Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НЯМЕЦКІЯ ЭКСПЭРТЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО ІЗАЛЯЦЫЮ БЕЛАРУСІ ТРЭБА ПРАРЫВАЦЬ


Алена Панкратава, Менск

Гэтыя крокі, паводле экспэртаў з бэрлінскага Фонду навукі й палітыкі, могуць быць зробленыя як у эканамічным, так і ў палітычным напрамку. Аднак для гэтага патрэбная адна акалічнасьць: каб афіцыйны Менск паказаў сваю гатовасьць да пераўтварэньняў і да супрацоўніцтва з Эўропай.

Магчымае разьвіцьцё стасункаў выглядае наступным чынам: немцы гатовыя адкрываць крэдытныя лініі для Беларусі — па сутнасьці, ня вельмі буйныя, прыкладна на 150 мільёнаў дойчмарак. Крэдыты будуць пераважна накіраваныя ў сэктары, што абслугоўваюць інтарэсы Расеі ды Нямеччыны — транзыт, дарогі, паліва, газ, нафта.

Іншая крэдытная лінія будзе накіраваная ў сфэру экалёгіі, напрыклад, прыродаахоўваньне. Усе крэдыты будуць ісьці празь беларускія дзяржаўныя структуры, хіба за выключэньнем той невялікай долі, якая можа быць накіраваная ў прыватны бізнэс.

Што ж да простых інвэстыцыяў у Беларусь, то пакуль што яны не разглядаюцца як надта рэальныя.

(Заам: ) "Вядома, усё будзе залежаць ад разьвіцьця сытуацыі. Аднак ня думаю, што цяпер Нямеччына пачне інвэставаць у Беларусь болей, чым раней. Нямецкі капітал не ідзе ў Беларусь, бо заканадаўчая база не гарантуе яму ягоных прамых інтарэсаў", — лічыць мангаймскі палітоляг доктарка Астрыд Заам.

Дзеля паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату мяркуюць (дарэчы, упершыню за апошні час) зрабіць некалькі палітычных крокаў. Гэта зноў жа захады ў кантэксьце інтарэсаў Нямеччыны й Расеі, але, мяркуюць экспэрты, зь іхнай дапамогай могуць быць створаныя ўмовы спрыяльнага заканадаўчага клімату для далейшых простых інвэстыцыяў.

Паводле палітолягаў з Мангаймскага цэнтру палітычных дасьледаваньняў, акрэсьленыя тры групы гэтак званых мэдыятараў, празь якіх плянуюць ажыцьцяўляць двухбаковыя праекты. Напрыклад, фракцыя "Садзеяньне эканамічнаму разьвіцьцю", якая быццам бы "па-за палітыкай", але ў той жа час прадстаўляе парлямэнт. Паводле некаторых крыніцаў, гэты блёк створаны далёка не паводле інтарэсаў беларускага боку, а ў выніку лякальных перамоваў асобных беларускіх палітыкаў з эўрапейскімі партнэрамі.

Што тычыцца другой групы, то яна прадстаўляе партыйна-палітычны сэгмэнт. Альбо тыя максымум 4–5 чалавек у цяперашнім істэблішмэнце, якія ў розны час артыкулявалі і працягваюць артыкуляваць сваю прыналежнасьць да дэмакратычнага кола.

Трэцяя група — прадстаўнікі ўраду, якія будуць працаваць паводле праграмаў, што маюць агульнаэўрапейскае значэньне: ахова прыроды, энэргетыка, камунікацыі — сфэры, у кантэксьце якіх не разглядаюцца такія паняцьці як правы чалавека альбо свабоды.

Вось гэтыя тры ўмоўныя групы, паводле экспэртаў, могуць пакрысе ў бліжэйшыя паўтара года наладзіць новыя масты цяпер паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам.

Цяпер абмяркоўваюць пытаньне, якую ролю ў гэтым зьвязку можа адыгрываць беларуская апазыцыя. На думку некаторых экспэртаў, сцэнар з радыкальнымі зьменамі ў Беларусі ў наступныя пяць гадоў Захад разглядае як утопію.

Дыскусія пра будучыню беларускай апазыцыі адбудзецца ў Бэрліне на самым пачатку сьнежня. Сярод арганізатараў круглага стала — Фонд навукі й палітыкі ў Бэрліне. Ужо вядома, што ад беларускага боку сярод іншых у дыскусіі возьме ўдзел Уладзімер Ганчарык.

XS
SM
MD
LG