Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 СУТАК АРЫШТУ ЗА ВОКЛІЧ "МАЗ БЕЛАРУСКІ!" ЛІДЭРУ МАЛАДОГА ФРОНТУ ПАЎЛУ СЕВЯРЫНЦУ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня судзьдзя Заводзкага раённага суду Менску Мікалай Балаўнеў вымушаны быў другі раз разглядаць адміністрацыйную справу Паўла Севярынца.

Першае паседжаньне скончылася тым, што справу вярнулі ў Заводзкае ўпраўленьне ўнутраных справаў, каб міліцыянты перарабілі пратакол. Пры гэтым судзьдзя спаслаўся на Канстытуцыю і паведаміў, што пікеты ды іншыя вулічныя акцыі не забароненыя.

Мала, што супрацоўнікі міліцыі, як гэта засьведчыла апэратыўная стужка, схапілі Паўла на пачатку акцыі, што практычна анулявала доказную базу, дык яны яшчэ забыліся запісаць у пратакол, што ўлады не далі дазволу на правядзеньне пікету.

Сёньня міліцыянты прыйшлі ў суд падрыхтаваныя. Яны засьведчылі, што пра пікет даведаліся з газэты, а не з выканкаму, а таму й палічылі яго несанкцыянаваным.

Павал Севярынец задаў пытаньне намесьніку начальніка міліцыі Заводзкага раёну Віктару Сухенку: "Паводле якіх прыкметаў Вы вырашылі, што ля прахадной аўтазаводу быў менавіта пікет? Ці бачылі Вы плякаты альбо сьцягі?" Адказ міліцыянта расьсьмяшыў усіх прысутных. Віктар Сухенка назваў прыкметай пікету журналістаў з дыктафонамі і відэакамэрамі. І дадаў: "Калі б там быў не пікет, то чаму б там сабраліся журналісты?"

Судзьдзя Мікалай Балаўнеў пагадзіўся зь міліцыянтамі і прызнаў Паўла Севярынца парушальнікам адміністрацыйнага заканадаўства. Вырак — 10 сутак арышту з адбыцьцём пакараньня ў спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна. Вось як пракамэнтаваў гэты прысуд сам лідэр Маладога Фронту:

(Севярынец: ) "Сёньняшні суд паказаў, што рэжым застаўся той жа. Ніяк ён не зьмяніўся пасьля 9 верасьня. Дзесяць сутак можна атрымаць за гучна сказанае: "МАЗ беларускі!" Беларуская дзяржава, якая, здаецца, была б зацікаўленая, каб заводы былі беларускія, за гэта садзіць сваіх грамадзянаў у вязьніцу.

Ну, а сытуацыя анэкдатычная яшчэ й таму, што наша "доблесная" міліцыя хапае людзей да таго, як разгортваюцца розныя пікеты ці дэманстрацыі. Баяцца моладзі, баяцца рабочых. Хаця саміх нашмат болей. Але моладзь мацнейшая. Будзем адстойваць беларускія заводы".

XS
SM
MD
LG