Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕРКАВАНЫ СТРАЙК У БАБРУЙСКУ НЕ АДБЫЎСЯ. ЗАТОЕ СТРАЙКУЮЦЬ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ Ў МАГІЛЁВЕ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Рабочым заводу "Вагапрыбор" выплацілі заробкі за жнівень ды прызначалі новага дырэктара прадпрыемства. Яны лічаць, што змаглі дасягнуць сваіх мэтаў пры дапамозе актыўнасьці ды настойлівасьці чальцоў працоўнага калектыва. Два тыдні таму яны правялі сход, на якім запатрабавалі выплаты заробкаў і кадравых зьменаў.

На іхнае меркаваньне, стары дырэктар Чыстабаеў ня здольны кіраваць заводам і забясьпечыць ягоную нармальную дзейнасьць. Удзельнікі сходу папярэдзілі мясцовыя ўлады і адміністрацыю прадпрыемстваў, што ў іншым выпадку праз два тыдні яны пачнуць бестэрміновы страйк.

Відаць, гэтая пагроза адыграла істотную ролю. Спадара Чыстабаева адправілі на пэнсію, а новым кіраўніком прадпрыемства бабруйская вэртыкаль прызначала Сяргея Трэбуша. Зараз ягоную кандыдатуру ўзгадняюць на розных узроўнях і неўзабаве ён прыступіць да працы.

Назначэньне Сяргея Трэбуша, які працяглы час працаваў на заводзе, выклікала станоўчую рэакцыю рабочых. Яны спадзяюцца, што зь ягонай дапамогай змогуць выйсьці на больш высокія паказчыкі.

Як стала вядома, працаўнікі заводу "Вагапрыбор" поўнасьцю атрымалі заробак за жнівень. Ім паабяцалі па часе выдаць грошы за верасень.

Тым часам, пакуль выконвалі патрабаваньні рабочых Бабруйску, страйкаваць пачалі больш як 100 прадпрымальнікаў магілёўскага аўтарынку. Гэтак яны выявілі пратэст супраць шматлікіх штодзённых праверак кантрольных органаў.

Паводле іхнай інфармацыі, падатковая інспэкцыя, фінансавая міліцыя ды іншыя кантрольныя службы некалькі разоў на дзень наведваюць рынак, спаганяюць грошы і пазбаўляюць магчымасьці нармальна гандляваць. Прадпрымальнікі аўтарынку патрабуюць упарадкаваць праверкі. Гэтыя патрабаваньні яны выклалі ў лістах у абласную пракуратуру ды мясцовы камітэт дзяржаўнага кантролю.

А пакуль што гандаль на гэтым рынку спынены.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG