Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС НЯ ВЕДАЕ, ДЗЕ ЖАРНАСЕК І ЎГЛЯНІЦА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле прэсавага сакратара МЗС Паўла Латушкі, у замежнапалітычным ведамстве Беларусі няма зьвестак пра тое, у якіх краінах сьвету знаходзяцца ўцекачы Генадзь Угляніца і Андрэй Жарнасек. Латушка сказаў, што пошукі Ўгляніцы і Жарнасека Міністэрства замежных справаў пачне толькі пасьля запытаў адносна гэтых асобаў з праваахоўчых органаў.

(Латушка: ) "У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам і міжнароднай практыкай, калі Міністэрства замежных справаў Беларусі атрымае просьбы праваахоўчых органаў, адпаведныя запыты праз нашыя амбасады за мяжой будуць накіраваныя ў замежнапалітычныя ведамствы краінаў, дзе могуць знаходзіцца згаданыя асобы. Але на сёньняшні дзень я магу сказаць, што мы не атрымоўвалі такіх запытаў", — сказаў Павал Латушка.

Ён адмовіўся адказваць на пытаньне, ці недастаткова МЗС заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Генадзь Угляніца знаходзіцца ў Нарвэгіі, а Андрэй Жарнасек у ЗША альбо ў Аўстрыі. "Каб зьвяртацца ў гэтыя краіны, нам патрэбныя запыты праваахоўчых органаў", — паўтарыў прэсавы сакратар МЗС.

У выступе мінулай серадой перад дэпутатамі "палаты прадстаўнікоў", Лукашэнка назваў краіны, дзе, паводле ягоных зьвестак, знайшлі прытулак пасьля ўцёкаў зь Беларусі былы чэкіст Генадзь Угляніца і актывіст "Краю" Андрэй Жарнасек. У той жа дзень Угляніца патэлефанаваў дадому і сказаў, што ён у Нарвэгіі.

Былы супрацоўнік КГБ пацьвердзіў праўдзівасьць сваёй ранейшай заявы пра датычнасьць уладаў да зьнікненьня Ганчара й Красоўскага. Угляніца абяцаў неўзабаве патэлефанаваць зноў, але, як кажуць ягоныя сваякі, больш ніякіх зьвестак яны не атрымалі.

Дагэтуль невядома, дзе Андрэй Жарнасек.

XS
SM
MD
LG