Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАР ДЗЯТЛІКОВІЧ: МІНУЛАЕ НАЧЫ НАВАТ МНЕ ЗА 50 КІЛЯМЭТРАЎ АД КАБУЛУ СТАЛА СТРАШНА


Радыё Свабода.

(Дзятліковіч: ) “Сёньня ноччу амэрыканская авіяцыя нанесла наймацнейшыя ўдары па Кабуле. Мы былі сьведкамі гэтага. Калі раней мы назіралі па некалькі сполахаў за ноч, дык на гэты раз, хоць мы і знаходзімся за 50 кілямэтраў ад сталіцы, мы бачылі сполахі кожную хвіліну цэлую ноч. Нават мне стала страшна, а што ж казаць пра пачуцьці людзей, якія там знаходзіліся? Сёньня амэрыканскія прадстаўнікі заяўляюць, што цалкам зьнішчаны аэрадром Кабулу. Заяўляюць, што былі выкарыстаныя звышмоцныя бомбы, якія зьнішчылі кабульскі камандны пункт пад зямлёй. Апрача таго былі нанесеныя ракетныя ўдары па Кандагары і Мазары-Шарыфе. Талібы заяўляюць, што пры гэтым загінула некалькі дзясяткаў мірных жыхароў, але пацьверджаньняў гэтай інфармацыі пакуль няма”.

(Караткевіч: ) “Ці сапраўды з Кабулу людзі бягуць на тэрыторыю Паўночнага альянсу?”

(Дзятліковіч: ) “Так, такія ўцекачы ёсьць і іх робіцца ўсё больш, але большасьць уцекачоў усё ж рухаецца да мяжы з Пакістанам, бо гэта прасьцей – ня трэба пераходзіць лінію фронту. Таму тых, хто ідзе да паўночнікаў ці ў Паншэрскую цясьніну – значяна менш. Людзі з Кабулу, зь якімі мы гаварылі, кажуць, што там жудасная абстаноўка. Усе дні амэрыканскіх атакаў туды не завозіліся харчы, хутка можа пачацца голад. Апрача таго ўцекачы з Кабулу сьведчаць, што сапраўды ня ўсе амэрыканскія ракеты трапляюць туды, куды нацэленыя, і сапраўды ёсьць ахвяры зь ліку мірнага насельніцтва. Адзінае, што іх ня так шмат, як пра гэта гавораць талібы. Сьведкі кажуць, што дзьве ці тры ракеты трапілі ў жылыя кварталы Кабулу. Але колькі загінула – не вядома. У Кабуле засталіся толькі тыя, каму няма куды ехаць, хто ня мае ні сваякоў, ні грошай”.

(Караткевіч: ) “А як зь пераходам талібаў на бок Паўночнага альянсу?”

(Дзятліковіч: ) “Гэтую інфармацыю мы чуем на працягу апошніх тыдняў. Трэба разумець, што камандзіры тых аддзелаў талібаў, чые атрады сфармаваныя зь мясцовых жыхароў, сапраўды пераходзяць на бок паўночнікаў, калі тыя пасьпяхова наступаюць. Але экспэрты кажуць, што найбольш боездольная частка арміі талібаў, гэта арабскія наёмнікі, а таксама пакістанцы. І вось сярод іх дэзэртырства няма. А вось на кабульскім напрамку фронту з 15 тысяч байцоў талібаў 10-12 тысяч – наёмнікі. Таму нельга казаць пра тое, што калі нехта перабег сюды, дык армія талібаў стала слабей. Апрача таго, шмат да талібаў ідзе і добраахвотнікаў, незадаволеных амэрыканскімі ўдарамі, і таму іх моц ня зьменшылася”.

(Караткевіч: ) “А што наконт наступу Паўночнага альянсу?”

(Дзятліковіч: ) “Немагчыма сказаць, калі пачнецца наступ. Пакуль ідуць лякальныя дзеяньні на розных участках фронту. Усе чакаюць, што наступ пачнецца толькі тады, калі амэрыканцы пачнуць бамбаваць ня толькі тыл талібаў, але і іх перадавыя часткі. Напрыклад, да аэрадрому Баграм, паблізу якога мы знаходзімся, талібы перакінулі значныя сілы з Кабулу, бо на лініі фронту ім больш бясьпечна знаходзіцца. Учора мністар замежных справаў Абдулла сказаў мне, што наступ пачнецца ў бліжэйшыя тыдні – гэта расплывісты тэрмін. А канкрэтных датаў ніхто не называе”.

(Караткевіч: ) “Ці дастаткова бясьпечныя ўмовы створаныя для журналістаў?”

(Дзятліковіч: ) “Нам кажуць, што бясьпечныя. Нам кажуць, што хоць да фронту ўсяго 5-6 кілямэтраў, але нават калі талібы пяройдуць у наступ, дык ёсьць 3-4 эшалёны абароны, і нам сапраўды іх паказвалі, але я думаю, што нам паказвалі ня ўсё. Дзіўна выглядае перадавая паміж Паўночным альянсам і талібамі. Хоць і кажуць паўночнікі, што ў іх шмат схаванай тэхнікі, але на фронце мы бачылі толькі людзей з аўтаматамі і адзінкавыя мінамёты ці нейкі бронетранспартэр. І вось кажуць, што гэтага дастаткова, каб стрымаць наступ талібаў. Яшчэ кажуць, што асноўныя сілы стаяць у тыле, і нас абароняць. Што я скажу? Нам застаецца верыць. Хаця некаторыя заходнія журналісты зьяжджаюць. Напрыклад, нямецкая тэлевізія зьехала, яшчэ некаторыя журналісты, ну а мы застаемся і працуем”.


XS
SM
MD
LG