Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ТАКОЕ СІБІРСКАЯ ЯЗВА?


Мікола Іваноў, Прага

З гэткімі ды іншымі пытаньнямі да вядомых спэцыялістаў біёлягаў зьвярнулася карэспандэнтка нашай радыёстанцыі Кэтлін Нокс.

У ЗША на сёньня зарэгістравана 12 выпадкаў інфікаваньня сібірскай язвай, але толькі адна асоба (журналіст з Флорыды) захварэла і памёрла. На думку міністра аховы здароў’я ЗША Томі Томсана, усё гэта вынікі бія-тэрарызму. Аднак, ніводная тэрарыстычная арганізацыя, у тым ліку Аль Каіда Усамы бін Лядэна, не ўзяла на сябе адказнасць за гэтыя акты.

Экспэрты біёлягі сьцьвярджаюць, што хаця пагроза біо-тэрарызму існуе, яна не такая небяспечная. Па-першае, сібірская язва НЕ заразная. Яе цяжка распаўсюджваць такім чынам, каб яна інфікавала адразу шмат людзей.

Сібірская язва мае тры формы захворваньня. Першая і найбольш распаўсюджаная – гэта скураная сібірская язва, якую звычайна выкрываюць у людзей, якія працуюць з жывёламі. Мікробы пранікаюць у скуру праз дробныя парэзы і ранкі і выклікаюць на скуры выразныя чорныя балячкі.

Другі спосаб заразіцца сібірскай язвай – зьесьці інфікаванае мяса і захварэць на страўнікавую форму сібірскай язвы.

І трэцяя форма язвы – гэта расьпіратарная. Менавіта яна выклікала сьмерць флорыдзкага журналіста. Гэта найбольш небясьпечная форма хваробы і сустракаецца яна вельмі рэдка. Апошні выпадак падобнага захворваньня здарыўся ў ЗША пад канец 70-х гадоў.

Алістар Хэй, прафэсар таксыкалёгіі Лідзкага ўнівэрсытэту, які спэцыялізуецца ў вывучэньні хімічнай і біялягічнай вайны, лічыць:

(Хэй: ) “Ня ў кожнага, хто мае дачыненьне зь мікробамі сібірскай язвы, разьвіваецца хвароба. Мікробы спачатку павінны пранікнуць у цела праз скуру, страўнік альбо праз легкія. Патрэбная таксама адпаведная колькасьць мікробаў перад тым, як нехта будзе інфікаваны, бактэрыі пачнуць некантралявана памнажацца і вытвараць таксіны. Імунная сыстэма арганізму чалавека ў стане процідзеяць малой колькасьці мікробаў, і толькі калі ёй даводзіцца змагацца зь вялікай колькасьцю бактэрыяў, разьвіваецца клінічная форма сібірскай язвы”.

На думку прафэсара Хэя, у сувязі з гэткай спэцыфікай сібірскай язвы немагчымае заражэньне адразу вялікай колькасьці асобаў. Хэй гаворыць:

(Хэй: ) “Цяжкасць для таго, хто хацеў распаўсюдзіць сібірскую язву паветраным шляхам, палягае ў тым, што трэба распаўсюджваць мікробы з дапамогай аэразолю такім чынам, каб мікробы трапілі ў лёгкія і захаваліся там. Гэтага ня так лёгка дасягнуць, таму, што вытворчасць падобнага аэразолю складаная. На маю думку, малапраўдападобна, каб магла выбухнуць эпідэмія сібірскай язвы. Найлепшым спосабам было б стварыць мікробы сібірскай язвы ў аэразольнай форме і пазьней распыляць іх над горадам з дапамогай самалётаў. Але малапраўдападобна, каб такое магло здарыцца. Людзі ня маюць доступу да паветранай прасторы, не гаворачы ўжо пра тэхналёгію, неабходную для эфэктыўнага распыленьня гэтай формы аэразолю”.

Адно з найбольш распаўсюджаных пытаньняў, якія сёньня людзі па ўсім сьвеце задаюць: якім чынам тэрарысты маглі атрымаць доступ да бактэрыяў сібірскай язвы? Алісон Дэйл, экспэрт у галіне біялягічнай і хімічнай вайны Лёнданскага Цэнтру ваенных даследваньняў, лічыць:

(Дэйл: ) “Калі мы шукаем тэрарыстычную групу, якая стіць за гэтым, дык яна павінна мець адпаведныя веды ў галіне біятэхналёгіі, павінна ведаць, як здабыць прыродныя бактэрыі сібірскай язвы і захаваць іх у адпаведных экалягічных варунках. Гэта ня простая праца. І таму трэба шукаць групу, якая адначасова мае час, дасвьедчаньні і сродкі, каб набыць патрэбнае абсталяваньне дзеля захаваньня мікробаў сібірскай язвы ў неабходных варунках, каб пазьней перапрацаваць іх і распаўсюдзіць альбо з дапамогай аэразолю альбо з дапамогай пошты. Так як гэта здарылася ў Амэрыцы”.

Бальшыня экспэртаў біятэхнолягаў таксама лічыць, што пагроза для здароў’я чалавека з боку сібірскай язвы невялікая ў параўнаньні з такімі заняткамі чалавека, як язда на машыне, загар на сонцы і курэньне.


XS
SM
MD
LG