Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД У ЛОЕВЕ АДМОВІЎ НЕЗАЛЕЖНАМУ НАЗІРАЛЬНІКУ Ў АДНАЎЛЕНЬНІ НА ПРАЦЫ


Казімер Яноўскі, Лоеў

Сябар Аб'яднанай грамадзянскай партыі, кіраўнік мясцовага клюбу выбарцаў, актывіст грамадзкага аб'яднаньня "Карані" Валер Канаплянік 11 гадоў працаваў у раённым вузьле сувязі паштальёнам суправаджэньня. Ён ня меў ніякіх заўвагаў.

Пры канцы жніўня, калі ішла перадвыбарчая кампанія, спадар Канаплянік суправаджаў пошту ў вёску Малінаўка і на 5 хвілін зайшоў на выбарчы ўчастак. Там пацікавіўся, якія дакумэнты патрэбныя для акрэдытацыі на ўчастку незалежным назіральнікам. Участковая камісія паведаміла пра візыт Канапляніка ў райвыканкам.

На судзе намесьніца начальніка вузла сувязі Інэса Трамбіцкая, што ёй адразу патэлефанавала загадчыца арганізацыйнага аддзелу райвыканкаму Тацяна Верамеенка да запатрабавала разабрацца.

На наступны дзень з абласнога цэнтру ў Лоеў прыехала начальніца аддзелу кадраў Лоеўскай аблпошты Ала Скурко ды вядучы спэцыяліст Сяргей Аўдошкін. Яны й вымусілі Валер'я Канапляніка напісаць заяву пра звальненьне. У іншым выпадку яго думалі звольніць за недавер. І хаця пасьля выхадных Валеры Канаплянік папрасіў ануляваць заяву, адміністрацыя пошты адмовіла яму.

Не знайшоў падставы аднавіць на працы актывіста й суд. Суд стаў на пазыцыю памочніка пракурора Івана Канавальчука, а той заявіў на судзе, што ня бачыць фактаў псыхалягічнага ціску на спадара Канапляніка падчас напісаньня заявы пра звальненьне. На думку Канавальчука, паштальён парушыў службовую інструкцыю — зайшоў у працоўны час на выбарчы ўчастак, да таго ж са службовым пісталетам.

А вось думка старшыні суда Івана Сідарэнкі:

(Сідарэнка: ) "Я хачу сказаць, што была перадвыбарчая кампанія. І калі чалавек — не міліцыянт, а ў цывільнай вопратцы — зайшоў на выбарчы ўчастак узброены, то гэта магло псыхалягічна падзейнічаць на камісію".

Рашэньні суда пра гэта аднак ня згадвае. Тым больш, пад вопраткай Канапляніка ня быў бачны службовы пісталет. Сам Канаплянік вось што кажа:

(Канаплянік: ) "Жыць у такім асяродку немагчыма. Гэткае бяспраўе, брахня, непавага да людзей, якія працуюць, якія шмат гадоў рабілі на гэтае прадпрыемства".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG