Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФУКУЯМА СУПРАЦЬ ГАНТЫНГТАНА – КАНЕЦ ГІСТОРЫІ ЦІ КАНФЛІКТ ЦЫВІЛІЗАЦЫЯЎ?


Сяргей Шупа, Прага

На гэтым тыдні ў Празе адбывалася апошняе, пятае зь ліку гадавое паседжаньне канфэрэнцыі «Форум-2000», якая дае магчымасьць найбольш яскравым інтэлектуалам і палітыкам з розных культур і кантынэнтаў абмеркаваць найбольш надзённыя праблемы сьвету. Галоўнай тэмай сёлетняй канфэрэнцыі былі правы чалавека і пошукі глябальнай адказнасьці. Гэтая тэма была вельмі актуальная ў сьвятле апошніх трагічных падзеяў у сьвеце. Гасьцямі Форуму-2000 сёлета былі гісторык Тыматы Гартан-Эш, былыя прэзыдэнты Арпад Гёнц, Біл Клінтан і Фрэдэрык дэ Клерк, пісьменьнік Ёстэйн Гордэр, праваабаронцы Адам Міхнік, Ёахім Гаўк і Сяргей Кавалёў, іншыя дзеячы сьвету палітыкі, рэлігіі і культуры. Упершыню ў такім прэстыжным форуме браў удзел і прадстаўнік Беларусі – старшыня БНФ «Адраджэньне» Вінцук Вячорка.

Адным з найвыбітнейшых удзельнікаў сёлетняга форуму быў амэрыканскі палітоляг Фрэнсіс Фукуяма, які на пачатку 90-х гадоў стаўся вядомы дзякуючы сваёй кнізе «Канец гісторыі». У кнізе, напісанай у год падзеньня Бэрлінскай сьцяны, Фукуяма апісвае трыюмф лібэральнай дэмакратыі як адзінай усеагульна прымальнай формы ўлады. З падзеньнем камунізму і сканчэньнем Халоднай вайны сілы свабоды і ідэі адкрытага грамадзтва перамаглі марксызм зь яго спадчынай гвалтоўнага таталітарнага прыгнёту. На пачатку 90-х у заходнім сьвеце запанаваў такі аптымістычны настрой, што Фукуяма азначыў гэты пэрыяд як «канец гісторыі».

Аднак 90-я гады ў значнай ступеі разьвеялі гэты аптымізм. Войны ў Пэрсыдзкай затоцы, Югаславіі, крывавыя канфлікты ў іншых кутках плянэты зноў выклікалі міжнародны пэсымізм, які знайшоў сваё найярчэйшае выяўленьне ў працы амэрыканскага палітоляга Сэмюэла Гантынгтана «Канфлікт цывілізацыяў». Гантынгтан цьвердзіў, што разам з Халоднай вайною скончылася канкурэнцыя паміж паасобнымі нацыянальнымі дзяржавамі і распачалася эра канфліктаў паміж рознымі цывілізацыямі сьвету. Рэлігія, этнічныя карані і культурныя каштоўнасьці сталіся новымі крыніцамі глябальнага канфлікту, замяніўшы ў гэтым сэнсе эканоміку і палітычную ідэалёгію.

Здавалася б, трагічныя падзеі апошняга часу – тэрарыстычныя напады 11 верасьня і амэрыканская ваенная кампанія супраць талібаў і Усамы бін Лядэна, толькі пацьвердзілі тэзы Гантынгтана пра канфлікт цывілізацыяў. Аднак Фрэнсіс Фукуяма, які прысьвяціў гэтай тэме свой выступ на Форуме-2000, не зьбіраецца адмаўляцца ад сваёй пазыцыі. Цяперашні канфлікт ён не разглядае як вайну цывілізацыяў і, выступаючы на форуме, ён уступіў у завочную дыскусію з Сэмюэлам Гантынгтанам.

(Фукуяма: ) “Гісторыя – гэта ня толькі паасобныя падзеі. Гэта і агульная эвалюцыя грамадзтва ў кірунку да мадэрнізацыі. А мадэрнізацыя азначае ў палітычнай сфэры пашырэньне лібэральнай дэмакратыі, а ў эканамічнай – тэхналягічны капіталізм рынкавай арыентацыі. У 90-я гады гэта стала называцца працэсам глябалізацыі. Я лічу, што гэты працэс і надалей застаецца галоўнай рухаючай сілай у сусьветнай палітыцы. Сэмюэл Гантынгтан лічыць, што мы маем у сьвеце шэсьць або сем розных культурных зонаў, якія суіснуюць і часам канфліктуюць між сабою, аднак ніколі ня зьмешваюцца. Я лічу, што гэта ня так, бо ў сьвеце ёсьць адна пераважная тэндэнцыя, адна рухаючая сіла. Тое, што мы цяпер назіраем – гэта не канфлікт цывілізацыяў, гэта рэакцыя на тую пераважную тэндэнцыю з боку такіх сілаў, як Усама бін Лядэн. Аднак усё адно тая тэндэнцыя надалей будзе пераважаць, бо гэтай форме мадэрнізацыі дагэтуль янма ніякай відавочнай альтэрнатывы”.

Некаторыя крытыкі аптымістычнай тэорыі Фукуямы адзначаюць, што былі выпадкі, калі лібэральная дэмакратыя абарачалася няўдачай, як гэта абылося ў некаторых краінах Усходняй Эўропы ці на Балканах. Адказваючы на гэты закіды Фрэнсіс Фукуяма сказаў:

(Фукуяма: ) “Праблема тут у тым, што ў тых краінах ніколі не было лібэральнай дэмакратыі. Насамрэч там адбыліся няўдалыя спробы пераходу ад аўтарытарных дзяржаваў да лібэральных дэмакратыяў. Таму ёсьць такія краіны, як Беларусь або Украіна, якія пачалі трансфармаваць сваё камуністычнае мінулае, але замест таго, каб, як Чэхія або Польшча, стацца паўнавартаснымі лібэральнымі дэмакратыямі, яны здолелі збудаваць толькі паасобныя элемэнты, паасобныя інстытуцыі – яны маюць выбары, маюць канстытуцыю, але яны ня здолелі забясьпечыць індывідуальныя правы, на чале іх стаяць аўтарытарныя палітыкі, там высокі ўзровень карупцыі і г.д. Дык вось, гэта не была пабудова лібэральнай дэмакратыі, а толькі няўдалыя спробы пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратыі. Шмат якія з гэтых краінаў спыніліся на паў-дарозе. Безумоўна, ёсьць і пэўнае расчараваньне ў спадзяваньнях пачатку 90-х гадоў. Шмат хто, і я ў тым ліку, думалі, што такіх краінаў, як Чэхія, будзе болей, што іншыя краіны Ўсходняй Эўропы адолеюць гэты пераходны пэрыяд. Аднак цяжкасьцей было значна болей, чым мы ўсе спадзяваліся”.

У кулюарах канфэрэнцыі Форум-2000 карэспандэнты нашага радыё сустрэліся з Фрэнсісам Фукуямам і абмеркавалі зь ім палітычныя актуаліі. Бясспрэчна, усіх вельмі цікавілі прагнозы славутага палітоляга што да цяперашняй антытэрарыстычнай кампаніі Злучаных Штатаў і іх саюзьнікаў. Як можа закончыцца цяперашняя вайна зь міжнародным тэрарызмам?

(Фукуяма: ) “У сьвеце былі прэцэдэнты пасьпяховай барацьбы з тэрарызмам. Напрыклад, у Пэру яшчэ гадоў дзесяць таму мааісцкі рух «Прамяністая сьцежка» выглядаў непераможным, здавалася, што пэруанскія ўлады ня выжывуць у барацьбе з тэрарызмам. Аднак ім удалося злавіць лідэра руху Гузмана, і сам рух распаўся. Я не прадказваю, што тое самае адбудзецца з арганізацыяй «Аль-Каіда». Я думаю, што тут дзейнічае агульнае правіла – колькасьць людзей, гатовых разьбіць пасажырсклія самалёты аб будынкі незьлічона малая. Можна проста арыштаваць або зьнішчыць дастатковыю колькасьць такіх людзей, каб баяздольнасьць іхнай арганізацыі была зьведзеная на нішто”.

Урэшце, на разьвітаньне з Фрэнсісам Фукуямам журналісты Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа папрасілі яго, як вельмі вядомую і ўплывовую асобу, выказаць свае думкі з нагоды падзеяў 11 верасьня ды іх настуюпстваў. Зьвяртаючыся да шматмільённай аўдыторыі нашага радыё, Фукуяма сказаў:

(Фукуяма: ) “У сувязі з 11 верасьня... Я думаю, тут ня проста абстрактная ідэалягічная спрэчка. Я думаю, што тэорыя Гантынгтана не прынесла карысьці з гледзішча сусьветнай палітыкі. Мае расейскія калегі казалі мне, што ў сярэдзіне 90-х, калі выйшла ў сьвет кніга пра канфлікт цывілізацыяў, яна мела адмоўнае ўзьдзеяньне на расейскую палітыку, бо расейскія нацыяналісты і камуністы тады казалі: гляньце, Захад сам адмаўляецца ад ідэі ўсталяваньня дэмакратыі ў Расеі, бо іхны Сэмюэл Гантынгтан з Гарвардзкага ўнівэрсытэту цьвердзіць, што ў сьвеце адбываецца канфлікт цывілізацыяў і культураў, дык – можна і далей змагацца за асобную «славянскую цывілізацыю». Ня думаю, што гэта добра. Падобным чынам гэтую кнігу ўспрынялі і ў Іране. Я лічу, што калі ў сьвеце ёсьць людзі, якія вераць у дэмакратыю, яны мусяць мець нейкую апору, нейкае асэнсаваньне таго, што іх ідэі – вельмі важныя, што яны ня будуць адкінутыя ўбок нейкімі сіламі гісторыі...”


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG