Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЭНСАЦЫЯ Ў СЛАЎГАРАДЗЕ: 10 МІЛІЦЫЯНТАЎ ПАСКАРДЗІЛІСЯ Ў ГЕЛЬСЫНСКІ КАМІТЭТ НА СВАЙГО НАЧАЛЬНІКА


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Як заявіў Уладзімер Краўчанка, міліцыянты спрабуюць аднавіць справядлівасьць у сваіх шэрагах пры дапамозе праваабарончых арганізацыяў. Паводле меркаваньня ініцыятара звароту, аўтарытарны стыль іхнага кіраўніка Анатоля Балдышэўскага дрэнна ўплывае на рэпутацыю органу ўнутраных справаў.

На сустрэчы з спадаром Краўчанкам міліцыянты, якія не захацелі называць свае імёны для прэсы, назвалі восем фактаў злоўжываньня службовым становішчам з боку начальніка Слаўгарадзкага раённага аддзелу ўнутраных справаў. Паводле іхнай інфармацыі, у Слаўгарадзкім раённым аддзеле ўнутраных справаў прысвойваюцца грашовыя прэміі да ўтойваюцца ад статыстыкі асобныя злачынствы. Міліцыянты спадзяюцца, што Гельсынскі камітэт дапаможа ім абараніць іхныя правы.

Адметна, што знаёмства незадаволеных міліцыянтаў і кіраўніка магілёўскіх праваабаронцаў адбылося не без дапамогі таго ж Балдышэўскага. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў начальнік раённай міліцыі ініцыяваў судовы працэс супраць спадара Краўчанкі.

Як ужо паведамляла Радыё Свабода, у Краўчанкавай машыне знайшлі выданьні з фрагмэнтамі праграмаў Аляксандра Лукашэнкі ды Ўладзімера Ганчарыка, пасьля чаго абвінавацілі ў правядзеньні агітацыі ў дзень выбараў. Аднак 11 верасьня суд цалкам апраўдаў праваабаронцу.

Вось як пракамэнтаваў дзеяньні гэтых міліцыянтаў старшыня магілёўскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Ўладзімер Краўчанка: "Іхны зварот у камітэт — сьведчаньне таго, што яны ня вераць прадстаўнікам пракуратуры, ня вераць уласным начальнікам, якія ня ў стане абараніць іхныя правы".

XS
SM
MD
LG