Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШКОЛЬНІКІ СУПРАЦЬ НАЧАЛЬСТВА


Алег Супрунюк, Берасьце

Школа ў вёсцы Тамашоўка адметная тым, што ў свой час у ёй вучылiся вядомы касманаўт Пётар Клiмук i цяперашнi старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусi Пётар Пракаповiч. Два гады таму абодва выпускнiкi вырашылi падараваць школе па мiкраўтобусу. Пра гэтыя ахвяраваньнi даведалiся берасьцейскiя раённыя ўлады i выдалi загад, каб транспартны сродак, што быў падараваны Пятром Пракаповiчам, перадалi iншай навучальнай установе раёну.

У вуснай форме адмiнiстрацыi Тамашоўскай школы абяцалі, што замест мiкраўтобуса яна атрымае музычную апаратуру. Але дагэтуль апаратура ў школе не зьявiлася. Гаворыць дырэктар Тамашоўскай школы Аляксей Зелянюк:

(Зелянюк: ) "Я ўжо зьвяртаўся шмат разоў да старшынi райвыканакаму, загадчыка, намесьнiка загадчыка — на ўсiх узроўнях толькi абяцалi. А цяпер ужо нават i не абяцаюць".

Вучнi Тамашоўскай школы лiчаць, што кiраўнiцтва раёну падманула адмiнiстрацыю iхнай навучальнай установы. У тым, што вэртыкаль адабрала мiкрааўтобус, яны бачаць парушэньне закону, бо машыну падаравалі менавiта школе, а не раёну.

Загадчык аддзелу адукацыi Берасьцейскага райвыканкаму Юры Iваноў сьцьвярджае, што ўсе транспартныя сродкi, якiя перавозяць школьнiкаў, знаходзяцца на балянсе райвыканкаму. Таму вэртыкаль, маўляў, мае права самастойна вырашаць, як выкарыстоўваць гэтыя машыны. Што да абяцаньняў забясьпечыць школу ў Тамашоўцы музычнай апаратурай — на гэта ў бюджэце раёну грошай няма.

У райвыканкаме таксама гавораць, што Пётар Пракаповiч ведае, што ягоны падарунак зараз не належыць роднай школе, але не выказвае з гэтай нагоды нiякiх прэтэнзiяў. Мясцовыя жыхары тлумачаць гэта тым, што мiкрааўтобус ня быў новы i наўрад цi набыты за асабiстыя грошы галоўнага беларускага банкiра.
XS
SM
MD
LG