Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУШАРАФ, НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА ПРАТЭСТЫ Ў КРАІНЕ, АБЯЦАЕ ЗША ПАДТРЫМКУ ПАКІСТАНУ


Радыё Свабода.

За візытам Паўэла сочыць наш калега Сяргей Шупа.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, як мы ведаем, у Пакістане адбываюцца масавыя пратэсты супраць амэрыканскай апэрацыі ў Афганістане. Ці паўплывалі янына візыт Паўэла і на афіцыйную пакістанскую пазыцыю?”

(Шупа: ) “Прэзыдэнт Пакістану Пэрвэз Мушараф заявіў у аўторак, што ягоная краіна будзе супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі ў іх ваенных апэрацыях у Афганістане аж пакуль яны ня будуць даведзеныя да канца.

Выступаючы на супольнай канфэрэнцыі зь дзяржаўным сакратаром Злучаных Штатаў Колінам Паўэлам, Мушараф сказаў, што Пакістан будзе безумоўна надалей выконваць свае абавязаньні што да абмену выведнай інфармацыяй, дазволу ўжываньня сваёй паветранай прасторы і матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі.

«Мы безумоўна будзем супрацоўнічаць столькі, колькі будзе працягвацца апэрацыя», - сказаў Мушараф.

Разам з тым, Мушараф выказаў спадзяваньне на тое, што апэрацыя ў Афганістане будзе кароткая – з гэтым пагадзіўся і Паўэл. Аднак, як зазначыў Паўэл, прэзыдэнт Буш сказаў, што антытэрарыстычная кампанія ў Афганістане працягнецца столькі, колькі спатрэбіцца для дасягненьня яе мэты”.

(Ціхановіч: ) “Паўэл правёў у Пакістане цэлы дзень. Што было дасягнута на перамовах у Ісьлямабадзе”?

(Шупа: ) “Паўэл сказаў, што ён задаволены перамовамі ў Ісьлямабадзе, якія паклалі «надзейны падмурак» пад трывалыя амэрыканска-пакістанскія дачыненьні. Паўэл сказаў, што, вярнуўшыся ў Вашынгтон, ён выступіць з сур’ёзнай прапановай да адміністрацыі ў справе аблягчэньня пакістанскай запазычанасьці – галоўнай мэты ўраду Мушарафа.

Абодва – і Мушараф і Паўэл – заклікалі да стварэньня ў Афганістане ўраду шырокай кааліцыі, які мае прыйсьці на зьмену талібам. Як зазначыў Паўэл, Афганістану патрэбны ўрад, які будзе прымаць уцекачоў, а не ствараць іх са сваіх грамадзянаў.

Паўэл выказаў гатовасьць дапамагчы Пакістану і Індыі вырашыць іхную спрэчку вакол Кашміру. Ён падкрэсьліў неабходнасьць дыялёгу і, відавочна каб спадабацца пакістанцам, дадаў, што спрэчка мусіць быць вырашаная ў адпаведнасьці з жаданьнямі народу Кашміру”.

(Ціхановіч: ) “ Дарэчы, якраз падчас візыту Паўэла ў Кашміры адбыліся новыя сутычкі паміж Індыяй і Пакістанам. Ці закраналая там гэтая тэма?”

(Шупа: ) “Падчас візыту Паўэл ня згадваў пра індыйскія напады на пакістанскія пазыцыі ў Кашміры, якія адбыліся за гадзіну да ягонага прылёту ў Ісьлямабад.

Індыйскія аддзелы абстралялі зь мінамётаў і ракетаў пакістанскія пазыцыі – каб пакараць Пакістан за падтрымку іслямісцкіх паўстанцаў у спрэчнай правінцыі. Пакістан цьвердзіць, што Індыя адмаўляе ў праве на самавызначэньне населенаму пераважна мусульманамі Кашміру, які пакуль што застаецца пад індыйскім кантролем”.

(Ціхановіч: ) “Якраз так сталася, што пасьля Пакістану Паўэл накіраваўся ў Індыю...”

(Шупа: ) “Правёўшы дзень у Пакістане, Колін Паўэл сёньня па абедзе прыехаў у Індыю, дзе вядома ж уважліва сачылі за ягоным візытам у варожай да Індыі дзяржаве.

І вось, Індыя выказала сваю нязгоду з выказваньнямі Паўэла пра тое, што спрэчка вакол Кашміру – гэта галоўная праблема дачыненьняў Індыі з Пакістанам. Прэсавы сакратар Міністэрства Замежных Справаў Нірупама Рао сказала журналістам, што праблема – ня сам Кашмір, а, як яна выказалася, падтрымваны Пакістанам «тэрарызм» у гэтай правінцыі. А міністар абароны Індыі Джордж Фэрнандэс заявіў, што Індыя будзе працягваць карныя акцыі супраць кашмірскіх паўстанцаў. Гэтая заявы былі зробленыя літаральна перад самым прылётам Паўэла ў Нью-Дэлі.

Сёньня Паўэл плянуе сустрэцца зь міністрам замежных справаў Індыі Джасвантам Сінгхам, а заўтра – з прэм’ер-міністрам краіны Аталам Бігары Ваджпаі. Па ўсім відаць, перамовы будуць няпростыя, іх бясспрэчна ўскладняць як апошнія падзеі ў Кашміры, гэтак і Паўэлавы камэнтары ў Ісьлямабадзе”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG