Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУРАПАТЫ: НАШЧАДКІ КАТАЎ СУПРАЦЬ НАШЧАДКАЎ АХВЯРАЎ


Аляксандар Лукашук, Прага

Улетку 1988 году ў газэце “Літаратура і мастацтва” зьявілася адна з самых значных публікацыяў беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя – артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці”. З таго моманту, ужо 13 гадоў, ідзе барацьба за Курапаты. З аднаго боку – нашчадкі тых, хто расстрэльваў, з другога – нашчадкі тых, каго расстрэльвалі. У публікацыі, якую мужна зьмясьцілі ў сваім выданьні кіраўнікі рэдакцыі Мікола Гіль і Анатоль Вярцінскі, быў яшчэ адзін аўтар – Васіль Быкаў, які напісаў прадмову. Аўтарытэт і вядомасьць Быкава праломвалі сьцяну страху, баранілі аўтараў і газэту і адначасна надавалі публікацыі ўсясьветную значнасьць. Я пазваніў у Франкфурт-на-Майне і папрасіў аўтара прадмовы ўзгадаць, што яго тады ўразіла больш за ўсё ў старонках рукапісу, якія перадаў яму Пазьняк. Гаворыць Васіль Быкаў.

(Быкаў: ) “Канечне, уразіла ня тое, што ў той час – 30-я гады – адбываліся рэпрэсіі і вынішчэньне людзей, бо гэта было агульнавядома. Я якраз у той час на ўласную ініцыятыву займаўся рэабілітацыяй шмат якіх рэпрэсаваных пісьменьнікаў, дзеячоў культуры, меў справу зь Вярхоўным Саветам. Усё гэта было вядома. Не вядома было толькі тое – і гэта было адкрыцьцём Пазьняка і Шмыгалёва – што ў такіх маштабах рэпрэсіі, па сутнасьці – вынішчэньне, адбывалася ў ваколіцах Менску, што ўсё гэта пахавана зусім блізка, за кальцавой дарогай. Вось гэтага ніхто ня ведаў. І вось праз некалькі дзесяцігодзьдзяў тое ўпершыню адкрылася, стала вядома для грамадзкасьці”.

(Лукашук: ) “Васіль Уладзімеравіч, неўзабаве пасьля публікацыі была створаная так званая дзяржаўная камісія ў справе Курапатаў, і ў яе складзе былі прадстаўнікі тагачаснага кіраўніцтва Беларусі, у першую чаргу, партыйнага кіраўніцтва Беларусі, але таксама і ўрадавага. Былі ў яе складзе і Вы. Скажэце, як прадстаўнікі тагачаснай намэнклятуры ўспрымалі сваю працу ў камісіі?”

(Быкаў: ) “Старшынёй камісіі, наколькі я памятаю, была спадарыня Мазанік. Яна тады была віцэ-старшынёй ураду. Адносіны былі ўвогуле насьцярожаныя, бо ўсё ж розныя людзі і па-рознаму да гэтага адносіліся. Я памятаю, што ў гэтую камісію ўваходзілі і генпракурор Тарнаўскі, і таксама старшыня КДБ. Памятаю, аднойчы мы засядалі нават у памяшканьні КДБ, у кабінэце менавіта старшыні КДБ, які нам даказваў, што дакумэнтаў ніякіх няма, усё зьнішчана, і таму нічога, што прасьвятліла б тыя факты, знайсьці немагчыма. Тым ня менш, большасьць камісіі тады прыняла рашэньне пачаць раскопкі, якія і былі распачатыя пад кіраўніцтвам археоляга (як тады гаварылі) Зянона Пазьняка”.

(Лукашук: ) “Васіль Уладзімеравіч, неўзабаве пасьля таго, як праўда пра Курапаты была пацьверджаная, была створаная камісія ў справе ўвекавечаньня памяці ахвяраў рэпрэсіяў, і Вы таксама бралі ўдзел у той камісіі. Маё пытаньне такое – чаму не ўдалося паставіць помнік у Крапатах?”

(Быкаў: ) “Вельмі проста. Па-першае, мяняўся час. Пасьля першага вялікага спалоху камуністы апамяталіся і зразумелі, што яны ня толькі могуць захавацца, але і ўзяць рэванш. Сапраўды тады была створаная камісія пераважна зь дзеячоў мастацтва. Яе ўзначальваў мастак Васіль Шаранговіч. У якасьці прапановы было прадстаўлена ці не 15 праектаў помніка, якія разглядаліся, абмяркоўваліся. Яны былі розныя па мастацкіх якасьцях, але нешта там адабраць можна было. Аднак жа я вельмі хутка зразумеў, што гэты помнік з удзелам прынамсі гэтай камісіі пастаўлены ня будзе. Таму што сама камісія, і асабліва яе старшыня – хоць ён аб гэтым не гаварыў – адчулі на сабе прэсінг партыйнага кіраўніцтва, якое сабатавала гэтае ўвекавечаньне. Для гэтага выкарыстоўваліся розныя сродкі. Найперш сьцьвярджалася, што мастацкія якасьці праектаў недасканалыя, што трэба ўдасканальваць, перарабляць, трэба, маўляў, адкласьці на наступны раз, прычым гэтыя адкладаньні рабіліся ўсё больш доўгімі. І ўрэшце ўсё і пайшло, як вада ў пясок”.

(Лукашук: ) “Апроч камісіяў, пра якія расказвае Васіль Быкаў, існавала яшчэ адна – камісія Вярхоўнага Савету, куды таксама быў абраны і я, як прадстаўнік “Мартыралёгу Беларусі”. У асноўным мы займаліся справамі рэабілітацыі, кампэнсацыяў, ініцыявалі перагляд справаў. Але аднойчы зайшла гаворка пра Курапаты. Напярэдадні я быў у Курапацкім лесе і бачыў сьвежыя кастрышчы, пустыя бутэлькі, бляшанкі і выступіў з прапановай як найхутчэй паставіць агароджу вакол Курапатаў, як гэта звычайна робіцца на вясковых могілках. Ніхто ня быў супраць, пачалі абмяркоўваць дэталі, вырашылі даручыць гэтую справу Васілю Шаранговічу, які таксама быў у той камісіі Вярхоўнага Савету. Тады ён выступіў і сказаў, што спатрэбіцца недзе паўгода – як мінімум месяцы тры, каб распрацаваць прает агароджы. Для мяне гэта быў сапраўдны шок – тры месяцы на тое, што любы вясковы дзядзька зробіць за паўдня!.. Тыя тры месяцы цягнуцца ўжо дзясятак гадоў. Як сёньня Васілю Быкаву бачыцца адказ на пытаньне – хто вінаваты ў тым, што сёньня робіцца з Курапатамі?”

(Быкаў: ) “Найперш, канечне, вінаватая ўлада. Таму што ўлада па сутнасьці сваёй была камуністычная з самага пачатку адкрыцьця Курапатаў і працягвае цяпер быць – яна ня можа пайсьці на прызнаньне злачынстваў камуністычнай улады ў 30-я гады. І гэта нягледзячы на тое, што прадстаўнікі той улады, якія былі ў камісіі афіцыйна, пацьвердзілі факт гэтага ўдзелу ў вынішчэньні людзей. Вядома, напрыклад, што генэральны пракурор Беларусі Тарнаўскі са сьледчымі выдаў у Маскве кніжку пра Курапаты, дзе вельмі дакладна, выкарыстоўваючы вялізны фактычны матэрыял, у тым ліку і вынікі раскопак, і сьведчаньні сьведкаў (нават тых сьведкаў, якія ўдзельнічалі ў расстрэлах – былі і такія!)… гэта ўсё там прыводзілася, – паказаў праўду пра Курапаты. Ну і пасьля ўлады зрабілі выгляд, што нічога гэтага няма, пачалі аспрэчваць сам факт адкрыцьця гэтага злачынства. Тады стала зразумела, што яны ня хочуць прызнаць, прынамсі ўзяць на сябе адказнасьць, бо прыйшлося б адказваць, калі не пэрсанальна, дык Камуністычнай партыі, якая тады кіравала, а таксама ворганам дзяржаўнай бясьпекі – яны адчувалі адказнасьць за свой удзел у гэтым генацыдзе. Таму яны не маглі пагадзіцца, каб прызнаць гэта ўсё. Я ведаю, што тады некаторыя зь сяброў гэтай камісіі выйшлі афіцыйна са скаладу камісіі, надрукавалі свае асобныя меркаваньні, як напрыклад “гераіня” беларускага народу Осіпава, якая першая пачала так бы мовіць гуляць у інтарэсах ворганаў бясьпекі 30-х гадоў і цяперашніх. Ну і некаторыя іншыя… І вось пачалі ствараць новыя камісіі, ініцыяваць новыя раскопкі… Гэта было зроблена для таго, каб праўду пра Курапаты схаваць назаўсёды. Ну а цяпер, як бачым, яе канчаткова закопваюць пад асфальт”.

(Лукашук: ) “Васіль Уладзімеравіч, хіба нас ня можа зьдзівіць пазыцыя беларускіх уладаў – ні мінулых, камуністычных, ні цяперашніх іх спадкаемцаў… Але вось пазыцыя грамадзкасьці – ці ёсьць падставы для папрокаў на адрас беларускай грамадзкасьці?”

(Быкаў: ) “Ну, грамадзкасьць можна папракаць, канечне. Але гэтыя папрокі, як заўсёды, будуць павісаць у паветры. Бо што такое грамадзкасьць? Гэта нешта вельмі няпэўнае… Апроч таго, тут справа яшчэ ў адным моманце, а менавіта ў справе адносінаў грамадзкасьці да Беларускага Народнага Фронту і, у прыватнасьці, да яго лідэра Зянона Пазьняка. Паколькі менаваіта ён быў ініцыятарам адкрыцьця Курапатаў, то яго праціўнікі і палітычныя апанэнты не маглі пагадзіцца на яго авангардную ролю ў гэтай справе. Магчыма, яны хацелі самі ўдзельнічаць у гэтым, або наадварот замаўчаць. Вось яшчэ і гэта далучылася да высьвятленьня гэтай праўды”.

(Лукашук: ) “Што можа азначаць для беларускай нацыі страта Курапатаў?”

(Быкаў: ) “У маральным сэнсе страты ня будзе. Таму што незалежна ад таго, ці будзе ў Курапатах пампэзны ці шыкоўны мэмарыял, ці яны будуць закатаныя пад асфальт, усё-ткі праўда ўжо выйшла з падзямельля, яна жыве і ў гісторыі Беларусі яна ўжо прапісаная навек. Ну але было б вельмі добра, каб гэтая праўда знайшла нейкае матэрыяльнае ўвасабленьне, каб людзі бачылі нейкі знак, сымбаль таго, што там адбывалася ў 30-я гады і задавалі сабе пытаньне – хто вінаваты? Але, відаць, гэтага ня будзе, і ў тым страта для грамадзтва. Але для гісторыі Беларусі яны знойдзеныя і ўпісаныя ў яе, я думаю, навек”.

Кожны сам стварае сабе помнік – будаўніцтва дарогі праз Курапаты стане помнікам і ўладам Беларусі на мяжы стагодзьдзяў. Чым лепшую дарогу яны пабудуюць, тым даўжэй яна будзе нагадваць пра вечную спрэчку ахвяраў і катаў.


XS
SM
MD
LG