Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПЭРАЦЫЯ АДПЛАТЫ Ў АФГАНІСТАНЕ ПРАЦЯГВАЕЦЦА


Юры Дракахруст, Прага

Учора канвэрт з узбуджальнікамі хваробы прыйшоў у вашынгтонскі офіс лідэра дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Томаса Дашлі. Пра гэты выпадак было адразу ж паведамлена прэзыдэнту Бушу.

(Буш: ) “Я толькі што размаўляў з лідэрам сэнацкай большасьці Томам Дашлі. На ягонае імя прыйшоў ліст, і гэты ліст утрымліваў узбуджальнік сібірскай язвы. Ліст быў правераны і супрацоўнікі, якія прынялі ліст, прайшлі дасьледваньне”.

Сэнатар Дашлі з гэтай нагоды заявіў:

(Дашлі: ) “Сэнат і Кангрэс ня спыняць працу. Мы працягваем працаваць”.

Сёньня авіяцыя ЗША працягвае наносіць удары па базах тэрарыстаў і ваенных аб’ектах талібаў у Афганістане. Сёньня ўдары былі нанесеныя па Кабуле. У горадзе разбураная сыстэма энэргазабесьпячэньня. Упершыню ў апэрацыі выкарыстоўваліся цяжкія штурмавікі Эй-Сі 130.
Амэрыканская авіяцыя раскідвае над Афганістанам улёткі з тлумачэньнем, што Амэрыка не вядзе вайну з афганскім народам. Міністар абароны ЗША Рамсфэльд кажа:

(Рамсфэльд: ) “Я ўпэўнены, што шмат, калі ня большасьць, афганцаў ня хочуць мець нічога агульнага з Талібанам, які ператварыў краіну ў базу тэрарыстаў, зь якой гэтыя тэрарысты нападаюць на астатні сьвет, у той час як афганцы галадуюць і пакутуюць”.

У Ісьлямабадзе прайшлі перамовы дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэла з прэзыдэнтам Пакістану Мушарафам. Пакістан – адзіная краіна, якая падтрымлівае дыпляматычныя адносіны з рэжымам талібаў. Палітыка генэрала Мушарафа падтрымкі антытэрарыстычнай кааліцыі сутыкаецца з апазыцыяй унутры краіны. Падчас прэсавай канфэрэнцыі па выніках візыту Паўэла прэзыдэнт Пакістану заявіў.

(Мушараф: ) “Зразумела, што большасьць людзей супраць ваеннай апэрацыі ў Афганістане. Яны хочуць, каб яна скончылася як мага хутчэй і таму я заклікаю кааліцыю дасягнуць ваенанй мэты і скончыць апэрацыю”.

Колін Паўэл патлумачыў, што і ЗША ня маюць намеру зацягваць апэрацыю.

(Паўэл: ) “Мы хацелі б, каб ваеная акцыя была па магчымасьці кароткаю. У нас няма жаданьня працягваць яе пасьля дасягненьня мэты. Як сказаў прэзыдэнт, яна мусіць працягвацца дакладна такі час, які неабходны для дасягненьня мэты”.

Нягледзячы на супраціў ягонай палітыцы унутры краіны, прэзыдэнт Пакістану упэўнены ў магчымасьці кантраляваць сытуацыю.

(Мушараф: ) “Большасьць народу Пакістану падтрымлівае мой урад”.

Завіў прэзыдэнт Пакістану Пэрвэз Мушарраф.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG