Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЮЗНЫ КАНСТЫТУЦЫЙНЫ АКТ ПРАДУГЛЕДЖВАЕ, ШТО АБАРОННУЮ Й ПАМЕЖНУЮ ПАЛІТЫКУ БУДЗЕ ВЫЗНАЧАЦЬ ТОЛЬКІ САЮЗНАЯ ДЗЯРЖАВА


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня ўдзень у беларускім Доме ўраду пачалося паседжаньне экспэртна-аналітычнае рады гэтак званага Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі й Расеі. Хаця ў гэтай афіцыйнай назве дагэтуль прысутнічае слова "саюз", экспэрты ўжо заклапочаныя Канстытуцыйным актам Саюзнае дзяржавы.

З Масквы ў Менск прыехалі распрацоўшчыкі праекту гэтага дакумэнту, адзін зь якіх — Аляксей Аўтаномаў з расейскага Інстытуту дзяржавы й права — паскардзіўся на сёньняшнім паседжаньні, што дагэтуль не прыйшлі да адзінай думкі наконт паўнамоцтваў саюзных структураў.

Спадара Аўтаномава вельмі непакоіць, што гэтыя супольныя паўнамоцтвы апісаныя досыць абстрактна. Але ён супакоіў прысутных тым, што ў Расеі таксама ёсьць фэдэральны ўзровень ды суб'екты фэдэрацыі. Паводле Аляксея Аўтаномава, супольная кампэтэнцыя — гэта як будаваць плот: "адзін габлюе дошкі, другі прыбівае, трэці фарбуе".

Прадстаўнікам прэсы праект Канстытуцыйнага акту сёньня не раздавалі, але мне пашанцавала гэты дакумэнт дастаць і пачытаць. Убачыўшы гэта, прысутная карэспандэнтка газэты "Советская Белоруссия" Людміла Масьлюкова пачала ўголас абурацца, што ёй праекту не далі. Але кіраўнік паседжаньня старшыня камітэту расейскае Думы Барыс Пастухоў заявіў ёй, што балбатаць на мерапрыемствах нельга, а Канстытуцыйны акт увогуле прэсе паказваць ня трэба. Спадар Пастухоў дадаў, што не баіцца стаць ворагам свабоды слова і выставіў журналістаў за дзьверы.

Спадарыня Масьлюкова паехала ў сваю рэдакцыю, а незалежныя журналісты ўсё ж атрымалі ад супрацоўнікаў "палаты прадстаўнікоў" таямнічы праект.

Першая глава, "Мэты Саюзнае дзяржавы", з гэтага праекту Канстытуцыйнага акту ўжо выключаная, таму дакумэнт пачынаецца адразу з 3-га артыкулу: "Саюзная дзяржава ствараецца на аснове дабраахвотнага аб'яднаньня Расейскае Фэдэрацыі й Рэспублікі Беларусь і адкрытая для далучэньня да яе іншых дзяржаваў".

Наступны артыкул праекту сьцьвярджае, што Беларусь і Расея ёсьць раўнапраўнымі суб'ектамі Саюзнае дзяржавы, кожны зь якіх захоўвае свой канстытуцыйны лад. Далей 4-ы артыкул, як у Канстытуцыі СССР, кажа: "Па-за межамі паўнамоцтваў, добраахвотна дэлегаваных Саюзнай дзяржаве, кожны суб'ект Саюзнае дзяржавы захоўвае сувэрэнітэт, незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць і самастойна вырашае пытаньні пра свой дзяржаўны лад, Канстытуцыю, дзяржаўны сьцяг, дзяржаўны герб ды іншыя дзяржаўная сымбалі".

У праекце саюзнага Канстытуцыйнага акту прадугледжваецца яшчэ й прыняцьце пазьней новай Канстытуцыі Саюзнае дзяржавы, аднак далей сьцьвярджаецца, што суб'екты Саюзнае дзяржавы захоўваюць сваё сяброўства ў ААН ды іншых міжнародных арганізацыях.

Паводле праекту, расейска-беларуская саюзная дзяржава мае адзіную валюту, да таго ж "грашовая эмісія ажыцьцяўляецца выключна адзіным эмісійным цэнтрам". 13-ы артыкул вызначае, што дзяржаўнымі мовамі Саюзнае дзяржавы ёсьць дзяржаўныя мовы суб'ектаў гэтае дзяржавы, але далей ідзе наступны сказ: "Справаводзтва ў органах Саюзнае дзяржавы вядзецца на расейскай мове".

Адметна тое, што 22-і артыкул праекту адносіць да выключнай кампэтэнцыі Саюзнае дзяржавы абаронную палітыку, вайсковае будаўніцтва й памежную палітыку. Нагадаю, беларуская Канстытуцыя ў рэдакцыях як 1994, гэтак і 1996 году гарантуе бязьядзернасьць і нэўтральнасьць Рэспублікі Беларусь.

Нягледзячы на дэкляраванае раўнапраўе Беларусі й Расеі, праект Канстытуцыйнага акту вызначае, што саюзная палата прадстаўнікоў складаецца з 75 дэпутатаў ад Расеі ды ўсяго 28 ад Беларусі, а далей кажа, што "пастановы прымаюцца большасьцю галасоў ад агульнай колькасьці дэпутатаў палаты прадстаўнікоў". Гэта значыць, што беларускія прадстаўнікі ў гэтай палаце могуць і не галасаваць — іхныя галасы можна ня ўлічваць. Дарэчы, гэтая частка праекту ўжо выклікала нязгоду дэпутатаў цяперашняе палаты прадстаўнікоў гэтак званага Нацыянальнага сходу Беларусі.

Заканчваецца праект Канстытуцыйнага акту Саюзнае дзяржавы вельмі сымбалічнай фразай: "Зроблена ў горадзе Маскве..."

XS
SM
MD
LG