Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЯРХОЎНЫ САВЕТ 13-ГА СКЛІКАНЬНЯ ПАЎНАМОЦНЫ ДА ТАГО ЧАСУ, ПАКУЛЬ НЯ БУДЗЕ АБРАНЫ ВЯРХОЎНЫ САВЕТ-14


Юры Сьвірко, Менск

Прадстаўнікі "Нацыянальнага сходу" сьцьвярджаюць адваротнае. Вярхоўны Савет таксама будзе пераконваць Эўропу, што ягоныя паўнамоцтвы сёлета ня скончыліся.

Вярнуўшыся з Партугаліі, дзе на мінулым тыдні адбылося паседжаньне Сталага камітэту Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ, старшыня камісіі міжнародных справаў і нацыянальнае бясьпекі гэтак званага Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, што дэлегацыя Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня больш ня будзе прадстаўленая ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ды ня будзе нават запрашацца на паседжаньні гэтай асамблеі.

Паводле спадара Чаргінца, гэтае рашэньне афіцыйна агучыў у сваёй прамове старшыня Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын. Аднак я меў магчымасьць слухаць гэтую прамову на партугальскім паседжаньні, і вось яе фрагмэнт:

(Севярын: ) "Я абавязкова хацеў бы і спадзяюся, вы мяне падтрымаеце, на гэтай стадыі мець рабочыя стасункі з тымі, хто актыўны на палітычным полі Беларусі. І вядома, што датычыць іхных мандатаў, мы зьбіраемся прыняць нашыя рашэньні наступным разам", — заявіў Адрыян Севярын, маючы на ўвазе наступную сэсію Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ ў Вене ў лютым наступнага году. Толькі тады й будзе вырашацца пытаньне пра беларускі мандат у гэтай асамблеі.

Прызначаны ў Савет Рэспублікі адмысловым Лукашэнкавым указам Мікалай Чаргінец назваў у Менску блефам заяву кіраўніка дэлегацыі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня ў Партугаліі Анатоля Лябедзькі пра тое, што прадстаўнікі беларускае апазыцыі атрымалі статус назіральніка ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Але старшыня гэтай асамблеі Адрыян Севярын выкарыстаў менавіта слова "назіральнік" і пацьвердзіў, што будзе й надалей запрашаць на паседжаньні беларускую апазыцыю:

(Севярын: ) "Спрабуючы працягваць прасоўваньне дыялёгу паміж палітычнымі сіламі ў Беларусі ды сябрамі нашае Асамблеі, я наважаны і надалей запрашаць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якія не зьвязаныя з урадам або парлямэнтам, быць прысутнымі на нашых паседжаньнях назіральнікамі і дзяліцца сваімі поглядамі на сытуацыю ў Беларусі зь сябрамі нашае Асамблеі", — заявіў спадар Севярын, які таксама сказаў, што мандат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня скончыўся ў студзені 2001 году ды што гэты парлямэнт двойчы ня быў прызнаны Сталым каміэтам Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ. Але Адрыян Севярын дадаў:

(Севярын: ) "Парлямэнцкія прадстаўнікі зь беларускага Нацыянальнага сходу, абранага ў кастрычніку 2000 году, таксама не былі прызнаныя гэтым Сталым камітэтам цягам ягоных двух апошніх паседжаньняў".

Такім чынам, спадар Севярын заявіў, што гэтак званы Нацыянальны сход абраны ў кастрычніку 2000-га, а мандат Вярхоўнага Савету скончыўся ў студзені наступнага, 2001 году.

Гэта значыць, што Нацыянальны сход быў абраны незаконна, таму ён і не прадстаўлены ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Да таго ж дэлегацыя Вярхоўнага Савету ў Партугаліі зьвярнула ўвагу на іншую супярэчнасьць у датах: калі пагадзіцца, што мандат 13-га скліканьня скончыўся ў студзені 1996 году, дык атрымліваецца, што Вярхоўны Савет папярэдняга, 12-га скліканьня, працаваў больш як 6 гадоў — з 1990 да 1996-га.

Дэпутат абодвух скліканьняў Анатоль Лябедзька нагадвае, што ёсьць рашэньне законнага Канстытуцыйнага суду пра тое, што Вярхоўны Савет мусіць дзейнічаць аж да абраньня новага свайго складу. З гэтым судовым рашэньнем у 1995 годзе пагадзіўся нават Аляксандар Лукашэнка, які спрабаваў абвесьціць парлямэнт на чале зь Мечыславам Грыбам незаконным.

Паводле спадара Лябедзькі, ніводная эўрапейская структура згаданае рашэньне Канстытуцыйнага суду не аспрэчвае. Таму пытаньне пра паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету адкрытае, і яго зноў будуць абмяркоўваць у лютым наступнага году ў Вене.

Мікалай Чаргінец з гэтак званага Савету Рэспублікі сьцьвярджае, што сяброўства Нацыянальнага сходу будзе ў лютым адноўленае. А вось меркаваньне намесьніка старшыні Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ ад Украіны Ігара Осташа:

(Осташ: ) "Я думаю, што, хутчэй за ўсё, сяброўства ня будзе адноўленае — нават у лютым. Але мы будзем шукаць формы супрацоўніцтва, каб знаходзіць шляхі паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі — напрыклад, паляпшэньня заканадаўства, у тым ліку й выбарчага. Відавочна, ня будзе поўнага статусу дэлегацыі Беларусі. Будзе, мажліва, статус назіральніка або запрошанага госьця".

XS
SM
MD
LG