Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ Ў ГОМЕЛІ САМЫ ДАРАГІ ХЛЕБ


Казімер Яноўскі , Гомель

Як стала вядома з кампэтэнтных крыніцаў, ва ўправу барацьбы арганізаванай злачыннасьці й карупцыі выклікалі й генэральнага дырэктара "Гомельхлебпраму" Мікалая Пугачова — ён, дарэчы, былы першы сакратар гаркаму КПБ і нядаўні кіраўнік абласной арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай.

Акурат пасьля падтрымкі камуністамі ПКБ на прэзыдэнцкіх выбарах адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі спадар Пугачоў заявіў, што адмаўляецца ўзначальваць рэгіянальную арганізацыю.

Якія пытаньні высьвятлялі міліцыянты ў генэральнага дырэктара "Хлебпраму" камуніста Пугачова, дакладна невядома. Аднак ягоных падначаленых Паўла Кундаса і Алега Елісеева антыкарупцыйная ўправа абвінавачвае ў хабарніцтве і раскраданьні дзяржаўных сродкаў. Распачалі крымінальную справу.

Як вядома, з падачы згаданых адказных асобаў "Гомельхлебпрам" купляў у камэрцыйных структураў за высокі кошт муку, зь якой і выпякалі дарагі хлеб. Падобныя зьдзелкі канфідэнцыйна аплочвалі камэрсанты.

Між тым аблвыканкам вымушаны быў прымаць адмысловыя рашэньні, каб неяк урэгуляваць цэны на хлеб. "Гомельхлебпрам" абавязаны 60% чорнага хлеба выпускаць коштам ня больш як 286 рублёў за бохан. Аднак і пасьля гэтага хлеб на радыяцыйна забруджанай Гомельшчыне на 26 рублёў даражэйшы, чымсьці, напрыклад, на Гарадзеншчыне.

Кошты на 40% так званага заварнага і подавага хлеба наогул адпушчаныя і даходзяць амаль да 500 рублёў за бохан вагою 800 грамаў.

Сёньня ж стала вядома, што блізіцца чарговае падаражэньне хлеба, але ўжо ня ў сувязі з падзеямі ў "Хлебпраме". Урад падвысіў на 20% закупачныя цэны на збожжа, і чыноўнікі ставяць пытаньне перад урадам, каб і кошты на хлеб з мукі новага ўраджаю павялічыліся прыкладна на 15%, прычым адначасна ва ўсіх рэгіёнах краіны.

XS
SM
MD
LG