тэрарыстаў або ня далі б іх камунікавацца незаўважна.

Стварыць унутры ЦРУ новае БСС, або, іншымі словамі, рэарганізаваўшы ЦРУ у наступальнае агенцтва цяпер было б яшчэ й лягчэй, чым за часы Рэйганавай адміністрацыі. Атручаныя недаверам дачыненьні паміж выканаўчай уладай і Кангрэсам у тыя часы і нават да 11 верасьня, цяпер істотна палепшыліся. І ўсё ж адміністрацыя мусіць выявіць больш, чым калі раней, жаданьня дзяліцца выведнай інфармацыяй з Кангрэсам. Кангрэсмэны мусяць патрабаваць гэтага ў якасьці цаны за згоду ператварыць ЦРУ у наступальнае агенцтва, і тут ёсьць за што заплаціць. Разам з тым, Кангрэс ня можа не разумець, што кантроль над наступальнай ЦРУ – справа непрыемная і часам нават невыносная. Кангрэсмэны мусяць перастаць быць такімі капрысьлівымі і пераборлівымі, і ня страчваць дух кожны раз калі нешта выходзіць ня так.

Ператварэньне ЦРУ у наступальнае агенцтва само па сабе яшчэ не азначае перамогі над тэрарызмам. Аднак гэта значна наблізіць такую перамогу, і чым раней гэта адбудзецца, тым лепей.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG