Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЭКС-СЭНАТАР СЭМ НАН ВЫСТУПІЎ ЗА ЗБЛІЖЭНЬНЕ ЗША І РАСЕІ


Віталь Цыганкоў, Прага

“Мы павінны разумець, што зьмянілася пасьля 11 верасьня, а што – не. Зьмянілася найперш адчуваньне небясьпекі тэрарызму. Раней большасьць амэрыканцаў не магла ўявіць падобныя тэракты. Зараз яны ведаюць, што здольнасьць тэрарыстаў забіваць абмяжоўваецца толькі магутнасьцю іхнай зброі.

Не зьмянілася тое, што па-ранейшаму найбольш відавочная і значная небясьпека для Амэрыкі – гэта пагроза ўжываньня ядзернай, біялягічнай ды хімічнай зброі. Пытаньне ў тым, ці гатовыя мы процістаяць тэрарызму і атакам з выкарыстаньнем зброі масавага зьнішчэньня,” – піша былы сэнатар Сэм Нан у артыкуле, які называецца “Далей больш бясьпечны сьвет, дзе Амэрыка і Расея разам”.

На працягу паўстагодзьдзя людзі ў сьвеце жылі пад пагрозай ядзернага канфлікту, працягвае аўтар, але канец халоднай вайны ня стаў канцом гэтай пагрозы. Пагроза вайны з былым Савецкім Саюзам амаль зьнікла, але іншыя пагрозы памножыліся і сталі больш комплекснымі і небясьпечнымі. У сёньняшнім сьвеце няма ніякага сэнсу для ЗША і Расеі захоўваць сваю бясьпеку толькі на здольнасьці распачаць ядзерную атаку з тысячамі боегаловак. Пагрозы часоў халоднай вайны павялічваліся ў залежнасьці ад моцы Савецкага Саюзу. Сёньняшнія пагрозы – выпадковыя запускі, рызыка патрапленьня зброі ды тэхналёгіі ў дрэнныя рукі – якраз робяцца больш небясьпечнымі з-за слабасьці Расеі.

Прэзыдэнты Джордж Буш і Ўладзімер Пуцін хутка сустрэнуцца ў Тэхасе. Яны павінны выкарыстаць гэтую нагоду і гарантаваць, што ядзерная, хімічная ды бактэрыялягічная зброя знаходзіцца ў бясьпецы і пад ўзаемным кантролем.

“Зрабіце пэўным, – зьвяртаецца Сэм Нан да прэзыдэнтаў Расеі і ЗША, – што зброя масавага зьнішчэньня не патрапіць у рукі краінаў-ізгояў і тэрарыстаў. Гэта мусіць быць прыярытэтам. Але калі гэта прыярытэт, чаму гэта не адлюстроўваецца ў намаганьнях ды інвэстыцыях? Хіба нашыя сябры ў Азіі ды Эўропе не падзяляюць гэтыя выдаткі з намі? Калі не, то чаму не? – задае пытаньні Сэм Нан, і працягвае. – Я лічу, што два прэзыдэнты павінны даць загад распрацаваць такія зьмены ў ядзерных сілах абедзьвюх дзяржаваў, якія зьменшаць да нуля рызыку выпадковых запускаў і павялічыць час для прыняцьця рашэньняў кожнаму прэзыдэнту”.

Такі загад павінен падкрэсьліць жаданьне ЗША і Расеі пакінуць свае ядзерныя сілы максымальна практычнымі і ўзгодненымі з нацыянальнымі інтарэсамі.

Калі ЗША і Расея пачнуць працаваць разам як партнэры ў процістаяньні тэрору і заахвоцяць іншых далучыцца да гэтай кааліцыі, сьвет стане зусім іншым для нашых дзяцей і ўнукаў. Мы стаім перад вялікім выклікам, але і перад гістарычнай магчымасьцю. Мы павінны не ўпусьціць яе, – піша былы амэрыканскі сэнатар Сэм Нан у газэце Intеrnational Herald Tribune.

XS
SM
MD
LG