Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СКАНДАЛЬНЫЯ АБВІНАВАЧАНЬНІ ВЫСУНУТЫЯ КАМІТЭТАМ ДЗЯРЖКАНТРОЛЮ СУПРАЦЬ ГАРАДЗКОЙ ВЭРТЫКАЛІ Ў БЕРАСЬЦІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Скандальныя зьвесткi пра парушэньнi заканадаўства кiраўнiкамі Берасьця былi абвешчаныя падчас учорашняй калегii абласнога Камiтэту дзяржаўнага кантролю.

У даведцы, якая была падрыхтаваная да гэтага паседжаньня, у прыватнасьцi адзначаецца, што ў гарвыканкаме iснуюць значныя праблемы з арганiзацыяй працы падведамасных структураў. Рашэньнi мясцовай вэртыкалi iгнаруюцца i пазбаўленыя кантролю. З гэтага спэцыялiсты Дзяржкантролю робяць выснову, "што гарвыканкам ня можа кiраваць працэсамi, якiя адбываюцца ў горадзе".

Сур'ёзныя абвiнавачаньнi на адрас берасьцейскiх уладаў былi высунутыя пасьля праверак, што праводзiлiся кантралёрамi апошнiм часам. Гэтыя праверкi тычылiся будаўнiцтва жыльля ў горадзе, выкарыстаньня дзяржаўнай маёмасьцi, добраўпарадкаваньня вулiцаў, арганiзацыi гарадзкiх пасажырскiх перавозак. Як сьведчаць дадзеныя праверак, выяўлена шмат фактаў парушэньня заканадаўства, а дзяржаве нанесеныя страты на больш як 130 тысяч амэрыканскiх даляраў.

Калегiя абласнога Дзяржкантролю таксама зьвярнула ўвагу на тое, што кiраўнiцтва Берасьцейскага гарвыканкаму фактычна iгнаруе вынiкi падобных праверак. Нiводзiн з чыноўнiкаў мясцовай вэртыкалi, якi мае дачыненьне да парушэньняў закону, ня быў прыцягнуты да адказнасьцi. Гэта дае падставы кантралёрам заявiць, што ў гарвыканкаме "ствараецца спрыяльная глеба для злоўжываньняў".

Варта адзначыць, што калегiю Камiтэту дзяржаўнага кантролю Берасьцейскай вобласьцi па гэтым пытаньнi спачатку плянавалі правесьцi за зачыненымi дзьвярыма. Але журналiстам усё ж дазволiлi прысутнiчаць у залі паседжаньня. Мяркуючы па ўсiм, зроблена гэта было невыпадкова.

Ёсьць падставы лiчыць, што Берасьцейскi гарвыканкам, якi на працягу апошнiх шасьцi гадоў узначальвае Генадзь Масько, чакаюць кадравыя зьмены. Дарэчы, нiхто зь першых асобаў гарадзкой улады на паседжаньне калегii Дзяржкантролю не зьявiўся.

XS
SM
MD
LG