Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫЯ МАДЖАГЕДЫ, ЯКІЯ ЖЫВУЦЬ У БЕЛАРУСІ, НЯ ВЕРАЦЬ У ПОСЬПЕХ КОНТАРТЭРАРЫСТЫЧНАЙ АПЭРАЦЫІ NATO


Ігар Карней, Менск

Больш за 400 этнічных афганцаў цягам апошняга дзесяцігодзьдзя атрымалі ў Беларусі статус уцекачоў. Але паводле зьвестак Вярхоўнага камісарыяту ААН у Беларусі, колькасьць нелегальных эмігрантаў з гэтай краіны ў 4-5 разоў большая. І, натуральна, усе яны зь вялікай увагай сочаць за разьвіцьцём падзеяў на радзіме. Вось што кажа кіраўнік "Фонду дапамогі ўцекачам з Афганістану" Сафі Рахман:

(Сафі Рахман: ) "У Беларусі вельмі шмат адукаваных афганцаў — лекары, інжынэры, банкіры. Але кожны, хто пакінуў Афганістан, разумее, што трагедыя ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне ня мае ніякага дачыненьня да народу Афганістану. У гэтыя дні пад ракетамі й бомбамі дарэмна гінуць тысячы мірных афганскіх жыхароў".

Я спытаўся ў Сафі Рахмана, ці ёсьць у Беларусі афганцы, якія бралі ўдзел у вайсковых дзеяньнях на тэрыторыі Афганістану ў часе супраціву савецкай акупацыі. І вось што ён адказаў:

(Сафі Рахман: ) "Натуральна, ёсьць. Яшчэ да захопу ўлады талібамі асноўную масу Паўночнага Альянсу складалі маджагеды (у савецкі час — душманы), якія былі падрыхтаваныя ў лягерах Пакістану й Савудаўскай Арабіі і накіроўваліся ў Афганістан супраць ураду Бабрака Карамля й Наджыбулы.

Хто такія талібы? Талібы — людзі, якія навучаліся ў Пакістане, Савудаўскай Арабіі. І Паўночны Альянс, і талібы асаблівай падтрымкі ад нашага народу ня маюць — тое, што яны рабілі, было супраць нашага народу. Маё меркаваньне — патрэбны чалавек, які аб'яднаў бы афганцаў. Адзіны варыянт — кароль Захір-Шах".

Аднаго зь непасрэдных удзельнікаў той вайны я знайшоў выпадкова — зараз ён гандлюе на Камароўскім рынку. 40-гадовы Саід Урфані ў сярэдзіне 1980-х ваяваў супраць савецкіх войскаў у Кандагары. І толькі з прычыны страты рукі ён кінуў зброю і стаў займацца мірнымі справамі. У Беларусі нелегальна жыве 6 гадоў, але надоўга тут затрымлівацца не зьбіраецца, бо ёсьць шанец трапіць у Швэцыю. Ягонае меркаваньне такое: паводле досьведу вайны з СССР, контартэрарыстычная апэрацыя ЗША й Вялікай Брытаніі скончыцца на карысьць Афганістану.

(Саід Урфані: ) "У сярэдзіне 1980-х я ваяваў супраць шураві, супраць Савецкага Саюзу. Потым быў паранены, стаў фактычна інвалідам. Мы тады праз Пакістан атрымлівалі амэрыканскую зброю і грошы. Пасьля 1989-га году ўладу маджагедаў скінуў чарговы праамэрыканскі рэжым. Бін Лядэн, мула Амар — яны таксама падняліся з дапамогай Амэрыкі. Пасьля яны назвалі сябе талібанам. На рэальную дапамогу Амэрыкі можна не разьлічваць. Бо ніводзін з бакоў не зацікаўлены, каб на гэтай тэрыторыі хтосьці зноў усталяваўся надоўга".

Саід Урфані кажа, што зноў бы ўзяў удзел у вайсковых дзеяньнях на Радзіме. Але трапіць у краіну нават этнічнаму афганцу немагчыма — кожны з бакоў лічыць людей, якія зьехалі з краіны, здраднікамі. А таму трапіць у шэрагі Паўночнага Альянсу і талібаў аднолькава цяжка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG