Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ РАСПРАЦОЎВАЕ НОВУЮ ПРАГРАМУ


Валер Каліноўскі, Менск

Рашэньне пра перагляд праграмы прыняў Сойм БНФ адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Існуючая цяпер праграма фронту была ўхваленая яшчэ ў 1993 годзе. За гэты час і краіна, і партыя апынуліся ў новым грамадзка-палітычным кантэксьце.

Акрамя таго, у палітыку прыйшло новае пакаленьне, перад якім стаяць новыя задачы. Хаця трэба прызнаць, што праблемы, якія ў 1993 годзе стаялі перад беларускім грамадзтвам, актуальныя і цяпер.

Гаворыць кіраўнік рабочай групы ў справе стварэньня новай праграмы БНФ вядомы палітык Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) "Па праўдзе сказаць, праграма, што прынялі ў 1993 годзе, на 90%, як на мой погляд, актуальная і сёньня. Усе тыя мерапрыемствы, якія там былі зафіксаваныя, яны зробленыя ў вельмі малой ступені — я маю на ўвазе ў сфэры дзяржаўнага будаўніцтва. І яшчэ ў меншай ступені яны ажыцьцёўленыя ў сфэры пабудовы дэмакратычнага грамадзтва і грамадзянскай супольнасьці".

Лявон Баршчэўскі лічыць, што стратэгічныя мэты БНФ застаюцца тыя ж, бо не адбылося ні разьдзяржаўленьня эканомікі, ні дэмакратызацыі, ні падзелу ўладаў. Ранейшая праграма, такім чынам не была выкананая — БНФ не атрымаў большасьці ў парлямэнце, не стварыў свайго ўраду.

І цяпер, як прызнаюць лідэры партыі, БНФ не стаіць на парозе ўлады. Трэба шукаць іншых сродкаў рэалізацыі праграмных палажэньняў праз кааліцыі, палітычныя саюзы і кампрамісы. Гэта будзе ўлічана ў новай праграме.

(Баршчэўскі: ) "Стратэгічная мэта — дасягнуць выкананьня асноўных палажэньняў гэтай праграмы. Іншае пытаньне, што, можа быць, ня ўсё зрабіць самім. Не самім заваяваць усю ўладу, а ўплываць на ўладныя структуры, на любыя выбары і рабіць кааліцыі, дасягаць посьпеху ў кааліцыях. Гэта напэўна больш такі рэальны шанец".

На думку спадара Баршчэўскага, цяпер трэба ўлічыць, што БНФ ужо не адзіная апазыцыйная сіла, якая зьбірала вакол сябе палітыкаў розных ідэалягічных кірункаў. Новая праграма БНФ павінна быць выразна правацэнтрысцкай паводле ідэалёгіі, — лічыць ён.

На паседжаньні рабочай групы па распрацоўцы новай праграмы БНФ прагучала прапанова правесьці некалькі праграмных канфэрэнцыяў па розных кірунках, каб кожны сябар партыі змог прыняць у іх удзел і вынесьці на зьезд БНФ у сьнежні ўжо не прапановы групы распрацоўшчыкаў, а бачаньне, выпрацаванае ў выніку шырокай унутрыпартыйнай дыскусіі.

XS
SM
MD
LG