Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРОД БРЫТАНЦАЎ ЁСЬЦЬ І КРЫТЫКІ ВАЕННАЙ АПЭРАЦЫІ Ў АФГАНІСТАНЕ


Мікола Пачкаеў, Лёндан

Пакідаючы па-за дужкамі некаторых ісьлямскіх клерыкаў, якія знайшлі прытулак у Брытаніі, а цяпер заклікаюць да нападаў на Брытанскія аб’екты і ўстановы, – крытычныя галасы тут можна разьдзяліць на тры катэгорыі.

Па-першае, акцыя кааліцыі моцна крытыкуецца дабрачыннымі арганізацыямі, заангажаванымі ў дастаўку гуманітарнай дапамогі ў Афганістан. У Брытаніі, як вядома, базуецца шэраг такіх уплывовых міжнародных ці брытанскіх харытатыўных няўрадавых арганізацыяў. Сёньня, напрыклад, Oxfam International заклікала перапыніць бамбаваньне, бо паветраныя ўдары маўляў робяць немагчымай дастаўку харчаваньня ў Афганістан. Як гаворыць Оксфам, пасьля таго, як будынкі Чырвонага Крыжа былі разбамбаваныя (праз памылку), афганскія супрацоўнікі харытатыўных арганізацыяў цяпер не рызыкуюць працаваць ці нават знаходзіцца на такіх аб’ектах, што перапыняе раздачу нават ужо прывезенага харчаваньня. Дастаўка гуманітарнай дапамогі ваеннымі самалётамі не вырашае сытуацыі, бо, маўляў, калі вайскоўцы скідаюць як бомбы, так і харчы, то ў афганскага насельніцтва расьце недавер таксама і да ўсіх, хто дастаўляе ў Афганістан прадукты.

Другая група апанэнтаў вайсковай акцыі знаходзіцца сярод брытанскіх палітыкаў. Некаторыя парлямэнтары традыцыйна займаюць пацыфісцкія пазыцыі. На апошнім паседжаньні парлямэнта, дзе шэф Міністэрства замежных справаў Джэк Стро тлумачыў бягучую сытуацыю, палітыка ўрада зазнала беспрэцэдэнтную крытыку як з боку традыцыйных пацыфістаў, так і некаторых дэпутатаў ад кіруючай Лейбарысцкай партыі. Дзеля прыкладу, бамбаваньне Афганістану было параўнана ў парлямэнце з тым, як бы чэмпіёна па боксе Майка Тайсаны паставілі на рынг з 5-гадовым дзіцёнкам і глядзелі б на тое, як ён зьбівае свайго бездапаможнага праціўніка. Гэтая група брытанскіх палітыкаў хацела б перанесьці вагу менавіта на гуманітарны аспэкт.

І па-трэцяе, некаторыя тут хацелі б бачыць брытанскі ўдзел у антытэрарыстычнай апэрацыі хутчэй на дыпляматычным фронце. Многія мяркуюць, што Брытанія мае натуральныя перавагі перад ЗША ў гэтай галіне. Па-першае, тут мяркуецца, што на арабскім усходзе ёсьць большы давер да Аб’яднанага Каралеўства, бо Брытанія не разглядаецца там толькі як адданы і насьлядоўны прыхільнік Ізраілю. Па-другое, многія краіны таго рэгіёну былі брытанскімі каляніяльнымі тэрыторыямі – уключна з Палестынай і Пакістанам – і Брытанія традыцыйна захоўвае трывалыя сувязі з элітамі сваіх былых калёніяў.

Канечне, брытанскі ўдзел у ваеннай апэрацыі працягваецца, і такая крытыка ёсьць сёньня пазыцыяй невялікай меншасьці. Аднак права крытычных галасоў на тое, каб быць пачутымі ў парлямэнце і прэсе, зьяўляецца адной з гарантыяў дэмакратычнага фармаваньня палітыкі краіны ўвогуле, – так уважаецца у Вялікабрытаніі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG