Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ БЫКАЎ: НА БЕЛАРУСКІМ СТЭНДЗЕ КНІЖНАГА КІРМАШУ Ў ФРАНКФУРЦЕ ЗДАЛЁК ВІДАЦЬ ПАРТРЭТ АДНАГО ВЕЛЬМІ ЗНАЁМАГА ЧАЛАВЕКА…


Радыё Свабода.

(Быкаў: ) “Сёлета гэтая дзея адбываецца пры надзвычайных мерах асьцярогі. Па-першае, прапускаюць туды праз аўтаматыку з магнітнымі карткамі. Абавязкова падлягае дагляду ўвесь багаж. Кірмаш адбываецца пад эгідай Грэцыі – найбольш прадстаўленыя грэцкія выдавецтвы і грэцкая літаратура; натуральна, на розных мовах, але вырабленая ў Грэцыі. У наступным годзе будзе дамінаваць Латвія, а ў 2003 годзе – Расея. Ну а беларускі год яшчэ ня вызначаны.

Шмат розных фірмаў прадстаўлены ў вялізным бы аэрапорт павілёне, сярод якіх вылучаюцца памерамі сваіх стэндаў чэскія выдаўцы, вугорскія і, натуральна, грэцкія. Расейскія таксама шмат прадстаўленыя. Беларускі аддзел, можа быць, самы сьціплы – на ўзроўні Альбаніі: невялічкі закуток, дзе на палічках стаяць некалькі кніжак мастацкай літаратуры, але найбольш прадстаўленая дзіцячая літаратура. Самая вялікая адметнасьць у тым, што на гэтым стэндзе здалёк відаць партрэт аднаго вельмі знаёмага чалавека – прэзыдэнта Беларусі. Нідзе, на ніводным стэндзе – а я абыйшоў увесь кірамаш – няма такой экспазыцыі з партрэтам, як у Беларусі. Можна падумаць, што ён адзіны на ўсю Эўропу…

Наведнікаў вельмі мала. Па тых вузкіх праходах-калідорах праходзяць толькі дзе-нідзе. Гэта зразумела, таму што чалавечая сьвядомасьць сёлета захопленная іншым.

Учора ў павілёне, дзе раней было вар’етэ, былі літаратурныя чытаньні. У тым ліку і я чытаў зь перакладчыкам мае прыпавесьці і таксама ўрывак з аповесьці “Абэліск”. Пасьля чытаньня мне былі зададзеныя пытаньні”.

(Караткевіч: ) “А якія былі пытаньні адносна Беларусі? Наколькі публіка, што прысутнічала на чытаньнях, інфармаваная пра тое, што адбываецца? Бо нямецкі ж друк зараз шмат піша пра Беларусь”.

(Быкаў: ) “Я адчуў, што публіка даволі мала інфармаваная. Я заўважыў, што прыкладна адна траціна з прысутных была рускамоўная – гэта значыць людзі, якія прыехалі пераважна з Расеі – яны, канечне, выдатна разумелі становішча, ну і часта, як гэта бывае на такіх імпрэзах, яны спрабавалі вызначыць адносіны аўтара да тых ці іншых палітычных асобаў або тых ці іншых рэжымаў. Там удзельнічалі некаторыя маскоўскія літаратары, яны цікавіліся некаторымі чыста літаратурнымі пытаньнямі, скажам, маімі адносінамі да нямецкай літаратуры або станам нямецкай мастацкай літаратуры цяпер, многіх цікавіла, чаму я, беларускі пісьменьнік, знаходжуся ў Нямеччыне і зь якой нагоды я тут ужо другі год”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG