Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЫНІКУ БІЯТЭРАРЫСТЫЧНАЙ АТАКІ ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ КАНГРЭСУ ЗША ПРЫПЫНІЛА ПРАЦУ


Мікола Іваноў, Прага

Рэакцыю на гэта амэрыканскга грамадства асьвятляе карэспандэнт нашай радыёстанцыі ў ЗША Андру Талі.

Пасьля атрыманьня ліста з бактэрыямі сыбірскай язвы канцылярыяй лідэра дэмакратынай бальшыні ў Сэнаце Тома Дашла Палата прадстаўнікоў Кангрэсу вырашыла прыпыніць на некалькі дзён сваю працу, каб дазволіць спэцыялістам праверыць будынак. Аднак лідэры вышэйшай палаты амэрыканскага Кангрэсу – Сэнату – вырашылі інакш. Сэнатар Том Дашл абвясьціў:

(Дашл: ) “Я глыбока перакананы, і сэнатар Трэндт Лотт (лідэр рэспубліканскай меншасьці) таксама, што нельга дазволіць спыніць працу сэнату”.

Такім чынам, сёньня адбудзецца чарговае пасяджэньне сэнату.
Паведамляецца, аднак, што ўдзел у пасяджэньні возьмуць толькі самі сэнатары, магчыма, пры ўдзеле некалькіх сваіх дарадчыкаў. Пэрсанал жа Кангрэсу, а звычайна на Капітоліі працуе да 20 тысячаў чалавек, адпраўлены ў адпачынак.

На думку некаторых амэрыканскіх палітычных аглядальнікаў, гэтае частковае закрыцьце Кангрэсу азначае часовую перамогу тэрарыстаў. Том Рыдж, новапрызначаны дырэктар Бюро нацыянальнай бясьпекі Белага Дому, гаворыць, што ёсьць сувязь паміж паветранымі атакамі тэрарыстаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон 11 верасьня, калі загінула больш за 5 тыс. чалавек, і апошнімі выпадкамі лістоў з сыбірскай язвай.

Але, ці сапраўды частковае прыпыненьне працы Кангрэсу сымбалізуе перамогу тэрарыстаў? Былы сябра Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу Біл Фрэнзэль, які даў інтэрвію нашаму Радыё, лічыць, што ні ў якім выпадку. На ягоную думку, лідэры Палаты прадстаўнікоў і сэнату ажыцьцяўляюць толькі неабходныя папераджальныя меры, каб не дазволіць сытуацыі пагоршыцца яшчэ больш. Біл Фрэнзэль гаворыць:

(Фрэнзэль: ) “Палата прадстаўнікоў прыпыніла працу, каб гарантаваць бясьпеку сваіх членаў, пэрсаналу Капітолія, наведвальнікаў і іншых. Я ня думаю, што гэта можа задаволіць нашых ворагаў. Я думаю, што гэта толькі зробіць Кангрэс больш рашучым”.

Зь Білам Фрэнзэлем згаджаецца і Лары Собата, палітычны аналітык Унівэрсытэту штату Вірджынія. На ягоную думку, можа больш задаволіць тэрарыстаў тое, якім чынам асьвятляюць выпадкі з сыбірскай язвай амэрыканскія сродкі масавай інфармацыі:

(Собата: ) “Я думаю, што гэтая справа разьдзьмутая. Немагчыма было перабольшыць эфэкт падзеяў 11 верасьня. Але магчыма перабольшыць эфэкт некалькіх выпадковых лістоў з сыбірскай язвай, якія маюць вельмі малое рэальнае значэньне на бальшыню людзей”.

Як вядома, на сёньняшні дзень 4 асобы заразіліся сыбірскай язвай, а яшчэ 9 былі інфэкаваныя, але не заразіліся ў дадатак да тых, хто меў дачыненьне да заражанага ліста на Капітоліі. Адзін чалавек памёр два тыдні таму.

Фэдэральнае Бюро расьсьледаваньняў ЗША вядзе сьледзтва ў справе падабенства паміж лістом з сыбірскай язвай, накіраваным сэнатару Дэшлу ў Вашынгтон і лістом, накіраваным у тэлекампанію Эн Бі Сі ў Нью-Ёрк. Пакуль ніякай выразнай сувязі паміж імі ня знойдзена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG