Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІ ЧАСОПІС WPROST СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО БЕЛАРУСЬ ЗАБЯСЬПЕЧВАЕ ЗБРОЯЙ ТЭРАРЫСТАЎ ПА ЎСІМ СЬВЕЦЕ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паводле часопісу, “Беларусь забясьпечвае зброяй тэрарыстаў ды бандыцкія рэжымы” па ўсім сьвеце. Да артыкулу часопіс падае таксама вялікі здымак Лукашэнкі ў вайсковай уніформе і з аўтаматам Калашнікава ў часе стрэльбаў.

“Па распадзе Савецкага Саюзу, Беларусь павінна была прыкладна на палову паменшыць запасы ўзбраеньняў, якія значна перавышалі патрэбы краіны. Аднак адразу па прыходзе да ўлады, Аляксандар Лукашэнка забараніў нішчыць вайсковую тэхніку, а замест зьнішчэньня пачаў прадаваць каштоўныя ўзбраеньні дыктатарскім рэжымам, а таксама тэрарыстычным групам ў Паўднёвай Амэрыцы, на Бальканах, у Афрыцы і на Блізкім Усходзе,” – піша аўтар матэрыялу Ян Чурыловіч.

Далей у артыкуле падрабязна распавядаецца пра супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з рэжымам Садама Хусэйна, якое ладзілася праз шматлікіх пасярэднікаў насуперак санкцыям ААН. У прыватнасьці, цягам апошніх шасьці гадоў Хусэйн набыў на Беларусі алмазныя дэталі, якія ўжываюцца да вытворчасьці частак ядзернай зброі і ракетаў вялікай далёкасьці, а таксама зброю для мадэрнізацыі ірацкай супрацьпаветранай абароны.

Паводле аўтара, наўзамен за продаж у 98 годзе 8 самалётаў МІГ-29 у Пэру, Альбэрта Фухіморы згадзіўзся на разьмяшчэньне ў пэруанскіх банках лукашэнкавых грошай ад нелегальнага продажу зброі.

“Зброя, якую прадавала Беларусь, падтрымлівала большасьць узбройных канфліктаў і ў Афрыцы”, - піша далей Ян Чурыловіч, - Ангольская UNITA купляла ў Лукашэнкі танкі і сыстэмы «Смерч», Судан – ракеты “Град”, танкі Т-55 і гэлікоптэры Мі-24, Алжыр набыў МІГі, а Марока – танкі. Беларускай зброяй карысталіся таксаме ў часе грамадзянскае вайны ў Руандзе. Дзякуючы гандлю з афрыканскімі краінамі, рэжым Лукашэнкі трапіў у першую дзесятку сусьветных экспартэраў зброі”.

У артыкуле таксама падаецца меркаваньне Ізраільскіх ды Эўрапейскіх экспэртаў, якія лічаць, што Менск ёсьць найвялікшым пастаўшчыком зброі для мусульманскіх экстрэмістаў на Блізкім Усходзе, а таксама для альбанскіх паўстанцаў.

Паводле часопісу, Лукашэнка ахвотна пасярэднічае ў продажы таксама і расейскай зброі. Масква, якая клапоціцца пра свой імідж як краіны, якая прытрымліваецца міжнароднага заканадаўства, дзеля сувязяў з краінамі з дрэннай рэпутацыяй выкарыстоўвае Беларусь. Прыкладам, нядаўна Іран зьвярнуўся да Беларусі па дапамогу ў набыцьці некаторых ваенных тэхналёгіяў, якія мае Расея.

“Wprost” падае меркаваньне былога міністра абароны Беларусі Паўла Казлоўскага, паводле якога ад 97 па 2000 год Беларусь атрымала за зброю каля 2 мільярдаў даляраў. Добрая частка гэтых грошай аказалася на таемных рахунках Лукашэнкі, а таксама ў ягоным “спэцыяльным фондзе”, дзе некалькі гадоў таму ўжо было больш за мільярд даляраў.

“Невядома, колькі яшчэ танкаў, зьнішчальнікаў, гарматаў і аўтаматаў мае на продаж Лукашэнка, бо беларускія ўлады ніколі не давалі згоды на інспэкцыю сваёй зброі праз ААН ды іншыя міжнародныя арганізацыі. Аднак маючы ў руках вялізны арсэнал зброі, які застаўся ад СССР, Лукашэнка можа яшчэ гадамі падсілкоўваць узброеныя канфлікты ў сьвеце,” – падсумоўвае Ян Чурыловіч, аўтар артыкулу “Саўдзельнік злачынства”, надрукаванага ў сёньняшнім нумары польскага часопісу “Wprost”.

Варта дадаць, што часопіс “Wprost”, акрамя Польшчы, распаўсюджваецца ў шэрагу краінаў Эўразьвязу, у Влікай Брытаніі ды Паўночнай Амэрыцы.

XS
SM
MD
LG