Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ ПОШТА ЎЗМАЦНІЛА РЭЖЫМ БЯСЬПЕКІ


Ягор Маёрчык, Менск

Тым часам дзяржаўнае прадпрыемства "Белпошта" ўзмацніла рэжым бясьпекі — цяпер пры апрацоўцы карэспандэнцыі паштовыя работнікі карыстаюцца сродкамі індывідуальнай абароны.

Супрацоўнікі "Белпошты" называюць сытуацыю, што склалася апошнімі днямі, надзвычайнай. Раней капэрты зь невядомымі рэчывамі выяўлялі раз на два гады. І вось на гэтым тыдні зафіксавалі некалькі выпадкаў.

Першая намесьніца дырэктара "Белпошты" Ніна Юшкевіч паведаміла, што дзяржаўнае прадпрыемства стала больш пільна працаваць з карэспандэнцыяй, ужо зрабілі захады дзеля павышэньня бясьпекі супрацоўнікаў.

(Юшкевіч: ) "Мы выдалі сваім супрацоўнікам сродкі індывідуальнай абароны. Сартыроўка пошты і распорваньне паштовых мяхоў адбываюцца толькі ў масках і пальчатках".

Штодня "Белпошта" апрацоўвае 2 тысячы пасылак і больш за 200 тысяч лістоў. Патэнцыйна небясьпечнай тут называюць палову карэспандэнцыі.

Паводле Ніны Юшкевіч, адмыслоўцы аддзелу бясьпекі "Белпошты" і Міністэрства па надзвычайных сытуацыях распрацавалі плян дзеяньняў на той выпадак, калі супрацоўнікі пошты выявяць падазроную капэрту:

(Юшкевіч: ) "На выпадак, калі знойдзем нейкае падазронае адпраўленьне, у нас ёсьць комплекс захадаў. Але ёсьць яшчэ моманты прафэсійнай тайны. Кожны супрацоўнік на сваім працоўным месцы ведае, што яму рабіць. Ён павінен пакінуць гэтае адпраўленьне, па магчымасьці ізаляваць людзей, вызначыць магчымыя плошчы заражэньня, усе адразу сыходзяць і выклікаем адпаведныя службы".

Спадарыня Юшкевіч, дарэчы, прызналася, што ня ведае, як доўга будзе працаваць пошта ва ўмовах падвышанай пільнасьці.

Зрэшты, ёсьць яшчэ і трэці узровень бясьпекі. Калі падазроныя лісты пачнуць прыходзіць у Беларусь у вялікай колькасьці, паштовыя зносіны з краінамі-адпраўнікамі могуць прыпыніць.

Сёньня ў Беларусі бачаць небясьпеку ня толькі ва ўласна паштовай карэспандэнцыі, якая можа ўтрымліваць атруту, але і ў магчымай паніцы і хвалі масавага псыхозу — калі людзі пачнуць жартам ці са зламыснымі намерамі дасылаць адзін адному лісты зь невядомымі рэчывамі. І да такога разгортваньня падзеяў рыхтуецца беларуская пошта.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG