Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЁНЬНЯ Ў КУРАПАТАХ БУЛЬДОЗЭР ПАВАЛІЎ ДВА КРЫЖЫ


Радыё Свабода.

(Соусь: ) “Гэта адбылося ўдзень прыкладна а другой гадзіне. Я была сьведкай гэтай падзеі. На другім баку дарогі насупраць лягеру абаронцаў Курапатаў былі ўсталяваныя тры вялікія крыжы. Яшчэ ўчора я бачыла, як паўз іх езьдзіла тэхніка, але іх не карналі. Сёньня ж бульдозэр паехаў на крыжы і паваліў два зь іх. Калі я разам з хлопцамі з Партыі Свабоды і Зубра падыйшла да бульдазэрыста, мы заўважылі, што ён п’яны і ледзь трымаецца на нагах. Там жа знаходзіўся начальнік участку, які паводзіў сябе даволі агрэсіўна. Ён заявіў, што пра спыненьне працаў нічога ня ведае. Потым пад’ехала белая Аўдзі з магілёўскім нумарам 1001 ТР, і зь яе выйшаў нейкі начальнік. На пытаньні, чаму яго падначаленыя прыходзяць на працу п’яныя, ён адказваў, што хто, маўляў, даў вам права кантраляваць мяне і маіх падначаленых. Калі ж я падыйшла і запыталася яго пасаду і імя, ён сказаў, што ён проста выпадкова тут праяжджае і ніякага дачыненьня да дарогі ня мае”.

(Караткевіч: ) “Ці спрыяе надвор’е раскопкам?”

(Соусь: ) “Пакуль што дажджу няма, капаць можна, але ўначы вельмі холадна і людзям тут, відаць, нуччу цяжка. Цяпер тут ля вогнішча 12 чалавек. Яны адзін з двух паваленых крыжоў адрамантавалі і паставілі на месца”.

(Караткевіч: ) “Ці дагэтуль прыходзяць у Курапаты людзі з падтрымкай тым, хто бароніць месца расстрэлаў?”

(Соусь: ) “Так, дагэтуль ідуць людзі. Большасьць зь іх – сяборы КХП БНФ. Кожны зь іх прыходзіць з харчамі, многія дагэтуль нясуць крыжы. Усе гавораць, што заўтра будзе талака і прыйдзе шмат людзей. Дарэчы, пра раскопкі. Яны сёньня працягваліся, але нічога не было знойдзена”.

(Караткевіч: ) “Які настрой у абаронцаў Курапатаў?”

(Соусь: ) “Яны зьбіраюцца стаяць да канца. Настрой даволі аптымістычны. Здаецца, іх не палохаюць маразы. Яны нават не дазваляюць людзям, што выгульваюць сабак, падыходзіць да гэтага месца, ня кажучы ўжо пра будаўнікоў, які спрабавалі зьнесьці крыжы. Дарэчы, будаўнікі некалькі разоў казалі, што на крыжы ня пойдуць. А вось сёньня п’яны пайшоў. Магчыма гэта невыпадкова, што менавіта п’яныя ідуць на крыжы”.

XS
SM
MD
LG