Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР. СЬВЯТЛАНА ЗАВАДЗКАЯ РЫХТУЕЦЦА ДА ПРАЦЭСУ Ў СПРАВЕ ЗЬНІКНЕНЬНЯ МУЖА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьвятлане Завадзкай на працэсе па справе зьнікненьня ейнага мужа будзе дапамагаць адвакат Ігар Аксёнчык. Зінаіда Ганчар удзячная журналістам праграмы "Совершенно секретно" за фільм пра зьнікненьне апазыцыянэраў, які паказалі на канале НТВ. Тацяна Клімава адзначае, што размовы пра датэрміновае вызваленьне ейнага мужа дэпутата Андрэя Клімава, якія вяліся ў кулюарах улады, скончыліся безвынікова.

Сьвятлана Завадзкая рыхтуецца да працэсу па справе зьнікненьня Зьмітра Завадзкага. Ужо вызначана, што дапамагаць ёй на працэсе будзе адвакат Ігар Аксёнчык, аднак Сьвятлана Завадзкая мяркуе, што трэба хадайнічаць пра допуск яшчэ й грамадзкага прадстаўніка. Хто гэта будзе, яна пакуль ня вырашыла. Сьвятлана лічыць, што абавязкова неабходна дамагчыся ад суду прысутнасьці грамадзкага прадстаўніка, бо працэс можа зацягнуцца і будзе вельмі нэрвовым. І вінаватыя ў гэтым, на думку Завадзкай, улады.

(Завадзкая: ) "Калі сам Лукашэнка заяўляе, што апазыцыя разваліла справу, дык з гэтага выходзіць, што справа разваленая. Тады навошта яе перадавалі ў суд?" — дзівіцца жонка Завадзкага.

Яна мяркуе, што па эпізодзе, які зьвязаны са зьнікненьнем ейнага мужа, няма дастатковых доказаў і віну Ігнатовіча ды ягоных саўдзельнікаў доказаць будзе немагчыма. Сьвятлана перакананая, што калі Ігнатовіч прызнае сябе вінаватым у выкраданьні Зьмітра, гэта будзе азначаць толькі тое, што сьледзтва заключыла зь ім нейкую дамову.

***
У чацьвер у вечаровым эфіры каналу НТВ у праграме "Совершенно секретно" прайшоў сюжэт пра Беларусь. Аўтары дасьледавалі праблему зьнікненьня ў Беларусі вядомых палітыкаў, зьвязваючы гэтую праблему з праўленьнем Аляксандра Лукашэнкі. Зінаіда Ганчар мяркуе, што ў фільме не прагучала нічога, што было б невядома ў Беларусі, але яна ўдзячная стваральнікам праграмы за інтарэс да праблемы зьніклых. Карысным Зінаіда Ганчар лічыць і тое, якой у гэтым фільме выглядала беларуская апазыцыя.

(Ганчар: ) "Паказалі таксама нашу апазыцыю. Паказалі, што адзінае, чаго апазыцыя дамаглася за гэтыя сем гадоў, — гэта дамовілася пра адзінага кандыдата напярэдадні выбараў, але я не выключаю, што гэтае адзінства хутка рассыпецца", — мяркуе жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Зінаіда Ганчар.

***
Між тым, той факт, што праблема зьнікненьня вядомых апазыцыянэраў не існуе ў інфармацыйнай прасторы, мела вынікам інтарэс да яе з боку парлямэнтароў. На гэтым тыдні стала вядома, што слуханьні па гэтай праблеме могуць прайсьці ў Дзяржаўнай Думе Расеі — з адпаведнай ініцыятывай выступілі дэпутаты Саюзу правых сіл.

Паднялі голас і некаторыя дэпутаты Лукашэнкавага парлямэнту, у прыватнасьці, дэпутатка Вольга Абрамава пасьля выступу Лукашэнкі ў "палаце" прапанавала яму стварыць незалежную камісію расьсьледаваньня зьнікненьняў апазыцыянэраў.

Адказ быў звыклы — Лукашэнка спачатку заявіў, што сам думаў пра стварэньне такой камісіі яшчэ да выбараў, але не знайшлося часу. Адначасова ён засьцярог Вольгу Абрамаву ад гэтага кроку і запэўніў, што дасьць загад генэральнаму пракурору азнаёміць яе з матэрыяламі справы пра нейкую нібыта незаконную дзейнасьць Юр'я Захаранкі. "Вы лепш пазнаёмцеся з усімі матэрыяламі і потым рабіце для сябе выснову", — параіў Лукашэнка Абрамавай на ейную ініцыятыву стварыць грамадзкую камісію.

Такім чынам, камісіі яшчэ няма, а імя былога міністра ўнутраных справаў чарговы раз кіраўнік дзяржавы збэсьціў.

***
Пра тое, што вярхоўная ўлада ня вартая даверу, кажа і жонка дэпутата Андрэя Клімава Тацяна. Яна згадвае, як напярэдадні выбараў некаторыя чыноўнікі эўрапейскіх структураў, паверыўшы беларускім уладам, казалі, што Андрэя Клімава неўзабаве выпусьцяць на волю.

Але выбары прайшлі, і пра гэтыя абяцаньні забыліся, — канстатуе Тацяна Клімава, чый муж ужо хутка 4 гады сядзіць у турме паводле сфальшаванага, як лічаць праваабаронцы, абвінавачаньня.

XS
SM
MD
LG