Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСЕЙ КАРОЛЬ: "НЕМАГЧЫМА ЗАСТАВАЦЦА НАМЕСЬНІКАМ У СТАРШЫНІ, З ПАЗЫЦЫЯЙ ЯКОГА НЯ ЗГОДНЫ"


Ягор Маёрчык, Менск

Я зьвязаўся са спадаром Каралём і папрасіў растлумачыць, чым выкліканае ягонае рашэньне і ці будзе гэта мець нейкія наступствы для БСДП у прыватнасьці і для аб'яднанай беларускай апазыцыі ўвогуле.

Што прымусіла Аляксея Караля падаць у адстаўку з пасады намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народнай Грамада)?

(Кароль: ) "Рашэньне было прадыктаванае тым, што немагчыма заставацца намесьнікам у старшыні, з пазыцыяй якога ня згодны. І асабліва з пазыцыяй на пераўтварэньне партыі ў партыю аўтарытарнага тыпу. Зараз гэтая тэндэнцыя ўжо набыла цэласны характар.

І папраўкі ў статут, прапанаваныя да зьезду, па-сутнасьці ліквідуюць унутрыпартыйную дэмакратыю: гэта стварэньне жорсткай цэнтралізаванай вэртыкалі ўнутры партыі. Папраўкі па-сутнасьці забараняюць існаваньне ў партыі груп фракцыяў. Яна спрабуе адмяніць іншадумства ў партыі. Вось гэта і пераўтварае партыю дэмакратычнага тыпу ў партыю аўтарытарнага тыпу".

Ідэйныя разыходжаньні сярод сяброў БСДП існуюць даўно, зь леташніх выбараў у "палату прадстаўнікоў". Тады нават стварылі ўнутрыпартыйную фракцыю "За адзінства", якую і ачольвае Аляксей Кароль. Цяпер палітычныя сымпатыі сяброў партыі (а гэта блізу 2 тысяч чалавек) падзеленыя амаль пароўну. Ці не апынулася арганізацыя на мяжы расколу?

(Кароль: ) "Партыя на мяжы расколу. Ёсьць яшчэ магчымасьць на зьезьдзе празь пераабраньне кіраўніцтва вывесьці на аб'яднаньне на глебе ліквідацыі ўсіх памкненьняў да аўтарытарызму".

Якія наступствы будзе мець адстаўка Аляксея Караля для самой партыі, для фракцыі "За адзінства", а таксама для беларускай апазыцыі? Ці паўплывае гэта на адзінства апазыцыі? Былы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) адказвае:

(Кароль: ) "Калі раскол адбудзецца, то такая частка партыі, якая застанецца са Статкевічам, я думаю, ператворыцца ў маргінальную партыю, дзе будзе панаваць свая мініпартыйная вэртыкаль. Сыдуць з партыі Статкевіча інтэлектуалы. Гэта значыць, што гэтая партыя ня мае будучыні.

Што тычыцца фракцыі — калі на яе базе будзе створаная новая партыя, то для яе магчымае аб'яднаньне партыяў сацыял-дэмакратычнай арыентацыі ў адзіную партыю. Для апазыцыі гэта ня будзе вялікай стратай, таму што галоўнае, у чым было разыходжаньне, — мы стаялі на тым, што трэба ствараць моцную аб'яднаную апазыцыю. Так што пазыцыяй фракцыі было, ёсьць і застанецца стварэньне моцнай аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыі".

Аляксей Кароль чакае, што далейшы лёс Беларускай сацыяй-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і фракцыі "За адзінства" вырашыцца на пазачарговым зьезьдзе 8 і 9 сьнежня.
XS
SM
MD
LG