Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛЕГ ВОЎЧАК: ХУТКА АД УГЛЯНІЦЫ І ЖАРНАСЕКА ТРЭБА ЧАКАЦЬ НОВАЙ ІНФАРМАЦЫІ Ў СПРАВЕ ГАНЧАРА І КРАСОЎСКАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Алег Воўчак абвяргае зьвесткі пра датычнасьць праваабарончых арганізацыяў да ўцёкаў зь Беларусі былога супрацоўніка КГБ Угляніцы і актывіста "Краю" Жарнасека.

Паводле Воўчака, Генадзь Угляніца і Андрэй Жарнасек дзейнічалі на сваю рызыку, а ў Эўропу выяжджалі праз адну з краінаў Сярэдняй Азіі.

(Воўчак: ) "Хутчэй за ўсё яны дзейнічалі самастойна, праз Маскву і адну з краінаў Сярэдняй Азіі. Ім сапраўды давялося шмат часу прабыць у Маскве, але наўрад ці таму, што расейцаў вагаліся, ці пускаць іх далей.

Тое, што зараз Лукашэнка абураецца пазыцыяй расейцаў, якія не затрымалі Ўгляніцу і Жарнасека, гэта дзіўна. Бо ўсім юрыстам зразумела, што затрымаць некага магчыма толькі ў выпадку прад'яўленьня абвінавачаньня паводле крымінальнай справы, а такіх прэтэнзіяў да Ўгляніцы і Жарнасека няма, і затрымліваць іх не было за што", — мяркуе Алег Воўчак.

Ён лічыць рашэньне Ўгляніцы і Жарнасека шукаць прытулку на Захадзе цалкам зразумелым, улічваючы тую небясьпеку, у якой яны апынуліся пасьля агалошваньня вынікаў незалежнага расьсьледаваньня зьнікненьня Ганчара і Красоўскага.

Тое, што яны дагэтуль ня выступілі з новымі зьвесткамі расьсьледаваньня, Воўчак таксама тлумачыць меркаваньнямі бясьпекі. Але ён упэўнены, што хутка ад Угляніцы і Жарнасека варта чакаць новых цікавых заяваў.

XS
SM
MD
LG