Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК У БЕЛАРУСІ ЗЬБІРАЮЦЦА БАРАНІЦЦА АД БАКТЭРЫЯЛЯГІЧНАЙ ПАГРОЗЫ?


Ігар Карней, Менск

Зьяўленьне ў ЗША хворых на сібірскую язву адразу было расцэненае як сплянаваны замах на грамадзянаў Амэрыкі. Спроба высьветліць нейкія падрабязнасьці датычна сьмяротнага вірусу ў Беларусі аказалася з разраду праблематычных.

У адной з установаў інфэкцыйнага профілю наўпрост спаслаліся на ваенную дактрыну: маўляў, бактэрыялягічнай зброі ў краіне няма, а таму ўсялякая інфармацыя пра гэты прадмет непатрэбная.

У Навукова-дасьледчым інстытуце мікрабіялёгіі Міністэрства аховы здароўя распавялі, што менавіта сібірскай язвай тут не займаюцца. Да таго ж дэталёвай гутаркі не атрымалася, бо ўсе супрацоўнікі рыхтаваліся да ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі. Вось што сказаў кіраўнік установы Пётар Рыцік:

(Рыцік: ) "Мы з гэтым арганізмам непасрэдна не працуем, але мы працуем зь іншымі, якія ня меней небясьпечныя. Я калісьці ўдзельнічаў у жэнэўскіх канфэрэнцыях па забароне вакуумнай зброі і да гэтага пытаньня пэўныя адносіны меў, але цягам апошніх пяці-шасьці гадоў выехаць туды магчымасьці не было".

На дзіва больш дасьведчанымі аказаліся ў Рэспубліканскім штабе грамадзянскай абароны. Адзін з супрацоўнікаў ваенізаванага ведамства, Яўген Міцін, не сумняецца: запусьціць вірус, так бы мовіць, "пад заказ", не складае ніякай цяжкасьці. Адносна Беларусі пакуль усё заканчвалася тэарэтычнымі трэніроўкамі.

(Міцін: ) "Адразу ідуць карантынныя мерапрыемствы, найперш абмежавальнага характару. На гэтую зону ўскладаецца асаблівы рэжым: прынамсі, туды не заедзеш і адтуль ня выедзеш.

Што тычыцца спосабаў перадачы — то гэта праз інфэкцыйныя захворваньні жывёлы, грызуноў, людзей нават. Спосаб дастаўкі пераважна кантэйнэрамі, у тым ліку й касэтнымі бомбамі.

Хваробы самыя розныя, вазьмеце СНІД — таксама прынесены аднекуль вірус. Таму гэта ня толькі сібірская язва. Ёсьць і іншыя сьмяротныя захворваньні, выпадкаў мноства".

Адрозна ад хімічнай зброі, якая зьяўляецца распыленым газам рознай канцэнтрацыі, зброя бактэрыялягічная мае на ўвазе кампанэнты жывой прыроды. Таму ў дадзеным выпадку ўжо не патрэбныя вялізныя запасы сьмяротнага газу. Дастаткова адной лябараторнай прабіркі, каб выклікаць паніку на вялізнай тэрыторыі. Вірусы, выведзеныя ў вайсковых лябараторыях, як правіла, надзвычай хутка адаптуюцца да новых умоваў існаваньня.

У Беларусі наступствы бактэрыялягічных аварыяў неістотныя. Можна толькі прыгадаць выпадак на Наваполацкім заводзе бялкова-вітаміннага канцэнтрату. Некалькі гадоў таму менавіта там адбылася сапраўдная тэхнагенная катастрофа, зьвязаная з выкідам атрутных рэчываў у Дзьвіну. Тады на дзясяткі кілямэтраў па цячэньні вымерла ўсё жывое, а наступныя пакаленьні некаторых відаў рыбы набылі зьнешнія ды ўнутраныя мутацыі.

Факты наўмыснага вырошчваньня небясьпечных вірусаў у прабірцы беларускія навукоўцы катэгарычна абвяргаюць.

XS
SM
MD
LG