Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЕМ МІНІМАЛЬНЫХ ЗАРОБКАЎ ШТРАФУ НЕЗАЛЕЖНАМУ НАЗІРАЛЬНІКУ Ў БЕРАСЬЦІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Рыгора Варвашэвiча, якi ёсьць назіральнiкам ад праваабарончага цэнтру "Вясна", мiлiцыянты затрымалi ўвечары 9 верасьня. У той час спадар Варвашэвiч спрабаваў трапiць на выбарчы ўчастак №11, дзе ўжо адбываўся падлiк галасоў.

У складзеным пратаколе берасьцейскага назiральнiка абвiнавацiлi ў тым, што ён перашкаджаў дзейнасьцi сяброў выбарчай камiсii i не падпарадкоўваўся патрабаваньням супрацоўнiкаў мiлiцыi. Як вынiкае з пратаколу, каб трапiць на выбарчы ўчастак Рыгор Варвашэвiч павiнен быў дачакацца запрашэньня ад кiраўнiцтва камiсii.

Падчас сёньняшняга паседжаньня ўчастковы iнспэктар Анатоль Сьцепанюк пацьвердзiў высновы сваiх мiлiцэйскiх калегаў i нечакана абвiнавацiў спадара Варвашэвiча ў яшчэ адным парушэньнi закону. Нiбыта падчас красавiцкiх давыбараў у "палату прадстаўнiкоў" Рыгор Варвашэвiч скраў на адным з участкаў скрыню для галасаваньня. Нiякiх пацьверджаньняў гэтага абвiнавачаньня з вуснаў мiлiцыянта не прагучала.

Нягледзячы на хiсткасьць доказаў з боку супрацоўнiкаў мiлiцыi, судзьдзя Алег Мiранюк абвесьцiў, што падчас прэзыдэнцкiх выбараў спадар Варвашэвiч парушыў закон. Паводле рашэньня суду ён пакараны штрафам на 7 мiнiмальных заробкаў (альбо 52 тысячы 500 рублёў).

XS
SM
MD
LG