Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ШТО РАЗЬЛІЧАНАЕ ЧАРГОВАЕ РЭФАРМАВАНЬНЕ СТРУКТУРЫ БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА?


Вядучы Ігар Карней, Менск

Удзельнікі: лідэр БСДП "Народная грамада", ваенны навуковец Мікалай Статкевіч; журналіст і экспэрт у справе сілавых структураў Раман Якаўлеўскі.

(Карней: ) "Учора Аляксандар Лукашэнка на паседжаньні Рады Бясьпекі ўхваліў пакет дакумэнтаў, якія акрэсьліваюць асноўныя кірункі будаўніцтва ўзброеных сілаў да 2010 году, плян іхнага разьвіцьця да 2006 году, праграму завяршэньня рэфармаваньня ўзброеных сілаў на 2001–2006 гады, а таксама Канцэпцыю тэрытарыяльнай абароны.

Гэта ня першае рашэньне падобнага кшталту, шмат аналягічных захадаў ужо рабілася. Таму маё першае пытаньне да суразмоўцаў такое: чым, на ваш погляд, новая спроба рэфармаваньня ўзброеных сілаў розьніцца ад спробаў папярэдніх?"

(Статкевіч: ) "Першае, што тут безумоўна слушна — у падпарадкаваньне Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў уваходзяць усе вайсковыя фармаваньні, асабліва ў часе ваенных дзеяньняў. Мы нават колісь прапаноўвалі, каб назва "Узброеныя сілы" тычылася ўсіх узброеных фармаваньняў, а каб тое, што зараз называецца ўзброенымі сіламі, звалася б Беларускім войскам. Генштаб — гэта таксама крок да магчымасьці стварэньня некалі ў будучым цывільнага міністра абароны.

Таксама слушна аб'яднаць у адзін від узброеных сілаў ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны. Гэта наогул было дзіўна — у невялікай краіне існавалі два галоўныя камандаваньні. Хоць у краінах большых памераў і большых эканамічных магчымасьцяў гэтыя два віды аб'яднаныя. Нарэшце дакацілася да нас, хоць пэўныя генэралы і страцяць свае пасады.

Што зьяўляецца прынцыпова новым, дык гэта пытаньне тэрытарыяльных войскаў. Але гэта таксама даўно рэалізуецца ў іншых краінах".

(Карней: ) "Раман Якаўлеўскі, што маеце дадаць?"

(Якаўлеўскі: ) "Я хацеў бы дапоўніць спадара Статкевіча пра тэрытарыяльныя войскі. Ідэя сапраўды ня новая, аднак, наколькі я памятаю, аўтар гэтай ідэі — вядомы ня толькі ў Беларусі генэрал Сівакоў. Мелася на ўвазе стварэньне сілаў нацыянальнай бясьпекі.

І ў гэтым рэчышчы я хацеў бы зьвярнуць увагу вось на што. Адна з функцыяў генэральнага штабу —гэта каардынацыя дзейнасьці ўсіх вайсковых фармаваньняў — у прыватнасьці, унутраных войскаў. З улікам беларускіх рэаліяў, я не зусім разумею, як генэральны штаб, армейскія генэралы будуць каардынаваць дзейнасьць унутраных войскаў, у складзе якіх такія сумнавядомыя фармаваньні як брыгады спэцназу".

(Карней: ) "Апошнія падзеі ў сьвеце дазваляюць казаць пра своеасаблівую вайсковую каапэрацыю. Бадай, упершыню ў антытэрарыстычных дзеяньнях гатовыя ўдзельнічаць арміі ў нядаўнім часе так званых верагодных супраціўнікаў.

Але на гэтым тле пазыцыя беларускага кіраўніцтва далёкая ад агульных намаганьняў. Частка другая новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі, прынятая сёлета ў ліпені, адкрытым тэкстам называе cупраціўнікаў Беларусі: гэта ЗША і краіны НАТО, дзейнасьць якіх накіраваная на сілавое зьвяржэньне дзяржаўнага ладу ў Беларусі.

Наколькі я ведаю, падобная канкрэтызацыя беспрэцэдэнтная і акрэсьліць кола ворагаў не дазваляла сабе ніводнае сілавое ведамства ніводнай краіны".

(Якаўлеўскі: ) "Адметна, што такога канкрэтнага палажэньня няма і ў расейскай канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі. Цяжка сказаць, чым кіраваліся аўтары канчатковай рэдакцыі гэтай канцэпцыі, але на мой погляд тут паўплываў суб'ектыўны фактар, які цісьне на ўсе сфэры жыцьця ў Беларусі. Пра такое сумнае становішча нацыянальнай канцэпцыі ня ведае, да прыкладу, беларускі вайсковы аташэ ў Вільні, зь якім я сустракаўся на НАТОўскіх вучэньнях".

(Карней: ) "Маё пытаньне да Мікалая Статкевіча. Агульнавядома, што некаторыя беларускія вайсковыя падразьдзяленьні дастаткова шчыльна зьвязаныя з расейскімі. Самы яскравы прыклад — сумесная сыстэма супрацьпаветранай абароны.

Пазыцыя Беларусі адносна НАТО вядомая — беларускае кіраўніцтва не жадае мець з гэтай арганізацыяй асаблівых кантактаў. Расея ўдзельнічае ў шэрагу праектаў Паўночна-Атлянтычнага альянсу. Як можа адбіцца такая вось непрымальнасьць НАТО беларускім кіраўніцтвам на адносінах са звыклым стратэгічным партнэрам — Расеяй?"

(Статкевіч: ) "Наўпрост адаб'ецца наўрад ці, таму што старэйшы брат мусіць падказаць неразумнаму дурнаватаму малодшаму, што ён робіць ня тое. Бо гэта ўжо занадта нагадвае байку пра моську і слана.

Сапраўды, назваць у дактрыне нейкую краіну магчымым ворагам — гэта зрабіць пэўны выклік. Атрымліваецца, што наша мужная маленькая краіна робіць выклік самай магутнай ваеннай машыне сьвету — а гэтага ня можа дазволіць сабе ні Расея, ні Кітай. Тут пэўная супярэчнасьць.

Савецкая Беларусь павінна слухацца Масквы, і савецкая Беларусь павінна змагацца супраць агрэсіі злобнай НАТО. Зараз гэтыя штампы супярэчаць адно аднаму. Масква, якую трэба слухацца, жадае са злобнай НАТО ня тое што сябраваць, але ў пэрспэктыве далучыцца. Таму ўрэшце ўтвараецца недарэчная сытуацыя. І не ўпершыню па віне гэтага кіраўніцтва мы апынаемся ў сьмешнай сытуацыі".

(Карней: ) "Раман, якія вашыя меркаваньні наконт пэрспэктываў трохкутніка Расея–Беларусь–НАТО?"

(Якаўлеўскі: ) "Галоўнай умовай уступленьня ў НАТО зьяўляецца існаваньне грамадзянскага кантролю над узброенымі сіламі. Ніякія дакумэнты аб ваеннай рэформе беларускай арміі не ўтрымліваюць ніякіх прыкметаў, а тым болей рэальнага жаданьня такі кантроль увесьці, як гэта прынята ва ўсім сьвеце.

Гэта разумее, на мой погляд, цяперашні міністар абароны генэрал Мальцаў. Не дарэмна перад паседжаньнем Рады Бясьпекі ён выступіў з даволі нечаканай заявай пра неабходнасьць парлямэнцкага кантролю за ўзброенымі сіламі".

(Карней: ) "У праекце рэфармаваньня ўзброеных сілаў ёсьць пераход на двухвідавую структуру беларускага войска. Спадар Статкевіч, што гэта можа азначаць рэальна?"

(Статкевіч: ) "Пераход з трохвідавой на двухвідавую — гэта калі войскі супрацьпаветранай абароны аб'ядноўваюцца з ваенна-паветранымі сіламі. І гэта дазваляе дасягнуць некалькіх мэтаў.

Найперш, фінансавая эканомія. Два штабы, два камплекты ваеначальнікаў рознага ўзроўню. Па-другое — лепшая каардынацыя. Гэта праблема асабліва відавочная ў часе вайсковых дзеяньняў, бо звычайна на пэўную колькасьць зьбітых самалётаў супраціўніка прыходзіцца адзін свой. Якраз аб'яднаньне ў адзін від дазваляе наладзіць лепшую каардынацыю. І гэта цалкам натуральна для невялікай краіны. І нават Расея, якая мае неадпаведна большыя памеры і войскі, перайшла да аб'яднаньня".

(Карней: ) "Вы казалі, што падобная ідэя была ў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў яшчэ гадоў дзесяць таму. Чаму да гэтай ідэі тады ніхто не прыслухаўся?"

(Статкевіч: ) "Калі пачалося стварэньне беларускай арміі, БЗВ прынесла ў Вярхоўны Савет цэлы пакет прапановаў па стварэньні свайго войска, у нас было ўсё дакладна распрацавана.

Я памятаю першае паседжаньне й палымяную прамову спадара Лукашэнкі, якога я прасіў падтрымаць прапанову, а ён выступіў супраць. Я тады ўбачыў, як ён узьдзейнічае на дэпутатаў ад калгасаў, як гэтыя тоўстыя, азызлыя дзядзькі яго тады паслухаліся.

І толькі ў 1992 годзе праблему часткова ўдалося вырашыць. Дарэчы, гэта ўжо было вельмі небясьпечна, бо на гэты час ужо была змова ў Прыбалтыйскай ваеннай акрузе, дзе афіцэры разам з начальнікам генштабу рыхтавалі выступ супраць Масквы. І толькі ўмяшальніцтва Ельцына і прыняцьце Беларусьсю рашэньня сьледам за Ўкраінай пра стварэньне свайго войска дапамагло пазьбегнуць грамадзянскай вайны.

Але як мы пачалі пасьля ставіць непрыемныя пытаньні, усе нашыя прапановы — самыя рацыянальныя, самыя разумныя, — пачалі прымацца ў лоб".

(Карней: ) "Сёньня ў тэлефоннай гутарцы былы міністар абароны краіны Павал Казлоўскі выказаў меркаваньне, што наўрад ці справа чарговага рэфармаваньня ўзброеных сілаў пойдзе далей за словы. Ці вы згодныя?"

(Статкевіч: ) "Я спадзяюся, эканамічныя абставіны прымусяць. Узброеныя сілы ў іхным сучасным варыянце пабудаваныя нерацыянальна. І акрамя таго ёсьць досьвед апошніх вучэньняў — хоць яны былі паказушныя, дзеля выбарчай барацьбы, але ўжо тады паўстала пытаньне, як каардынаваць дзеяньні розных вайсковых адзінак, якія маюць рознае падпарадкаваньне".

(Якаўлеўскі: ) "Надзеі такія ёсьць, і яны зьвязваюцца не зь цяперашнім галоўнакамандуючым, які незразумела ў якой форме зьяўляецца на вучэньнях (наколькі я ведаю, гэта вельмі нэгатыўна ўспрынялі нават генэралы, якія лямпасы свае збольшага заслужылі).

Само жыцьцё будзе штурхаць узброеныя сілы да разумнага рэфармаваньня. І я спадзяюся, што зьнікне ўрэшце такое паняцьце як мілітарысцкія гульні".

(Карней: ) "Такім чынам, чарговае рэфармаваньне ўзброеных сілаў Беларусі абвешчанае, і застаецца дачакацца першых вынікаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG