Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД ПРАПАНУЕ НЕРЭАЛЬНЫЯ ЭКАНАМІЧНЫЯ ПАКАЗЧЫКІ РАЗЬВІЦЬЦЯ БЕЛАРУСІ


Тацяна Каліноўская, Менск

Урад прагназуе эканамічны рост 7%, інфляцыю ўсяго толькі 20%, падвышэньне сярэдняга заробку да 120 даляраў, зьніжэньне падаткаў і рост інвэстыцыяў. Незалежныя эканамісты лічаць, што гэта нерэальна.

Незалежныя назіральнікі лічаць гэты прагноз невыканальным найперш таму, што ў эканоміцы ня створаныя ўмовы для эканамічнага росту на здаровай аснове.

Гаворыць кандыдат эканамічных навук Валеры Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) "Абсалютна незразумела, на аснове чаго адбудзецца такі бурны рост эканомікі: 5–6%, калі ў сёлета 2–3%. Урад, відаць, ня цалкам усьведамляе тую праблему, якая стаіць перад беларускай эканомікай, і якая заключаецца ў захаваньні жорсткай грашовай палітыкі ды падтрымцы тэмпаў росту.

Калі яны хочуць зьменшыць інфляцыю да 1–2% на месяц, яны павінны паменшыць крэдытную эмісію. У гэтай сытуацыі ўзьнікне пытаньне — коштам чаго будзе дасягнуты рэальны эканамічны рост? Калі сёлета колькасьць стратных прадпрыемстваў павялічылася ўдвая пры нязначна больш жорсткай крэдытна-грашовай палітыцы, то ў наступным годзе яна павінна патроіцца".

Валеры Дашкевіч зазначае, што выхад на прагназаваны рост сукупнага ўнутранага прадукту і станоўчы гандлёвы балянс таксама выклікае сумненьні — найперш з прычыны неканкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў на расейскім рынку. У такіх умовах утрымаць бюджэт ня ўдасца, і ўрад вымушаны будзе пайсьці на грашовую эмісію. У выніку ня будзе вытрыманы і паказчык інфляцыі.

Ці магчымае ў такіх умовах падвышэньне сярэдняга заробку да 120 даляраў? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да аглядальніка газэты "Белорусский рынок" Канстанціна Скуратовіча.

(Скуратовіча: ) "Адназначна — не. Пра гэта сьведчыць запазычанасьць па заработнай плаце, якая зьявілася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Яна вырасла за тыдзень у 15 разоў! Прамысловыя прадпрыемствы, якія бралі крэдыты на выплату заработнай платы, зараз стаяць перад неабходнасьцю вяртаць тыя крэдыты. Таму да новага году (можа, каб не было ўжо так змрочна адразу пасьля выбараў) банкі, магчыма, будуць дазваляць гэтыя крэдыты браць. Але калі праблему не рашыць увогуле, то гэта створыць такі сьнежны камяк, які пакоціцца і выкліча лавіну, што створыць абвал усёй фінансавай сыстэмы".

Канстанцін Скуратовіч лічыць, што немагчыма і павялічыць экспарт зь Беларусі. Па-першае, сёлета ён ужо скараціўся, і значная частка прадукцыі апынулася на складах. Беларускія тавары ўжо зараз мала папулярныя на рынку Расеі, і ў выпадку падвышэньня заробкаў наагул страцяць канкурэнтаздольнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG