Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ – ДЗЕСЯЦЬ ГОД НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ АЗЭРБАЙДЖАНУ


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Ці ажыцьцявілася, ці зьдзейсьнілася незалежнасьць Азэрбайджану за гэтыя дзесяць гадоў – такім былоо першае пытаньне, зь якім я зьвярнуўся да вядомага азэрбайджанскага палітоляга Таргула Джываруя”.

(Джываруй: ) “Дзяржаўнасьць Азэрбайджану, безумоўна, зьдзейсьнілася. Натуральна, яна зьдзейсьнілася гэтак жа драматычна, як і на ўсёй прасторы СНД, і працэс гэты, як мы ведаем, яшчэ не завершыўся нават для тых краінаў, якія мелі больш устойліваю дзяржаўнасьць. Як і ва ўсіх краінах СНД, пабудова дзяржаўнасьці мела як пазытыўныя, гэтак і нэгатыўныя бакі. Гэтыя нэгатыўныя бакі можна патлумачыць мэнталітэтам народаў, у ім заставалася шмат рэцыдываў мінулага, што перашкаджала разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці. Грамадзянская супольнасьць разьвіваецца надзвычай цяжка. Як і ў іншых краінах СНД, вялікай праблемай Азэрбайджану зьяўляецца карупцыя. Мы перажылі і яшчэ перажываем тыя клясычныя парокі, якія перажылі іншыя краіны СНД”.

(Дракахруст: ) “Аднак у найноўшай гісторыі Азэрбайджану былі моманты, якія адрозьнівалі яго ад іншых краінаў СНД. У большасьці зь іх камуністычная намэнклятура і пасьля здабыцьця незалежнасьці ні на водзін момант не губляла ўладу. У Азэрбайджане на пачатку 90-х гадоў прэзыдэнтам стаў клясычны дысыдэнт Абульфаз Эльчыбей, які потым, аднак, саступіў уладу намэнклятурнаму “цяжкавагавіку” Гейдару Аліеву. Чаму так адбылося”.

(Джываруй: ) “Калі ў былым СССР у канцы 80-х гадоў падымаўся дэмакратычны рух, у Азэрбайджане яго моц была надзвычай высокаю. Першапачатковым імпульсам былі падзеі ў Карабаху, праблема Карабаху і сёньня застаецца актуальнай. Але гэта было зьвязана і з агульнанародным уздымам, народ упершыню спазнаваў самога сябе, калі ён разам. І на гэтай хвалі была вельмі высокая прага да дэмакратыі. Рух выглядаў нацыянальным, але ў падмурку былі дэмакратычныя каштоўнасьці. І тое, што Эльчыбэй стаў другім прэзыдэнтам, зьмяніўшы у 1992 годзе Муталібава, гэта было натуральна. У той момант Народны Фронт быў самай моцнай грамадскай сілай у Азэрбайджане. Тыя хто прыйшоў да улады, былі часткаю таго часам мільёнага натоўпу, які зьбіраўся на цэнтральнай плошчы у Баку. Але такім жа натуральным быў і прыход да ўлады ў 1993 годзе Гейдара Аліева. Пры ўсіх выдатных дасягненьнях, адсутнасьць досьведу кіраваньня перашкаджала ўраду Народнага Фронту прымаць правільныя рашэньні ў гэтай складанай сытуацыі. У гісторыі ёсьць свая лёгіка і адбылося тое, што адбылося”.

(Дракахруст: ) “Азэрбайджан сустракае юбілей сваёй незалежнасьці, кіраваны патрыярхам каўкаскай палітыкі Гейдарам Аліевым. Як можна ацаніць ягоную ролю у найноўшай гісторыі краіны, які балянс плюсаў і мінусаў яго кіраваньня?”

(Джываруй: ) “Ягоная роля вельмі важная. Зараз у краіне сярод апазыцыі і часткі інтэлігенцыі пануе меркаваньне, што з 1993 па 1998 год роля была надзвычай станоўчай. Ён вырашыў праблемы, якія б наўрад ці здолелі вырашыць яго менш умелыя апанэнты і папярэднікі. Ён лёгка разграміў узброеную апазыцыю, якая уяўляла вялікую пагрозу азэрбайджанскай дзяржаўнасьці. Ён здолеў, дзякуючы надзвычайнаму дыпляматычнаму майстэрству, зраэлізаваць міжнародныя нафтавыя кантракты. Гэта ў значнай ступені дало краіне бясьпеку ад любых зьнешніх пагрозаў. Але пазьней стала зразумела, што быў зроблены шэраг памылак. Стаўка на нафту была правільнаю, але празьмерная стаўка ускладніла вырашэньне карабахскага канфлікту. Здавалася, што пры дапамозе нафты мы здолеем прымусіць усясьветную супольнасьць узьдзейнічаць на Армэнію, каб яна адмовілася ад сваіх незаконых тэрытарыяльных прэтэнзыяў і актаў простай агрэсіі. Гэтага не атрымалася. Карупцыю перамагчы таксама не атрымалася. Хаця у нейкай ступені яна зьвязана з тым, што трэба было будаваць дзяржаўнасьць любымі сродкамі. І трэба было браць пад увагу інтарэсы розных палітычных і эканамічных групаў. Аліеў выканаў сваю гістарычную задачу перад нацыяй. Ён і зараз кіруе даволі ўмела, мы сталі сябрам Рады Эўропы, краіна інтэгруецца ў іншыя эўрапэйскія структуры, але гэта ўжо інэрцыя. А грамадзтву патрэбнае аднаўленьне”.

(Дракахруст: ) “Азэрбайджан цяжка назваць дэмакратычнай краінай, але ён і ня стаў традыцыйнай усходняй дэспатыяй як некаторыя іншыя краіны былога СССР. Чаму?”

(Джываруй: ) “Справа ў тым, што ў Азэрбайджане заўсёды былі моцныя дэмакратычныя традыцыі. У 20-х гадох ХХ стагодзьдзя Азэрбайджан стаў першай дэмакратычнай дзяржаваю на Ўсходзе. Гэтая дзяржава праіснавала дастаткова доўга, каб гэтыя традыцыі не памерлі, нягледзячы на савецкі пэрыяд. Да таго ж у Азэрбайджане вельмі высокі ўзровень адукацыі, у СССР ён быў на адным зь першых месцаў паводле гэтага паказчыку. Калі б нават раптам на чале дзяржавы апынуўся чалавек, які б захацеў цалкам пазбавіць грамадзтва свабоды, у яго б гэта не атрымалася. Аліеў – дастаткова мудры палітык, каб разумець, што з рэальнасьцю не магчыма змагацца, нават калі табе яна не падабаецца.

У Азэрбайджане каля 500 недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў, палітычныя партыі дзейнічаюць больш свабодна, чым у суседніх Грузіі і Армэніі, свабодны друк, хаця і адчувае ціск, працягвае функцыянаваць. Хаця зразумела, аўтарытарны рэжым адчуваецца, усе праблемы замыкаюцца на адну асобу. Вельмі цікавая праблема – матывы, якімі кіруюцца лідэры дзяржаваў СНД. Я лічу, што Пуцін сыходзіць зь дзяржаўных інтарэсаў Расеі, і гэта няблага, калі разумець дзяржаву ў цяперашніх межах Расеі. Хтосьці хоча захаваць традыцыйны патрыярхальны уклад у сваёй краіне. Азэрбайджан зараз знаходзіцца перад складанаю праблемаю – знайсьці сваю гістарычную мэту”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG