Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АД НАСТУПУ НА ПОЎНАЧЫ АФГАНІСТАНУ ЗАЛЕЖЫЦЬ, ЦІ ЗАХАВАЮЦЬ УЛАДУ ТАЛІБЫ


Радыё Свабода.

(Дзятліковіч: ) “Ёсьць яшчэ адзін аспэкт у сёньняшняга афганскага канфлікту. Напрыклад, у размове з журналістамі міністар замежных справаў Афганістану спадар Абдула афіцыйна папрасіў больш не называць Паўночны альянс Паўночным альянсам. Ён сказаў, што зараз Паўночны альянс мусіць называцца Аб’яднаным фронтам, таму што гэта ня нейкая антыталібская апазыцыя, як ён сказаў, а гэта войскі законнага ўраду Афганістану, гэта войскі, якія падпарадкоўваюцца законнаму прэзыдэнту Афганістана спадару Рабані. Менавіта гэтага прэзыдэнта і гэты ўрад прызнае ўся міжнародная супольнасьць, і менавіта гэты ўрад мае прадстаўніцтва ў ААН. Таму Абдула сказаў, што баі з талібамі вядзе ня нейкі Паўночны альянс, але ўрадавыя войскі Афганістану”.

(Радкевіч: ) “Віктар, а ці насамрэч можнга лічыць, што гэта аб’яднаны фронт?”

(Дзятліковіч: ) “Я лічу, што – не. Дакладней кажучы, сытуацыя вымагае казаць, што – не. Вайна тут ідзе на некалькіх тэрыторыях. Тут няма адзінай тэрыторыі, вайну на якой вядзе Паўночны альянс, і таму вось наступ, які распачаўся на гарады Мазары-Шарыф і Талукан, насамрэч мае на мэце аб’яднаць гэтыя раёны, што кантралююцца Паўночным альянсам. Бо сытуацыя тут нагадвае пірог – 50 кілямэтраў кантралюе Паўночны альянс, потым 70 – талібы, потым ізноў 40 кілямэтраў кантралююць паўночнікі, а тады зноў 50 – талібы. І вось наступ Паўночнага альянсу мае на мэце аб’яднаньне гэтых тэрыторыяў. Галоўная задача – аб’яднаўшы гэтыя тэрыторыі, захапіць усю поўнач Афганістану, і тады ўжо з гэтых захопленых тэрыторыяў можна будзе распачынаць наступ ня толькі на Кабул, але і на ўсе цэнтральныя правінцыі Афганістану”.

(Радкевіч: ) “Наколькі верагодна, што гэты плян спрацуе, наколькі вялікі патэнцыял у антыталібаўскіх сілаў ці, калі казаць цяпер ужо інакш, у сілаў Аб’яднанага фронту?”

(Дзятліковіч: ) “Як гэты плян спрацуе, пакуль што невядома. Аддзелы Дустума пачалі наступ на Мазары-шарыф месяц таму і з таго часу наблізіліся на 60-70 кілямэтраў, калі адлічваць ад тых пазыцыяў, зь якіх яны пачыналі. Зараз Паўночны альянс мае на мэце паскорыць гэты наступ, бо праходжаньне за месяц 60 кілямэтраў яны лічаць неэфэктыўным. Наколькі плян атрымаецца выканаць, цяжка сказаць, таму што талібы, нягледзячы на ўсю інфармацыю пра іх пярэпалах і пра вялікае дэзэртырства, насамрэч войскі талібаў трымаюцца. У Мазары-Шарыфе войскі талібаў налічваюць 8-10 тысячаў, у Кундузе 5-6 тысячаў, у Талукане 3-4 тысячы – гэта досыць моцныя групоўкі. Зараз праблема Паўночнага альянсу ў тым, каб пераламіць супраціў гэтых груповак. Фактычна наступ альянсу на поўначы вызначыць, якім будзе наступ на ўсе астатнія тэрыторыі, што кантралююцца талібамі. Калі ж наступ Паўночнага альянсу скончыцца нічым, ня будзе мець выніку, дык відавочна, што талібы захаваюць уладу ў Афганістане”.


XS
SM
MD
LG