Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛІТВЕ ЎСЁ БОЛЬШ ЦІКАВЯЦЦА БЕЛАРУСКІМІ СПРАВАМІ


Юры Сьвірко, Менск

Камітэт замежных справаў Сойму Літвы абмеркаваў палітыку афіцыйнай Вільні да Беларусі пасьля верасьнёўскіх выбараў і стварыў рабочую групу, якая будзе займацца беларускім пытаньнем.

Ініцыятарам стварэньня гэтай групы быў сябар літоўскага Сойму Вацлаў Станкевіч, якому я задаў пытаньне, чым была выкліканая ягоная прапанова:

(Станкевіч: ) "Быў заўважны такі халадок у палітычных адносінах Літвы й Беларусі. Але, як цяпер уся Эўропа па прэзыдэнцкіх выбарах прызнала, што палітычная ізаляцыя Беларусі ня мае сэнсу, я думаю, што надышоў час літоўцам падтрымаць гэтую стратэгію і як мага хутчэй ісьці на добрыя адносіны зь Беларусьсю.

Цяпер наступіў час для Літвы, калі трэба папрацаваць у гэтым кірунку, паказаць эўрапейцам, што мы добрыя суседзі, трэба супрацоўнічаць".

(Карэспандэнт: ) "Вы лічыце, што Літва можа прапанаваць некалькі новых ідэяў. А што гэта за новыя ідэі такія могуць быць?"

(Станкевіч: ) "Дагэтуль мы ўсё гаварылі, што адносіны зь Беларусьсю павінны быць прагматычныя, што мы добрыя суседзі. Але мы толькі гаварылі. Я думаю, што можна зрабіць значна больш у гэтым кірунку, і я запрапанаваў заняцца гэтым пытаньнем у камітэце замежных справаў, дзе я й працую.

Якія гэта ініцыятывы будуць — я б не хацеў цяпер яшчэ гаварыць, бо гэта ўсё ж камандная гульня. Нам трэба абмеркаваць яшчэ ў сваім камітэце, што мы будзем і рабіць. Можа, мы знойдзем добрыя ініцыятывы ў гэтым кірунку. Я спадзяюся, што так і будзе".

(Карэспандэнт: ) "Ваш камітэт замежных справаў будзе засядаць 31 кастрычніка. А яшчэ 19 лістапада ў Вільні адбудзецца паседжаньне Палітычнага камітэту Парлямэнцкае асамблеі Рады Эўропы. Як там будзе выглядаць беларускае пытаньне, на вашу думку?"

(Станкевіч: ) "Вось мая прапанова й была: роўна месяц застаўся да паседжаньня Палітычнага камітэту (што вы й сказалі), таму я думаю, што наступіў час папрацаваць нам, літоўцам, у сябе — каб нашая дэлегацыя на паседжаньні Палітычнага камітэту высунула новыя ініцыятывы — ня толькі гаварыльня, што прагматычныя адносіны й добрае суседзтва. У нас месяц, за гэты месяц мы павінны расставіць усе кропкі над "і".

(Карэспандэнт: ) "У Вільні сёньня заканчваецца сэмінар "Палітычная Беларусь. Палітычныя пэрспэктывы", дзе бралі ўдзел такія прадстаўнікі беларускае апазыцыі як Анатоль Лябедзька і Валянціна Палевікова. Як вы ацэньваеце гэты сэмінар?"

(Станкевіч: ) "Ацэньваю досыць добра. Чым больш сустрэчаў паміж літоўцамі й беларусамі, тым лепей для нас усіх".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG