Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯРУЗЭЛЬСКІ Ў СУДЗЕ АДКІНУЎ АБВІНАВАЧАНЬНІ НА СВОЙ АДРАС


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Паседжаньне Варшаўскага Акруговага суду ў справе генэрала Ярузэльскага, якое шмат разоў адкладалася з прычыны слабога здароў’я падсуднага, пачалося ў чацьвер. Польскае правасудзьдзе стараецца давесьці, што дзейнасьць абвінавачанага ў камуністычныя часы была злачыннай.

Абвінаваўцы цьвердзяць, што Ярузэльскі парушыў канстытуцыю краіны, калі, на просьбу камуністычнага кіраўніцтва загадаў страляць у рабочых. Але сродкі масавай інфармацыі пішуць, што суд, які адбываецца праз 31 год пасьля трагедыі, мае на мэце ня столькі пасадзіць за краты старога фунцыянэра, колькі даць маральную ацэнку дзейнасьці камуністычнага рэжыму.

Учора з лавы падсудных генэрал павольна чытаў падрыхтаваныя на 81 старонцы доказы сваёй невінаватасьці. Генэрал заявіў, што гэты працэс мае “палітычныя карані” і “праходзіць тэндэнцыйна".

“Я спадзяюся, што высокі суд выправіць гэтую памылку і выканае ролю трыбуналу гістарычнае праўды... Абвінавачаньні беспадстаўныя. Я не зрабіў ніякага злачынства,” – сказаў 78-гадовы генэрал і дадаў, што насамрэч ён дзейнічаў так, каб абмежаваць ўжываньне сілы.

17 сьнежня 1970 году рабочыя Гданьску, Гдыні, Шчэціна і Эльблёнгу выйшлі на вуліцы, каб выказаць пратэст супраць павелічэньня цэнаў на прадукты харчаваньня. Кінутыя на здушэньне пратэсту войскі адкрылі вагонь. 44 чалавекі былі забітыя і больш як адна тысяча – параненыя.

Гэтыя падзеі пацягнулі за сабой антыкамуністычныя выступы і сутычкі з паліцыяй, што змусіла пайсьці ў адстаўку тагачаснага камуністычнага лідэра краіны Ўладзіслава Гамулку. Хваляваньні актывізавалі дзейнасьць прафсаюзаў суднавэрфі, што прывяло да стварэньня руху “Салідэрнасьць”, які пасьпяхова змагаўся супраць камуністычнага кіраўнцтва Польшы ў 80-х гадох.

У часе трагічных падзяў генэрал Ярузэльскі займаў пасаду міністра абароны, а з 1981 году стаў на чале камуністычнага рэжыму Польшчы, якім кіраваў аж да ягонага краху ў 1989 годзе.

Учора абвінавачаны назваў пратэсты і іхнае душэньне “адной з найбольш трагічных старонак нядаўнай гістрыі Польшчы” і паспачуваў сем’ям загіблых.

Ён таксама абараняў паліцыю і вайскоўцаў, якія, паводле Ярузэльскага, дзейнічалі ў мэтах самаабароны, калі ўзброеныя выпадковымі рэчамі дэманстранты атакавалі іхныя шэрагі.

Калі суд прызнае Ярузэльскага вінаватым, рэшту жыцьця ён, разам з шасьцю іншымі падсуднымі ў гэтай справе, можа правесьці за кратамі.

Першы выступ генэрала цягнуўся больш чатырох гадзінаў. 8 лістападу Ярузэльскі працягне знаёміць суд з доказамі сваёй невінаватасьці.

Паводле журналістаў, працэс праходзіць ў напаўпустой залі. Лёс былога камуністычнага лідэра як і былой уладнай ідэалёгіі мала каго цікавіць. Сёньняшняя Польшча ідзе іншым шляхам, які дае падставы жыхарам краіны не сумнявацца ў справядлівасьці судовага выраку.


XS
SM
MD
LG