Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЯДОМЫ ПОЛЬСКІ ЖУРНАЛІСТ ЗНАЙШОЎ У ПОЛЬСКАЙ ПАЛІТЫЦЫ ДВАЙНІКА ЛУКАШЭНКІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

А былы дырэктар польскай рэдакцыі Радыё Свабода Ян Новак-Езёраньскі на старонках сёньняшняга нумару “Газэты выборчай” параўнаў найбольш скандальнага дэпутата Сэйму, лідэра партыі “Самаабарона” Анджэя Лепэра з кіраўніком Беларусі.

Новы міністар замежных справаў Польшчы Владзімеж Цімашэвіч, які, дарэчы, быў абраны дэпутатам Сэйму ад Беласточчыны, напярэдадні распавядаў журналістам пра асноўныя кірункі польскай замежнай палітыкі на бліжэйшыя гады.

У гэтай справе спадар Цімашэвіч у прыватнасьці адзначыў, што надалей Польшча будзе больш актыўна кантактаваць з усходнімі суседзямі. І калі ў стасунках з Расеяй і тым больш Украінай Польшча мае пэўны станоўчы досьвед, дык гаворачы пра стасункі зь Беларусьсю, Владзімеж Цімашэвіч сказаў наступнае (цытую): “Найбольш цяжка будзе ў выпадку Беларусі. Усе, і таксама Польшча, маюць добра падумаць, як далей будаваць стасункі з гэтай дзяржавай. А мы павінны падумаць яшчэ больш уважліва, бо нашыя краіны шмат яднае, я маю на ўвазе нацыянальныя меншасьці па абодва бакі мяжы”. (канец цытаты)

“Польскі Лукашэнка” – так назваў свой артыкул у сёньняшнім нумары “Газэты выборчай” былы дырэктар польскай рэдакцыі Радыё Свабода Ян Новак-Езёраньскі. Матэрыял прысьвечаны Анджэю Леппэру – скандальнаму палітыку, лідэру “Самаабароны”, трэцяй паводле колькасьці дэпутатаў партыі Сэйму. Лепэр здабыў вядомасьць на пачатку дзевяностых, падбухторваючы сялянаў перакрываць аўтамабільныя ды чыгуначныя дарогі, а таксама памежныя пераходы, такім чынам пратэстуючы супраць імпарту ў Польшчу замежных прадуктаў. Лідэр “Самаабароны” быў шматкроць прызнаны вінаватым і нават сядзеў у турме за абразы і зьбіцьцё людзей па ўсёй Польшчы. Анджэй Лепэр вядомы таксама тым, што дэкляраваў намер папрасіць палітычнага прытулку ў Беларусі ўжо ў часе прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Цяпер, па абраньні ў Сэйм, Леппэр, які публічна выказваў сваё захапленьне Гэбэльсам, пагражае блякаваць працу парлямэнту, калі іншыя дэпутаты ня будуць пагаджацца з прапановамі “Самаабароны”.

Былы дырэктар польскай Свабоды Ян Новак-Езёраньскі, які дагэтуль карыстаецца ў Польшчы вялікім аўтарытэтам, занепакоены тым, што цяпер Лепэра абралі да парлямэнту, у той час як ў іншай дэмакратынай краіне такі палітык напэўна апынуўся б увогуле па-за палітыкай.

“Каб акрэсьліць стыль і паводзіны Лепэра, ў польскай мове няма іншага слова, акрамя слова “хам,” – піша Новак-Езёраньскі, ды працягвае, – “Лепэра можна параўнаць з Лукашэнкам. Калі Лепэр атрымае ўладу, дык ён прывядзе Польшчу да ўзроўню Беларусі”.

Варта адзначыць, што Анджэй Лепэр, як і Лукашэнка, паходзіць з правінцыі. У палітыцы прапагандуе антызаходнія настроі, дае шмат невыканальных абяцанкаў, дэкляруе падтрымку сялянам, пэрыядычна шакуе грамадзкасьць бязглуздымі заявамі ды абразамі сваіх палітычных праціўнікаў і проста паважаных людзей. Таму, называючы Анджэя Лепэра “польскім Лукашэнкам”, Ян Новак-Езёраньскі сапраўды мае рацыю.


XS
SM
MD
LG