Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ БУШ ПРАДБАЧЫЦЬ, ШТО ВАЙНА БУДЗЕ ДОЎЖЫЦЦА БОЛЬШ ЯК ДВА ГАДЫ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У Афганістане самалёты Злучаных Штатаў узмацнілі свае атакі на талібанскія аб’екты ў Кабуле і Кандагары.

Талібы і сілы “Паўночнага Зьвязу” былі заблякаваныя ў сваіх баявых дзеяньнях, якія зь пераменным посьпехам ідуць вакол паўночнага места Мазар-і-Шарыф.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэйр заявіў парлямэнту: “Мы знаходзімся ў працэсе нарошчваньня ваенных сілаў супраць рэжыму талібаў і арганізацыі Аль-Каіда”. А гэта азначае, што ўжываньне наземных сілаў у Афганістане – непазьбежнае.

Паведамляецца, што навучаны маланкавым атакам і сакрэтным аэрацыям спэцназ Злучаных Штатаў ужо ў гэтым тыдні пачне дзейнічаць на афганскай тэрыторыі, па якой цяпер працягваюцца авіяўдары. Апошнімі днямі зьнішчаныя паліўныя склады ля кабульскага аэрапорту, збамбаваныя пазыцыі талібаў пад Джалалабадам і Кандагарам, а таксама папсаваная сыстэма энэргазабесьпячэньня.

Ад жаху быць зафіксаванымі апаратурай сачэньня і ў выніку збамбаванымі, талібы адмовіліся ад ўжываньня спадарожнікавай сувязі.

Талібан пачынае раздаваць зброю цывільнаму насельніцтву. Каля 150 талібаў, узброеных аўтаматамі Калашнікава, рэактыўнымі ўстаноўкамі і гранатамі ахоўваюць свайго лідэра мулу Мухамэда Амара, які бясконца зьмяняе месцы свайго побыту, каб ухіліцца ад авіяўдараў.

Учора ў часе выступу перад палявымі камандзёрамі мула Амар імкнуўся падтрымаць іхны баявы дух. “Алаг прынясе паразу нашым ворагам, – сказаў ён. – Гэта джыгад супраць няверных, падобны на той, які мы вялі супраць Саветаў. Я ўпэўнены ў прыхільнасьці Алага і мы змусім нашых ворагаў стаць на калені”.

Талібан заяўляе, што цягам апошніх двух дзён ад бамбаваньняў загінулі 47 мірных жыхароў, але мула Амар перакананы, што ягоныя людзі не баяцца сьмерці. “Гэта не істотна сёньня мы памрэм ці заўтра, – кажа ён, – нашая мэта – пакуты”.

Адкрытым застаецца пытаньне лёсу міністра замежных справаў Талібану Вакіля Ахмэда Мутавакіля. Паводле адных крыніцаў, ён ратуецца ўцёкамі, паводле іншых – вядзе дыпляматычную працу па-за межамі Афганістану.

Паведамляецца, што ён, у абмен на спыненьне бамбаваньня, прапанаваў выдаць тэрарыста нумар адзін – Усаму бін Лядэна – якой заўгодна трэйцяй краіне, апрача Злучаных Штатаў. Але прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэйр сказаў, што бамбаваньні спыняцца толькі тады, калі тэрарыстычная сетка ў Афганістане будзе зьнішчаная раз і назаўсёды, – піша International Herald Tribune.


XS
SM
MD
LG