Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫК ЦІ ВЫСАДЗІЛІСЯ АМЭРЫКАНЦЫ Ў АФГАНІСТАНЕ?


Мікола Іваноў, Прага

“Самалёты ня могуць поўзаць па зямлі і шукаць людзей”, - сьцьвердзіў ён. Дзеля перамогі патрэбныя апэрацыі наземных войскаў.

У сваім выступе амэрыканскі міністар абароны нічога не сказаў пра пэрспэктыву выкарыстаньня амэрыканскіх наземных войскаў, але падкрэсьліў, што ЗША будуць падтрымліваць з паветра войскі апазыцыі, а таксама перададуць апазыцыі неабходную колькасьць боепрыпасаў, каб спрыяць іх наступу на гарады Кабул і Мазар-і-Шарыф.

Аб тым, што армія ЗША цяпер будзе канкрэтна падтрымліваць войскі паўночнай апазыцыі, заявіў у сваім выступленьні і кіраўнік аб’яднага штабу начальнікаў штабоў амэрыканскай арміі генэрал Рычард Мэйерс. Паводле ягоных словаў, учора ўпершыню падчас антытэрарыстычнай кампаніі авіяцыя ЗША спэцыяльна бамбіла перэдні край абароны талібаў. Аб гэтым ужо даўно прасілі амэрыканскае кіраўніцтва лідэры афганскай апазыцыі.

Цяжкія баі паміж талібамі і апазыцыяй адбываюцца цяпер у ваколіцах галоўнага гораду поўначы Афганістану Мазар-і-Шарыф. Гэты горад мае выключнае стратэгічнае значэньне. Ваенныя аналітыкі называюць яго ключом да адбудовы баявой моцы арміі Паўночнага альянсу.

У раёне Мазар-і-Шарыф пражывае да аднаго мільёна чалавек. Горад знаходзіцца ўсяго ў 50 км. ад мяжы з Узбэкістанам. Тут пабудаваны адзіны мост праз Амудар’ю, які спалучае паўночныя раёны Афганістану з былой савецкай Сярэдняй Азіяй. Захоп яго можа адчыніць просты шлях для паставак узбраеньняў і боепрыпасаў апазыцыі. Адсюль праз горныя перавалы ідзе пабудаваная яшчэ ў гады савецкай акупацыі добрая дарога ў Кабул, у ваколіцах якога іншыя атрады апазыцыі чакаюць зброі і падмацаваньняў, каб пачаць наступ на афганскую сталіцу.

Учора баі ішлі ўсяго ў трох кілямэтрах ад Мазар-і-Шарыфа. Паведамляецца, што гарадскі аэрапорт некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. Пазыцыі талібаў і арміі апазыцыі знаходзяцца вельмі блізка, і таму амэрыканскія пілёты вымушаныя бамбаваць асьцярожна, каб не нанесьці ўдар па жаўнерам Поўначы.

У дадзены момант войскі трох палявых камандзіраў апазыцыі атакуюць Мазар-і-Шарыф з трох напрамкаў. Гэта войскі генэрала Рашыда Дустума, а таксама атрады палявых камандзіраў Устада Махакека і Устада Атаха. Ёсьць інфармацыя, што Атах імкнецца да каардынацыі дзеяньняў войскаў апызыці дзеля апошняга рашучага штурму гораду. Паводле інфармацыі газэты Los Angeles Times, колькасць войскаў апазыцыі, якія вядуць наступ на горад, - ад 2 да 5 тысячаў жаўнераў. Паведамляецца таксама, што тысячы іншых ваяроў апазыцыі накіроўваюцца на фронт, але бальшыня з іх слаба ўзброеная.

Войскі талібаў, якія абараняюць горад, налічваюць ад 4 да 5 тыс. жаўнераў, але яны выразна пераўзыходзяць паводле колькасьці і якасьці свайго ўзбраеньня атрады Паўночнага альянсу. Іх падтрымлівае некалькі танкаў і бронетраспартэраў. Ёсьць інфармацыя, што талібы, разумеючы вырашальнае значэньне бітвы за Мазар-і-Шарыф, накіравалі сюды падмацаваньні ў кольскасці да 1000 жаўнераў.

Учора талібы нават на адным з вучасткаў фронту перайшлі ў контарнаступ і нават захапілі некалькі вёсак, але даволі хутка былі стрыманыя.

Ёсьць інфармацыя, што ўчора ў размове з прадстаўнікамі заходніх сродкаў масавай інфармацыі (BBC, CNN, RTR) неназваныя прадстаўнікі міністэрства абароны ЗША сьцьвердзілі, што невялікая колькасьць амэрыканскіх жаўнераў ужо знаходзіцца ў Афганістане. Гэтая інфармацыя, аднак, не пацьверджаная зь незалежных крыніцаў.

XS
SM
MD
LG