Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ШТО РОБЯЦЬ УЛАДЫ ЗША, КАБ ПРАДУХІЛІЦЬ ПАНІЧНЫЯ НАСТРОІ?


Радыё Свабода.

(Радкевіч: ) “Сяргей, у апошнія дні паступаюць сотні сыгналаў пра знойдзеныя пакеты нібыта з бактэпрыямі сыбірскай язвы, і практычна ўсе яны пасьля праверак не пацьвярджаюцца. Выглядае, што часта гэта – проста жарты. Як рэагуюць на іх улады?”

(Навумчык: ) “Алена, такіх здарэньняў сотні, а дакладна – дзьве з паловай тысячы – і ў большасьці гэта – ня жарты, а вынік баязьлівасьці, якая ўзьнікла ў некаторых людзей на тле паведамленьняў прэсы. Часам людзі занадта падазрона ставяцца да нейкіх незвычайных пакетаў. У такіх выпадках, канечне, ніякага пакараньня няма, наадварот, улады кажуць, што лепш лішні раз перастрахавацца, чым праігнараваць небясьпеку. Іншая справа – калі высьвятляеецца, што гэта – адмысловы жарт. Жартаўніку ў такіх выпадках пагражае турма. Напрыклад, Джозэф Фарыньяц са штату Канэктыкут адмыслова рассыпаў у некаторых месцах белы парашок. У штаце Каларада чалавек паслаў свайму калегу пакет з пральным парашком – і яго хутка вылічылі агенты ФБР. У Агаё супрацоўнік адной фірмы вырашыў адпомсьціць начальніку і паклаў яму на стол пакецік зь белым парашком. Парашок аказаўся звычайнай крэйдай, а жартаўніку, як і іншым, пагражае да пяці гадоў звычайнай турмы. Юрыдычнай падставай у такіх выпадках выступае абвінавачаньне ў распраўсюджваньні панікі”.

(Радкевіч: ) “Сяргей, што датычна панікі, пра якую цяпер шмат кажуць, – што робіцца, каб запазьбегчы ці зьменшыць яе?”

(Навумчык: ) “Алена, выглядае, што ўлады абралі тактыку інфармаваньня насельніцтва і вытлумачэньня, што трэба рабіць, і што – не. Напрыклад, тлумачаць, чаму ня вярта скупляць антыбіётыкі (поўны двухмесячны курс лячэньня ад антраксу каштуе амаль 1000 даляраў), бо ў выпадку хваробы лячэньне ўсё роўна будзе за кошт дзяржавы.

Фэдэральнае агенцтва ЗША ў справе крытычных сытуацыяў падрыхтавала і разаслала ў газэты парады на выпадак магчымай атакі тэрарыстаў. Я назаву некаторыя зь іх, якія могуць быць карысныя, на мой погляд, і ў іншых экстрэмальных жыцьцёвых выпадках.

Найперш трэба дамовіцца з членамі сям’і пра спосабы сувязі, калі яны апынуцца у момант няшчасьця на адлегласьці адно ад аднаго. Гэта можа быць тэлефон ці кампутарная пошта, прычым будзе лепей, калі кантакты ажыцьцяўляюцца праз іншы штат (на выпадак, калі тэлефонныя станцыі у вашым штаце будуць разбураныя).

Далей, трэба зрабіць запас неабходных харчоў і вады з разьліку тры літры на чалавека ў дзень, на шэсьць дзён.

Трэба праверыць, ці ведаюць школьныя настаўнікі, дзе вучацца вашыя дзеці, і як вас знайсьці ў патрэбе.

У асобным пакеце варта трымаць асноўныя дакумэнты і нейкую суму наяўных грошай: гэты пакет у экстрэмальнай сытуацыі трэба ўзяць з сабой.

Нарэшце, варта хаця б пару разоў правесьці асабістую трэніроўку эвакуацыі з будынку. Нагадаем, што фірма “Морган Стэнлі”, якая месьцілася ў будынках Сусьветнага гандлёвага цэнтру, некалькі разоў на год праводзіла такія трэніроўкі, галоўнае было – кожны ведаў, хто за кім і ў якой пасьлядоўнасьці выходзіць з памяшканьняў, куды выходзіць, і пры гэтым – каб не штурхаліся, не стваралі панікі. Гэтыя трэніроўкі надакучылі ўсім супрацоўнікам. Вынік: падчас тэракту загінулі 70 чалавек, а 3700 супрацоўнікаў фірмы – уратаваліся. Іншыя фірмы згубілі да дзевяноста адсоткаў сваіх супрацоўнікаў.

Так што, як бачым, галоўнае – аўтаматызм дзеяньняў і адсутнасьць панічных настрояў”.

(Радкевіч: ) “Сяргей, мы гутарым пра спэцыфічныя настроі, а вось што датычна настрояў традыцыйных – ці зафікасаваныя якія-небудзь зьмены ў стаўленьні амэрыканскага грамадзства да палітычных, міжэтнічных працэсаў?”

(Навумчык: ) “Так, Алена, цяпер амэрыканцы задаюць сабе пытаньні, якія раней лічыліся калі не крамольнымі, дык – палітычна некарэктнымі, як тут прынята казаць. Найперш яны тычацца міжнацыянальных адносінаў у саміх Злучаных Штатах. Апошнім часам шмат гаварылася, у тым ліку і на хвалях “Свабоды”, пра пэўную напружанасьць у стаўленьні да арабскага насельніцтва – напрыклад, у Нью-Ёрку да нядаўняга часу некаторыя арабскія крамы былі вымушаныя прыпыніць працу. Але вось цяпер часопіс Newsweek надрукваў вынікі іншага сацыялягічнага дасьледаваньня. На пытаньне, у чым палягае асноўная прычына канфлікту ЗША і мусульманскага сьвету, 58 адсоткаў амэрыканцаў адказалі, што гэта – праізраільская пазыцыя ЗША. Як вядома, Амэрыка штогод выдаткоўвае зь бюджэту каля трох мільярдаў даляраў дапамогі Ізраілю. Нью-Ёрская найстарэйшая габрэйская газэта “Форверст” выказвае з гэтай нагоды засьцярогу, што Амэрыка можа зьмяніць сваё стаўленьне да Ізраіля. Хаця, зь іншага боку, у канфлікце Ізраіля і палестынцаў Ізраіль падтрымлітвае 55 адсоткаў амэрыканцаў.

І ўсё ж адна тэндэнцыя відавочная: у апошні месяц, які мінуў пасьля тэрактаў, амэрыканцы пачалі значна больш цікавіцца падзеямі па-за межамі кантынэнту, і больш шчыльна зьвязваць уласную будучыню з працэсамі, якія адбываюцца ў сьвеце. Падаецца, што гэта паўплывае і на палітыкаў, якія будуць вымушаныя больш абачліва ставіцца да сваіх дзеяньняў”.

XS
SM
MD
LG