Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭШТКАЎ ПАХАВАНЬНЯЎ ЛЯ ТРАСЫ МЕРКАВАНАЙ ДАРОГІ Ў КУРАПАТАХ РАСКОПКІ ТАК І НЯ ВЫЯВІЛІ


Радыё Свабода.

(Соусь: ) “Як сёньня паведаміў Радыё Свабода старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Алег Іоў, які і краваў раскопкамі, у тым месцы, дзе плянуецца пашырэньне дарогі, сьлядоў пахаваньняў не было знойдзена. Цяпер спадар Іоў рыхтуе заключэньне для будаўнікоў. Па выніках яго заўтра адбудзецца нарада на ўзроўні намесьніка міністра транспарту і камунікацыяў, на якой будзе абмяркоўвацца курапацкае пытаньне. Алег Іоў мяркуе, што будаўнічыя працы будуць адноўленыя ў Курапатах у панядзелак або ў аўторак.

Сёньня ж я мела размову з актывісткай грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты” Ірынай Жыхар. Паводле яе, у панядзелак у другой палове дня ў Курапатах адбудзецца сустрэча грамадзкасьці – усіх тых асобаў, хто падпісваў заяву аб стварэньні ініцыятывы, і будаўнікоў, у прыватнасьці ў Курапаты мусіць прыехаць генэральны дырэктар прадпрыемства “Магістральаўтадар” Анатоль Лысін. Паводле Ірыны Жыхар плянуецца дасягнуць наступнай дамовы: будаўнікі гарантуюць стварэньне мэмарыялу ў Курапатах, і тады грамадзкасьць пагаджаецца з тым, што будуць адноўленыя будаўнічыя работы ў Курапатах, і тыя, хто нясе кругласутачнае дзяжурства, сыходзяць адсюль. Так мяркуе Ірына Жыхар. Але ці пагодзяцца з гэтым сябры Маладога Фронту, Беларускай партыі свабоды і Зубра, якія ўжо трэці тыдзень вартуюць Курапаты? З гэтым пытаньнем я зьвяртаюся да Віталя Кошалева, сябра ўправы Маладога Фронту”.

(Кошалеў: ) “Учора, як вядома, на ўправе Маладога Фронту было прынятае рашэньне, што ня будзем сыходзіць. Абаронцы Курапатаў тут застануцца да апошняга. Мы ня пусьцім сюды будаўнікоў, мы недарма будавалі тут крыжы, улады не дачакаюцца, каб мы адсюль сышлі”.

(Соусь: ) “Віталь, я ведаю, што Вы бралі ўдзел у раскопках. На Вашую думку. Ці былі патрэбныя былі гэтыя раскопкі?”

(Кошалеў: ) “Безумоўна, так. Мы адцягнулі гэтымі раскопкамі час, за гэты час мы сабралі больш за 500 подпісаў жыхароў мікрараёну Зялёны Луг-6 і наагул больш-менш узьнялі грамадзкую думку ў мікрараёне. Вось людзі ўжо зьбіраліся на сход… Да пачатку раскопак такое тут было немагчыма, усе літаральна спалі”.

(Радкевіч: ) “Віталь, тут вось узьнікае лягічнае пытаньне: ня знойдзеныя рэшткі пахаваньняў менавіта на гэтым месцы, дзе будзе праходзіць дарога – ці ёсьць сэнс працягваць процістаяньне? Тым больш, што ў такім выпадку будзе справакаванае сілавое рашэньне праблемы зь міліцыяй і гэтак далей?”

(Кошалеў: ) “Сэнс, безумоўна, ёсьць, таму што тое, што раскопкі ля самай дарогі нічога не далі, гэта толькі пацьвярджае тое, што там усё выкапанае, і ёсьць сьведкі, якія бачылі, як у 60-х гадах, калі будавалася дарога, адсюль самазваламі вывозілі косткі. Таму месца расстрэлаў і месца пахаваньняў там усё ж ёсьць, і тое, што адтуль выграблі косткі і пахавалі іх невядома дзе, гэта таксама яшчэ адно злачынства дзяржавы. Як месца расстрэлу людзей яно нікуды не зьнікае. Мы ахоўваем ня нейкія фармальныя рэчы, мы ахоўваем памяць тых забітых, што былі замардаваныя ў гэтым лесе”.

(Радкевіч: ) “Ну і нагадаю, што на заўтра аб’яднаньне моладзі Эўрапейскі Шлях арганізуе ў Курапатах талаку…”

(Соусь: ) “Я б дадала яшчэ аб сёньняшніх падзеях. Сёньня будаўнікі звалілі яшчэ адзін крыж – менавіта той, які ўчора асьвячаў айцец Леанід Акаловіч. Сёньня таксама ў Курапаты прыяжджалі міліцыянты Савецкага РАУС. Цікава, што гэта былі гарадзкія міліцыянты, а гэтую тэрыторыю кантралююць міліцыянты сельскага Менскага раёну. Міліцыянты цікавіліся тым, што тут адбываецца, паводзілі сябе спакой і зьехалі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG