Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП ПРЭЗЭНТАВАЛА СВАЮ СТРАТЭГІЮ Й ТАКТЫКУ НА БУДУЧЫНЮ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што рэзалюцыя ў справе стратэгіі й тактыкі на будучыню прынятая Нацыянальным камітэтам партыі за аснову. Магчыма, пэўныя нязначныя карэктывы ў гэты дакумэнт можа ўнесьці палітычная рада і зьезд партыі. Рэзалюцыя — даволі вялікі дакумэнт, у якім абазначаныя мэта, асноўныя прынцыпы й напрамкі, шляхі рэалізацыі, а таксама мэханізмы й сродкі рэалізацыі стратэгіі й тактыкі АГП.

Асноўная мэта стратэгіі — гэта зьмена цяперашняй сыстэмы ўлады, а вось у прынцыпах і шляхах рэалізацыі стратэгіі й тактыкі ёсьць новыя элемэнты. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Самае галоўнае, новае ды істотнае — мы закладаем прынцып камбінаванасьці. На сёньняшні дзень нельга сказаць, як будуць разгортвацца падзеі ў Беларусі. Мы, напрыклад, не выключаем, што Аляксандар Рыгоравіч ня зможа прабыць пры ўладзе 5 гадоў.

Гэта залежыць ад многіх фактараў, ад паводзінаў МАЗу, трактарнага заводу, іншых буйных прадпрыемстваў, і ад паводзінаў тых людзей, якія да гэтага ня бралі ўдзелу ў палітычнай барацьбе.

Вельмі важна пачаць перамоўны працэс, асноўны прадмет перамоваў — чатыры ўмовы АБСЭ".

Лідэры АГП лічаць, што ў будучыні Беларусь чакае працяг сыстэмнага крызысу, паглыбленьне расколу грамадзтва адносна палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, рэпрэсіі супраць апазыцыі й г.д. Пры гэтым кіраўнікі партыі адзначаюць, што ва ўладаў няма дакладнай стратэгіі разьвіцьця Беларусі, а замест пасьлядоўнай палітыкі яны будуць манэўраваць паміж рознымі сацыяльнымі й палітычнымі сіламі, паміж Расеяй і Захадам.

У такіх варунках кіраўніцтва АГП лічыць, што стратэгія й тактыка партыі ў адносінах з уладамі павінна вызначацца прынцыповасьцю, прагматызмам і пасьлядоўнасьцю.

З аднога боку, АГП прапануе ўладам сваю праграму эканамічных рэформаў ды будзе ініцыяваць перамовы ў справе выкананьня чатырох умоваў міжнародных структураў. З другога, партыя будзе ладзіць вулічныя акцыі пратэсту, арганізоўваць агітацыйныя ды інфармацыйныя кампаніі супраць цяперашняй улады.

Актывісты АГП будуць таксама актыўна працаваць з насельніцтвам у рэгіёнах, з часткай намэнклятуры, а таксама на міжнароднай арэне. Прадстаўнікі Грамадзянскай партыі зьбіраюцца ўдзельнічаць і ў мясцовых выбарах.

А вось што сказаў лідэр АГП адносна магчымых кааліцыяў зь іншымі палітычнымі сіламі:

(Лябедзька: ) "Кааліцыя ўтвараецца, калі ёсьць аднолькавыя падыходы ў бачаньні стратэгіі й тактыкі. Не выключаю, што канфігурацыя блёкаў будзе мяняцца, і канчаткова на гэтае пытаньне мы зможам адказаць толькі тады, калі пачнецца рэальная палітычная кампанія — выбары".

Лідэры АГП гавораць, што будуць шчыльна супрацоўнічаць з тымі, хто ўяўляе сабой рэальную сілу — гэта найперш БНФ, сацыял-дэмакраты й "Зубр". Хаця будуць трымаць кантакты і зь іншымі партыямі ў фармаце шырокай грамадзянскай кааліцыі.

Заўтра на паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных партыяў, кіраўнікі АГП азнаёмяць з гэтай стратэгіяй і тактыкай сваіх партнэраў па кааліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG