Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦУКРОВАЯ ВАЙНА ПАМІЖ БЕЛАРУСЬСЮ І ЎКРАІНАЙ


Міхал Стэльмак, Менск

Як паведамілі сёньня нашаму радыё ў Міністэрстве эканомікі Ўкраіны, рашэньне пра выключэньне цукру з рэжыму свабоднага гандлю паміж дзьвюма краінамі афіцыйны Кіеў прыняў 10 кастрычніка.

Паводле тлумачэньняў украінскіх чыноўнікаў, гэткае рашэньне справакавалі дзеяньні беларускага боку. Як высьветлілася, ініцыявалі пастанову кабінэту міністраў Украіны ўкраінскія вытворцы цукру. Чаму? Вось што адказаў на гэтае пытаньне па тэлефоне з Кіева кіраўнік сэктару эканомікі аб'яднаньня "Ўкраінскі цукар" Іван Дзембак:

(Дзембак: ) "Чаму? Таму што ваш цукар-сырэц колькасьцю прыблізна 150 тысяч тон рэалізоўваўся на ўкраінскім рынку. Гэты цукар зьявіўся на ўкраінскім рынку сёлета. З той прычыны, што цукар-сырэц значна таньнейшы за бураковы, яго прадавалі па дэмпінгавых коштах.

Паводле нашых зьвестак, тона цукру ў Беларусі каштуе недзе каля 300 даляраў. У той жа час ва Ўкраіне тона яго нашмат даражэйшая — больш за 400 даляраў. Атрымлівалася, што калі вы завозілі свой цукар, то прадавалі яго ніжэй за наш кошт".

Паводле статыстычных зьвестак, штогадовыя патрэбы Беларусі складаюць каля 350 тысяч тонаў цукру. Між тым, уласны выраб і імпарт пераўзыходзяць гэтыя патрэбы. Цукровы бізнэс стаў апошнія гады ў Беларусі прыбытковым заняткам. Рэч у тым, што пастаўшчыкі цукру-сырцу тут працуюць на льготных умовах, паколькі іх падтрымлівае ўлада.

Галоўны ж пастаўшчык — фірма кіраўніцтва справаў прэзыдэнта "Белая Русь". Сёлета, паводле ўказаньняў Аляксандра Лукашэнкі, ёй даручана імпартаваць 200 тысяч тонаў цукру-сырцу. Ільготны падатковы і мытны рэжым дапамагаюць атрымліваць танную прадукцыю. Як вынік, яны насычаюць ёю ня толькі беларускі рынак, але й рынкі Расеі ды Ўкраіны.

Відавочна, такая палітыка абурыла Ўкраіну з прычыны пагрозы ейным эканамічным інтарэсам. Так, у прыватнасьці, лічыць прадстаўнік "Укрцукру" Іван Дзембак.

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, гэта вельмі адбіваецца на працы цукровай прамысловасьці Ўкраіны?"

(Дзембак: ) "Так. Хаця б таму, што ў нас устаноўленыя мінімальныя цэны на цукар пастановай кабінэту міністраў. Мы свой рынак рэгулюем для рэалізацыі свайго бураковага цукру".

(Карэспандэнт: ) "Колькі цукровых прадпрыемстваў ва Ўкраіне?"

(Дзембак: ) "Сёлета плянавалі запусьціць 156 прадпрыемстваў".

(Карэспандэнт: ) "А колькі яны вырабляюць цукру?"

(Дзембак: ) "Дзесьці 1 500–1 600 тысяч тонаў".

(Карэспандэнт: ) "А колькі наагул спажывае цукру рынак?"

(Дзембак: ) "1 800 тысяч тонаў".

(Карэспандэнт: ) "І скажыце, калі ласка, ці доўга будзе дзейнічаць такая пастанова? Як вы мяркуеце?"

(Дзембак: ) "Я лічу, што яна павінна дзейнічаць заўжды", — заявіў нашаму радыё прадстаўнік аб'яднаньня "Ўкраінскі цукар" Іван Дзембак.

Афіцыйны Менск пакуль аніяк не адрэагаваў на рашэньне Ўкраіны. Як вядома, 16 кастрычніка Кіеў мае намер наведаць зь першым рабочым візытам новы беларускі прэм'ер Генадзь Навіцкі. І ня выключана, што беларускі бок спрабуе пазьбегчы скандалу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG