Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖАНЧЫНА, У ЯКОЙ У ТУРМЕ НА СУХОТЫ ПАМЁР СЫН, ПАДАЛА НА ЎЛАДЫ Ў СУД


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Рабочая 3-й калійнай капальні Салігорску Натальля Капачова спрабуе празь Ленінскі раённы суд Менску спагнаць зь міліцыі 70 мільёнаў рублёў як кампэнсацыю за страту сына, які захварэў у турме на сухоты.

Ейны сын Юры памёр сёлета ў лютым, было яму 23 гады. Хлопец калісьці займаўся штангай і важыў 90 кіляграмаў. А перад сьмерцю ён важыў усяго 30 кіляграмаў.

Адбываў пакараньне Юры ў Воршы. Спачатку у тамтэйшай 8-й, потым у 12-й калёніі. Маці дакладна ведае, у якой з гэтых установаў сын захварэў, пры якіх абставінах, што прывяло да трагічнага выніку хваробы, але з гэтымі зьвесткамі прадстаўнікі Камітэту выкананьня пакараньняў не пагаджаюцца і віны сваёй не прызнаюць. Натальля Капачова распавядае:

(Капачова: ) "Спачатку ён быў на васьмёрцы, а потым, калі захварэў, яго перавялі на 12-ю калёнію, там жа ў Воршы. У камэры два на два мэтры жылі 6 чалавек, разам з хворымі. Прычым нам нават не давалі перадаваць туды вітаміны, ня тое што мэдыкамэнты".

Натальля Капачова спасылаецца на сына Юр'я, які пасьпеў перад сьмерцю распавесьці пра ўмовы, у якіх ён правёў больш за чатыры гады, але гэтыя словы, як яна кажа, "у дакумэнты не пераробіш". Яшчэ сьведка — сябар Юр'я, які таксама захварэў у аршанскай турме на сухоты — яна спадзяецца, што яму хопіць сьмеласьці выступіць на судзе і засьведчыць, як на справе турэмныя лекары лячылі Юр'я.

(Капачова: ) "У яго была тэмпэратура 40 градусаў, а яму нават не далі асьпірына. Ён казаў, што чатыры дні ня мог падняцца, а лекарам было ўсё роўна", — распавяла жанчына.

Натальля Капачова прадбачыць, што выйграць гэты працэс будзе вельмі складана, бо прадстаўнікі Камітэту выкананьня пакараньняў бароняцца шматлікімі паперамі, паводле якіх усе нормы харчаваньня і лячэньня вязьняў яны выконвалі дакладна. Да таго яны дамагліся, каб працэс быў закрыты, спасылаючыся на тое, што ў судзе могуць прагучаць нейкія службовыя тайны.

Капачова ня лічыць аргумэнты міліцыянтаў шчырымі. Пагаджаюцца зь ёй і ў Беларускім Гельсынскім камітэце, які дапамагае жанчыне на судзе. Праваабаронца Алег Гулак мяркуе, што ніякія сакрэтныя зьвесткі на працэсе не прагучаць, і міліцыянты проста спрабуюць схаваць ад грамадзкасьці праўду.

(Гулак: ) "Яшчэ адна праблема, на якую мы зьвяртаем увагу суда — існаваньне 106-га загаду Міністэрста ўнутраных справаў, які ўсталёўвае крытэры, паводле якіх хворага чалавека магчыма вызваліць з турмы. На нашую думку, узровень гэтых крытэраў вельмі высокі, жорсткі. Фактычна чалавека могуць выпусьціць на лячэньне толькі тады, калі яго ўжо, прабачце, трэба выносіць наперад нагамі.

У дадзеным выпадку амаль гэтак і адбылося. Хлопца з турмы забіралі на машыне хуткай дапамогі, з турэмных насілак туды пераклалі ў прысутнасьці маці і адвезьлі ў бальніцу ў Бараўляны, дзе ён і памёр".

Паводле праваабаронцаў, з 70 тысяч зьняволеных і арыштаваных у Беларусі некалькі тысяч хварэе на сухоты . Дакладныя зьвесткі, паводле праваабаронцаў, у Камітэце выкананьня пакараньняў ведаюць, але гэтыя зьвесткі хаваюць.

Вось і на працэсе, які праходзіць у Ленінскім судзе Менску, кажа Гулак, міліцыянты адмовіліся паведаміць лічбу хворых на сухоты. Прызналі толькі, што колькасьць хворых на сухоты ў турмах Беларусі ў 15 разоў большая, чым на волі.


XS
SM
MD
LG