Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДАЗРОНЫЯ КАНВЭРТЫ ЗНОЙДЗЕНЫЯ Ў ДЗЯСЯТКАХ КРАІНАЎ, АЛЕ НІДЗЕ, АПРАЧА ЗША, СЫБІРСКАЙ ЯЗВЫ Ў ІХ НЯМА


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Тым часам у Францыі больш як 60 чалавек былі пакладзеныя ў лякарні пасьля таго як у розных установах былі знойдзеныя падазроныя канвэрты зь белым парашком. Пра гэта сёньня піша International Herald Tribune.

Францускі міністар аховы здароўя Бэрнард Кушнер абвінаваціў журналістаў у няслушным ужываньні слова “псыхоз” у загалоўках артыкулаў, якія маглі прывесьці да беспадстаўнай панікі сярод насельніцтва, бо ніводнае падазрэньне на пранікненьне сыбірскай язвы з ЗША ў Францыю не пацьвердзілася.

Тым часам у Нямеччыне быў эвакуяваны офіс канцлера Герхарда Шродара, пасьля таго, як у адным з паштовых канвэртаў быў знойдзены белы парашок, першыя аналізы якога таксама паказалі, што ён ня мае нічога супольнага з сыбірскай язвай.

У Аўстрыі, частка венскага аэрапорту была эвакуяваная пасьля таго, як невялікая колькасьць парашку падобнага да солі ці цукру была знойдзеная ля стойкі інфармацыйных брашураў.

Падобныя сытуацыі былі ў Шатляндыі, Польшчы, Чэхіі, Нарвэгіі, Даніі, Бэльгіі, Літве, Партугаліі, Эстоніі, Ізраілі і нават Аўстраліі. Ва ўсіх гэтых выпадках, – піша International Herald Tribune, – бактэрыяў сыбірскай язвы знойдзена не было.

Пакуль што хвароба зафіксаваная толькі ў 12 чалавек са Злучаных Штатаў. Адзін з гэтых людзей памёр, астатнія знаходзяцца ў лякарнях. Сыбірская язва лёгка вылечваецца, калі бактэрыя трапіла на скуру і значна цяжэй, калі яна пранікла ў арганізам. Але, нават у гэтым выпадку, своечасова заўважаная хвароба паддаецца лячэнью.

У той самы час, – піша газэта, – цягам мінулага тыдню ў рэспубліцы Тува, якая знаходзіцца на поўдні Расеі, з дыягназам сыбірскай язвы былі шпіталізаваныя 36 чалавек. Іхная хвароба была зьвязаная ня зь белым парашком. Яна сталася вынікам кантактаў гэтых людзей з хворымі жывёламі. Але, – адзначае газэта, – сыбірская язва толькі адна са шматлікіх небясьпекаў для тувінцаў.

Расея не адмаўляе магчымасьці тэрактаў з ужываньнем бактэрыі сыбірскай язвы, але як Расея, так і ЗША мусяць больш баяцца масавай гістэрыі. “Вядома, людзі ўсхваляваныя”, – кажа вядучы расейскі экспэрт у праблемах сыбірскай язвы, доктар Веніамін Чаркаскі і дадае, што тэракты 11 верасьня ў ЗША, паводле сваіх вынікаў, не сувымерныя зь небясьпекай ад распаўсюджаньня гэтай хваробы.

Таму, мэты тэрарыстаў у гэтым выпадку расейскі лекар акрэсьлівае як жаданьне спалохаць, навесьці паніку, пазбавіць жыхароў Злучаных Штатаў пачуцьця абароненасьці.

Задача тых, хто атрымаў па пошце падазроныя канвэрты і тых хто іх экспэртаваў, – кажа Чаркаскі, – супакоіць людзей і выразна вытлумачыць ім што такое сыбірская язва. Разам з тым лекар адзначыў, што ўладальнікі бактэрыі сыбірскай язвы – вышэйшыя мікрабіёлягі-прафэсіяналы, бо стварэньне падобнай бактэрыі патрабуе высокіх ведаў і добрых лябараторыяў. “І ўсё ж, – кажа Чаркаскі, – не такі страшны чорт, як яго малююць”.

XS
SM
MD
LG