Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ІСНУЕ Ў БЕЛАРУСІ ПАГРОЗА ХІМІЧНАЙ ЦІ БАКТЭРЫЯЛЯГІЧНАЙ АТАКІ?


Ігар Карней, Менск

Хімічныя лябараторыі, а таксама галіновыя прадпрыемствы стаяць у гэтым шэрагу разам з атамнымі электрастанцыямі.

Самая масавая атака з прымяненьнем хімічных злучэньняў адбылася ў часе Першай усясьветнай вайны. Тады ад газавага атручваньня пакутліва паміралі тысячы салдатаў Антанты. Зь цягам часу выкарыстаньне хімічнай зброі было забароненае як надзвычай антыгуманнай, але небясьпека хімічнага атручваньня застаецца дагэтуль. Камэнтуе сытуацыю былы міністар абароны Беларусі Павел Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "У Беларусі ні хімічнай, ні бактэрыялягічнай зброі ніколі не было. Іншая справа, што былі пэўныя кампанэнты — прыкладам, ракетнага паліва.

Але трэба мець на ўвазе, што ў Беларусі вельмі сур'ёзная хімічная прамысловасьць, і кампанэнты менавіта гэтай прамысловасьці могуць быць выкарыстаныя ў мэтах тэрарыстычных. Прыкладам, падарваць запасы хімічных рэагентаў гарадзенскага "Азоту".

Калі я быў камандуючым у Горадні, існаваў адмысловы плян грамадзянскай абароны на выпадак уцечкі газу. Гэта не хімічная зброя, але кампанэнты вельмі небясьпечныя для здароўя. Дастаткова звычайнага выбуховага прыстасаваньня, і газ пойдзе..."

(Карэспандэнт ) "Ня кажучы ўжо пра самалёт, які можа сюды ўпасьці".

(Казлоўскі: ) "Натуральна. Будзе вялікая ўцечка газу, і ўсю Горадню можна такім чынам накрыць".

Статыстыка сьведчыць: усе буйныя аварыі апошняга часу на вытворчасьці прыходзяцца менавіта на аб’екты хімічнай галіны. Менавіта з гэтай прычыны многія заходнія краіны адмовіліся ад разьмяшчэньня на сваіх тэрыторыях шкодных вытворчасьцяў. Тым больш, што набываць гатовую прадукцыю ў трэціх краінах, накшталт Беларусі, значна больш выгадна.

Самым небясьпечным з гледзішча тэхнагенных аварыяў лічыцца Магілёў. Вялізная колькасьць прадпрыемстваў ("Хімвалакно", "Завод сынтэтычных валокнаў", "Магілёўтрансмаш", "МОАЗ" і г.д.) сканцэнтраваная непасрэдна ў горадзе. Любое надзвычайнае здарэньне тоіць у сабе небясьпеку для вялізнай колькасьці людзей.

Міністар па надзвычайных сытуацыях Валеры Астапаў у тэлефоннай размове са мной у гэтым кантэксце асабліва вылучыў наваполацкі "Палімір", у вытворчым працэсе якога ўжываецца сінільная кісьліна. Дадаюць занепакоенасьці састарэлыя камунікацыі, знос якіх зараз складае больш за 80%.

Сам Наваполацк па ступені канцэнтрацыі падобных аб’ектаў апярэджвае нават Магілёў. Розьніца толькі ў тым, што наваполацкія заводы вынесеныя за гарадзкія межы. Але пажоўклае яшчэ з чэрвеня лісьце сьведчыць пра стан паветра над горадам. Даўно ўжо забаронена купацца на значнай тэрыторыі вакол раней прыгаданага гарадзенскага "Азоту".

Ня лепшае становішча абапал бабруйскай " Белшыны": асноўная сыравіна для корду — капралактам — адрозьніваецца надзвычайнай атрутнасьцю. У бязьветранае надвор’е над заводамі "Хімвалакна" ў Магілёве, Горадні, Сьветлагорску, а таксама над хімзаводам ў Гомелі навісае шчыльная каляровая заслона з прадуктаў перапрацоўкі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG