Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА ЎРАЛА ЛАТЫПАВА НА КОНКУРСЕ “ПРЫЗ ЭЎРОПА 2001” У БЭРЛІНЕ


Аляксандар Лукашук, Бэрлін

Кожную раніцу мы з калегамі сядаем у студыі бэрлінскага Дому Радыё, уключаецца чарговы запіс і гучаць галасы, музыка, прызнаньні, спрэчкі – чужыя невядомыя лёсы, але цалкам зразумелыя. Праграма баўгарскага дакумэнталіста Антонія Дончава называецца “Неадрэдагаваныя сцэны жыцьця”. Апошнія тры гады ён рабіў запісы ў кватэрах старых людзей. Вось лекар вучыць інваліда ў калясцы карыстацца туалетам, старую даму адведвае сьвятар і яны разам купаюць кацяня, 80-гадовая камуністка ў доме састарэлых даводзіць сяброўцы, што нездарма ж яны расстрэльвалі ворагаў народу ў 1946-м. Конкурсная праграма вугорскага радыё называецца “Урокі расейскай мовы для пачаткоўцаў”. Фэрэнц Маркавіч, аўтар, захацеў адказаць на пытаньне, хто ж былі савецкія салдаты, якія правялі ва Ўгоршчыне 46 гадоў. Каб адысьці ад клішэ кшталту “героі-вызваліцелі” ці “барбарскія орды”, ён зрабіў дзевяць 20-хвілінных перадачаў, у якіх гучалі матэрыялы архіву, урыўкі літаратурных тэкстаў і, як стрыжань, ішлі тэксты ўрокаў абавязковай, але абрыдлай рускай мовы. Адзін фрагмэнт – настаўніца так стамілася ад вучня, які ніяк ня хоча вывучыць “вялікі і магучы”, што ў роспачы прапануе: “Ну скажы хоць 10 словаў і сдасі экзамен”. Вучань задумваецца, а потым выпальвае: “Адзін, два, тры, чатыры, пяць…”

Адна з адметных прыкметаў бэрлінскага конкурсу “Прыз Эўропа” – настойлівая прысутнасьць эўрапейскай гісторыі, якая парцягвае ўплываць на штодзённае жыцьцё. Баварскія радыёжурналісты зрабілі перадачу пра ўкраінцаў-былых вязьняў канцлягераў, якія цяпер атрымліваюць нямецкія грошы ў фондзе ўзаемаразуменьня і прымірэньня – чэргі, пакуты, скаргі, бюракратыя… і раптам блісьне дасьціпная крыўда старой сялянкі, дакумэнты якой ніяк ня знойдуць у мюнхенскім архіве: “Як лістоўку ў мяне ў 43-м, дык гестапаўцы з сабакам за 10 хвілінаў знайшлі, а цяпер даведку ўжо тры гады шукаюць…”

Гераіня праграмы нарвэскай журналісткі Карэн Гестхамэр 57-гадовая Эва, прастытутка з Осла. Яна прадае сэкс-паслугі нарвэскім мужчынам ужо 42 гады і карыстаецца попытам – нават цяпер у працягу дня мае да 10 кліентаў. На выхадныя Эва ад’яжджае ў іншы горад – да мужа. Эва – дачка нарвэжкі і немца, нарадзілася падчас нацысцкай акупацыі Нарвэгіі ў вясковай мясцовасьці, дзе яна і маці, як і ў падобных сытуацыях у беларускіх вёсках, спазналі ўвесь ціск грамадзкай думкі. У 14 гадоў Эва ўцякла ў Осла і з таго часу займаецца прастытуцыяй і задаволеная жыцьцём. У яе былі, пералічае яна, усе маркі эўрапейскіх машынаў апроч савецкай “Лады”, яна згадвае 70-я гады па міні-спадніцах, а 80-я па высокіх шпільках. “Я адчувала сябе як Эйфэлева вежа,” – кажа Эва.

Умова конкурсу “Прыз Эўропа 2001” – праграмы павінны былі быць зробленыя і павінны былі выйсьці ў эфір сёлета ў першай палове году. Нягледзячы на календарныя патрабаваньнпі, часам узьнікала ўражаньне, што галасы гучаць з далёкага мінулага. У інтэрвію ВВС Урал Латыпаў, тады яшчэ дзяржсакратар Рады бясьпекі Беларусі, адказвае на пытаньне, ці за Віктарам Ганчаром сачылі. “У мяне няма інфармацыі, ці за ім сачылі, ці не сачылі, і ўжо на зьніклых няма афіцыйнай інфармацыі”. “Дык ці дзяржава мае дачыненьне да іх зьнікненьня?” – настойліва пытаецца журналіст ВВС. “Так, зразумела, – робіць Латыпаў тыповую для замежніка памылку: адказвае станоўча на адмоўнае пытаньне, пацьвярджаючы яго, але пасьля дадае, – няма доказаў, што дзяржава брала ўдзел у іх зьнікненьні”. Нарвэская прастытутка Эва адразу расказала будучаму мужу пра сваю прафэсію, і яны цалкам шчасьлівыя ў сваім жыцьці. “Пляны на будучае? У мяне яшчэ пытаюцца, ці няма ў мяне старэйшай сяброўкі. Так што думаю заставацца ў бізнэсе да 65-ці гадоў,” – сьмяецца Эва. Шчырасьць як раскоша наўрад ці даступная ўсемагутным беларускім чыноўнікам. І гэта таксама радыё, якое робіцца і гучыць сёньня ў Эўропе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG