Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ МУЗЫЧНАЯ АЛЬТЭРНАТЫВА ВЫПУСЬЦІЛА АЛЬБОМ СЯРЖУКА СОКАЛАВА-ВОЮША


Юрась Барысевіч, Менск

Беларуская Музычная Альтэрнатыва выпусьціла альбом легендарнага барда Сяржука Сокалава-Воюша “Нефармальны беларус”. Альбом выйшаў у сэрыі “Беларускі музычны архіў”, дзе ўжо пабачылі сьвет запісы клясыка опэрнага вакалу Міхася Забэйды-Суміцкага. Прэзэнтацыя альбому з удзелам аўтара пройдзе 1 лістапада ў Доме культуры Беларускага таварыства глухіх. Плянуюць, што гэты першы за 10 гадоў канцэрт Сокалава-Воюша на радзіме будзе запісаны ў live-фармаце і неўзабаве таксама выйдзе кампакт-дыскам і касэтай.

Творчае аб’яднаньне “Белвідэацэнтар” выпусьціла дакумэнтальную стужку “Натальля й Георгі”, прысьвечаную мастакам-графікам пакаленьня шасьцідзясятнікаў Натальлі й Георгію Паплаўскім. Абодвум мастакам сёлета споўнілася 70 гадоў. Ілюстрацыі Паплаўскіх аздабляюць многія выданьні літаратурнае клясыкі й народных казак, музэйныя творы люструюць злачынствы нацыстаў у Беларусі. Зьняла гэты фільм рэжысэрка Валерыя Скварцова.

Каля 200 кніг, а таксама графічныя творы на тэму казаскага эпасу складаюць выставу, прысьвечаную 10-м угодкам незалежнасьці Казахстану. У адкрыцьці гэтай выставы ў галерэі Нацыянальнае бібліятэкі Беларусі ўзяў удзел амбасадар Казахстану Ўладзімер Алесін. Паводле ягоных словаў, для казахстанскага ўраду патрэбы нацыянальнае культуры — найпершы клопат. Прынамсі, летась дзяржава ўклала ў гэтую галіну 100 мільёнаў даляраў.

23 кастрычніка ў касьцёле Сьвятога Роха пачнецца фэстываль Тэатральна-канцэртнага аб’яднаньня “Беларуская капэла”. Фэстывальную праграму складаюць адроджаныя творы старадаўняе беларускае музыкі, “рэпатрыяваныя” творы Манюшкі, Агінскага ды іншых славутых землякоў, а таксама прэм’ерныя канцэрты сучасных кампазытараў. “Разынкаю” фэстывалю мае стацца канцэрт “Званы старое казкі” паводле вакальных твораў Шумана, Шубэрта й Брамса, тэксты якіх ператлумачыў па-беларуску Васіль Сёмуха. Менская філія Інстытуту Гётэ мяркуе выдаць гэтыя 116 песень асобнай кнігай.

У Музэі сучаснага мастацтва праходзіць выстава твораў магілёўскага скульптара Андрэя Вераб'ёва “Маска на кожны дзень”. Аўтар выставіў больш як 30 гіпсавых, бронзавых, керамічных аўтапартрэтаў. Сярод іх — галовы ў выглядзе збана, калюмны, гадзіньніку, стосу масак. Стварыць сэрыю дзіўных аўтапартрэтаў Вераб'ёва натхніла няўпэўненасьць у існаваньні ня толькі самога сябе, але і ўсёй беларускай інтэлігенцыі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG